Гістарычная персона ў сацыяльных сетках

Навошта пост Багдановіча ў фэйсбуку??

Ствараючы з дапамогай сімулятара гэты пост ад імя паэта, чый юбілей мы з вамі нядаўна адсвяткавалі, маем на мэце:

  • удасканаліць уласныя медыяінфармацыйныя кампетэнцыі (карыстальніка сацыяльных сетак, пошуку і праверкі крыніц інфармацыі, стваральніка медыятэкстаў і г.д.);
  • максімальна выкарыстастаць пры гэтым змест вучэбнага прадмета;
  • прапанаваць вучням у прывабнай сеткавай абгортцы "цукерачку" -- сітуацыю, у якой ім нельга разабрацца без адпаведных ведаў па гісторыі і літаратуры...

Як гэта працуе?

Вучні, аналізуючы гэты пост ад імя Багдановіча, засяродзяцца на персаналіях, якія яго адкаментавалі. Ці магло нешта падобнае адбыцца ў тагачасных рэаліях? З кім мог ліставацца паэт?

Пасля пошуку і параўнання інфармацыі з розных крыніц па біяграфіям персаналій вучні будуць ведаць, што Максім Багдановіч актыўна камунікаваў з братамі Луцкевічамі, разам з Якубам Коласам і Янкам Купалам удзельнічаў у перакладчыцкім праекце, супрацоўнічаў з "Нашай Нівай", якая цяпер квітнее як сучаснае і незалежнае медыя!

Вучні абавязкова спраўдзяць інфармацыю пра тое, што на мануфактурах па вытворчасці паясоў працавалі выключна мужчыны, а Багдановіч напісаў свой знакаміты верш "Слуцкія ткачыхі" пасля наведвання ў Вільні музея братоў Луцкевічаў.

Папрацаваўшы з нікам Мацей Бурачок (псеўданімам Францішка Багушэвіча), вучні дакажуць, што ён не мог ліставацца з Максімам Багдановічам (памёр значна раней). Ім прыйдзеццца працаваць з улікам алгарытмаў сацыяльных сетак (засяродзяцца на на фэйкавым акаўнце персоны пад нікам Мацей Бурачок, на пытанні персанальных дадзеных у інтэрнэце і г.д.)

Як гэта зроблена?

Для таго, каб стварыць гэты медыятэкст трэба папрацаваць з сэрвісам, які стварае фэйсбук- і твітэрсімуляцыі

http://simitator.com/generator/facebook

Са скрыншоту экрана камп'ютара зразумела, што сэрвіс-сімулятар вельмі просты: дастаткова загрузіць фота і паслядоўна ўвесьці тэксты каментароў, выбраць колькасць лайкаў і інш. Звяртаю увагу, што ў вучэбных мэтах лепш не рабіць пост публічным, а зрабіць яго скрыншот (ці выразаць ножніцамі са скрыншоту экрана - Ctrl+ PrintSkreen).

Чаму Багушэвіч выглядае як рокер, Колас - у вышымайцы, а Багдановіч ... Што паведамляе фота?

Падчас работы з "пастом Багдановіча" вучні абавязкова зацікавяцца фота. Хто і чаму гэтак нетрадыцыйна паглядзеў на класікаў беларускай літаратуры, выбітных дзеячоў беларускай гісторыі? А як іх бачаць самі вучні ў якасці нашых сучаснікаў? Чаму?

Крыніца фота: выдатны праект "Падарожнікі ў часе" фатографа Аляксандра Перагудава

https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=415514648628026&id=100005084832156

Гісторыя і літаратура праз ... сучасную музыку

Працуючы з "пастом Багдановіча", вучні абавязкова па прапанаваных спасылках пазнаёмяцца з сучаснымі музычнымі творамі на вершы вялікага паэта Максіма Багдановіча. Класік таму і класік, што гучыць сёння! Але чаму так атрымліваецца? Што ў вершах Багдановіча так прываблівае рокераў ці аматараў шансону? Ці можна напісаць рэп-кампазіцыю "Зорка Венера"?

Выдатны праект еўрарадыё да 125-годдзя Максама Багдановіча тут:

http://euroradio.fm/…/prazdnichnyy-pley-list-k-125-letiyu-m…

Напрыканцы: цяпер у прасунутых педагогаў новая мода - замест падрыхтоўкі паведамленняў і прэзентацый з біяграфіяй якога-небудзь юбіляра зрабіць яго старонку ў фэйсбуку ці Вконтакте (можна яе папяровы варыянт). Адразу ўяўляем скарынаўскі профіль у фэйсбуку (сябры і суполкі, кнігі, якія чытаў, музыка, якую слухаў, дзе вучыўся, працаваў, вандраваў...).

Уявілі? Добра папрацаваць!