Чаму пачырванеў

Вадзік?

ЧамуПачырванеўВадзік.mp3

У класе ціха-ціха. У першакласнікаў урок малявання. Учора яны хадзілі з настаўніцай у лес, а сёння Ніна Пятроўна сказала, каб кожны намаляваў тое, што яму найбольш спадабалася ў лесе.

Вадзіку спадабаўся грыб мухамор. А Вадзікава суседка Верачка намалявала рабіну. Яна так захапілася работай, што нават высунула кончык языка. Але вось бяда: не паснела Верачка намаляваць і паловы, як раптам — трах! — зламаўся яе чырвоны аловак.

— Вадзік, дай мне сваю тачылку, у мяне аловак зламаўся, — папрасіла Верачка свайго суседа.

— А дзе твая? — строга запытаў Вадзік.

— У мяне няма.

— Чаму ж ты мне пра гэта ўчора не сказала? Я б табе сваю старую тачылку прынёс. Яна крыху ступілася, але аловак яшчэ затачыць можна. Заўтра я табе яе прынясу.

— Мне трэба зараз, а не заўтра, — пакрыўдзілася Верачка.

— А дзе ж я табе зараз яе вазьму? Яна ж у мяне дома засталася.

— Дык у цябе ж вунь новая тачылка ляжыць, — сказала Верачка.

— Э, не! — пакруціў галавой Вадзік. — Новую я табе не дам. Калі я пачну яе ўсім даваць, дык яна хутка ступіцца, — ён схаваў тачылку ў пенал.

— Жадзіна! — сказала Верачка і заплакала.

— Верачка, чаго ты плачаш? — запыталася настаўніца.

— Мой чырвоны аловак зламаўся... Чым жа я цяпер ягадкі намалюю на сваей рабіне? — усхліпнула Верачка.

Настаўніца абвяла вачыма прыціхлы клас і запытала:

— Дзеці, хто можа даць Верачцы свой чырвоны аловак?

I не паснела яна сказаць гэта, як да Верачкі з усіх бакоў пацягнуліся рукі з алоўкамі. Кожны хацеў дапамагчы Верачцы.

Толькі адзін Вадзік нібы нічога не чуў і не бачыў. Ён нізка схінуўся над сваім сшыткам, а вушы яго раптам зрабіліся чырвоныя-чырвоныя.