Дзед Францішак

і інтэрнэт

ДзедФранцішакІнтернет.mp3

У сястрычак Лены і Юлькі радасць – пасля доўгіх угавораў да іх прыехалі дзед Францішак і бабуля Рэня.

І вось ужо амаль месяц дзед з бабуляй на новым месцы. Мама з татам, Лена з Юлькай з усіх сіл стараюцца, каб яны не маркоціліся. А яны толькі пра свой хутар і гавораць, бядуюць, што кінулі бацькаўшчыну. Шкада сямейнікам і дзеда, і бабулю Рэню.

Думалі-думалі Ленка з Юлькай, як дзеда з бабуляй ад смутку ратаваць. Аднойчы пры дзеду Францішку ўключылі камп'ютар. Дзед спачатку здалёк назіраў, як дзяўчаткі гуляюць, а тады бліжэй падсеў.

Пасля Лена і Юлька ўвайшлі ў інтэрнэт. Сталі набіраць тое, што дзеду цікава: і пра вайну, і пра горад, у якім другая дачка жыве.

Калі ж у сусветным Сеціве знайшлі звесткі пра родны хутар, дзед вохкнуў:

— Ну і разумны гэты камп'ютар! I адкуль ён усё ведае?!

Назаўтра толькі і гаворкі было, што пра інтэрнэт.

Цяпер дзед Францішак асвойвае камп'ютар. Дзяўчаткі вучаць карыстацца электроннай поштай, каб дасылаць допісы ўнукам, якія жывуць далёка. Цешыцца дзед і абяцае бабулі:

— Навучуся сам усяму — і цябе навучу!