Лятаючае

крэсла

Жыло-было ў дзеда крэсла. Аднойчы прыйшоў і сеў у яго Антонік. Крутнуўся ўлева, крутнуўся ўправа і, о цуд, нечакана для самога сябе закрычаў:

— Бывай, дзед!.. Лячу, падымаюся ў неба!

Дзед толькі паспеў перадаць унуку тэлефонную трубку, папрасіў:

— Звані!.. Расказвай, што ўбачыш...

— Чакай, дзед!.. Я вярнуся!..

Раптам крэсла з Антошкам паднялося ўверх. Акно перад ім адчынілася. Чароўны паветраны карабель павольна паплыў над горадам.

Дзед занепакоіўся. Ухапіў тэлефон, спытаў:

— Ало!.. Антошка, як адчуваеш сябе? Што наўкол бачыш?..

— Ало, ало!.. На сувязі крэсла і лётчык Антон. Пада мною – вялізны горад, у якім мы жывём...

— Які ён?! — ускрыкнуў дзед. — Я ніколі не бачыў свой горад з вышыні.

— Дык ведай, дзед, у нашым горадзе вуліцы, што стужкі. На іх поўзаюць мурашы...