Цудадзейныя

лекі

ЦудоўныяЛекі.mp3

Жылі-былі брацік і сястрычка — Стах і Міхалінка. I былі дзеткі нядружныя. Не паб'юцца, дык пасварацца. Не пасварацца, дык паб'юцца. Пра такіх кажуць: жывуць як кот з сабакам. Гэта вельмі засмучала бацькоў, ды не раз казалі дзецям: «Глядзіце, даскачацеся, забярэ вас да сябе на службу баба Сварабабка». Звязацца са Сварабабкай — жыццё загубіць. На тухлым балоце жыць, пад пнём начаваць, жаб і вужоў на абед спажываць. А да людзей выходзіць толькі дзеля таго, каб нешта дрэннае абцяпаць. Але дзеці не слухалі таго, што ім кажуць бацькі, і заўзята крыўдзілі адзін другога.

I вось аднойчы, калі яны каторы раз пабіліся ні за што, акно з грукатам расчынілася і ў пакой увалілася брыдкая істота з кудлатымі валасамі, адвіслай губой, пранырлівымі злоснымі вачыма і вялізнымі кулакамі. Вопратка на ёй была падранай, а за плячыма матлялася торба.

Дзеці зашыліся ў куток і спалохана ўзіраліся на странную госцю. Яна ж па-гаспадарску развалілася ў крэсле.

— Папаліся, забіякі, нявыхаваныя абзывакі — хрыпата прамовіла яна пасля нядоўгага маўчання і вышчарылася. — Вы такія благія брацік і сястрычка, што сярод мноства неслухаі — самыя мае любімыя ўнукі. На вашым рахунку якраз столькі, колькі патрэбна для службы ў мяне: сінякоў ад боек, больш нормы пралітых слёз і пад завязку скаргаў адзін на другога...

— Мы і не думалі вам служыць, — паспрабаваў запярэчыць Стах.

— Мы сварыліся жартамі — падтрымала Стаха Міхалінка.

— «Не думалі» і «Жартамі» — перадражніла іх Сварабабка. — Будзеце цяпер за мной хадзіць, плёткі разносіць, падманваць, нос не ў свае справы торкаць — словам, дапамагаць людзей сварыць. Засталося адну фармальнасць зладзіць. У гэтай торбе сабраныя ўсе вашы добрыя словы. Зараз я выпушчу з торбы слоўцы, а вы іх... знішчыце!

Угледзеўшы жах на дзіцячых тварах, запэўніла:

— Гэта зусім проста! Трэба толькі на кожнае добрае слова сказаць адну з мянушак і абзыванак, якімі вы карыстаецеся штодзень.

Сварабабка стала абяцаць дзецям розныя выгоды:

— Пяройдзеце ў мае вечнае падпарадкаванне — цукеркамі асыплю, дазволю ад світанку да позняй ночы ад тэлевізара не адыходзіць, а ля камп'ютара — начаваць!

Сварабабка нездарма не скупілася на абяцанкі. Не мела яна ўлады над добрымі словамі і сама іх знішчыць не магла. А калі хоць адно добрае слоўца ў чалавека за душой ёсць, не зусім ён прапашчы. Сварабабка развязала мех. 3 яго, распраўляючы белыя крылцы і апраўляючы лёгкія сукенкі, сталі вылятаць істоты, падобныя на малюсенькіх анёлачкаў. Яны весела віталіся і лагодна перамаўляліся паміж сабой. Сварабабка гідліва скрывілася і замахнулася на анёлачкаў бізуном.

Дзеці загаласілі наўзрыд, але гэта ўжо былі не слёзы злосці або крыўды. Слёзы пакаяння цяклі з іх вачэй. Мала было ў іх добрых слоўцаў, але і яны напомнілі дзецям пра светлыя хвіліны сяброўства... Як яны разам кніжкі чыталі. Як падарункі на святы майстравалі. Як дапамагалі маме пірагі пячы...

А добрыя слоўцы, якіх падганяла бізуном Сварабабка, шапталі: «Дзякуй! Зрабі ласку! Пагуляем разам...»

— Хутчэй кажыце што-небудзь благое — ці я ператвару вас у друз! — засыкала на Стаха і Міхалінку Сварабабка.

Але дзеці кінуліся насустрач адзін другому.

— Міхалінка, родненькая, даруй! Ніколі больш я цябе не пакрыўджу! — крыкнуў Стах.

— I ты мне даруй, брацік!!!

Варта было дзецям вымавіць чароўныя словы, як Сварабабку нібы вадой размыла. А вакол віліся, радасна смеючыся, добрыя слоўцы.