Францыск Скарына

"Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына". (У. Караткевіч)


"Сярод гуманістаў беларускай народнасці вядучае месца належыць Францыску Скарыне, беларускаму першадрукару і асветніку, а таксама Міколу Гусоўскаму, паэту і сучасніку Скарыны". (В. Дарашэвіч)

"Беларускі першадрукар Францыск Скарына - выдатны вучоны, вялікі асветнік-гуманіст і патрыёт роднай зямлі". (С. Александровіч)


Бы скарб дарагі і жаданы,

Мы том яго ў рукі бяром,

Бо ён для мільёнаў славянаў

Быў першым тады букваром. (П. Прыходзька)


"Лепшага імя за Скарыну для назову праспекту ў нашай гісторыі не знайсці". (Н. Гілевіч)


"Такой гіганцкай асобай, як Францыск Скарына, мог бы ганарыцца кожны народ". (В. Чамярыцкі)


Цэлы горад схіліў калені,

калі голас пачуўся Твой...

Ты з'явіўся ў пару зацьмення,

каб народ асвяціць сабой. (Э. Акулін)


"Сын свайго народа, Скарына даў беларусам друкаваную кнігу на іх роднай мове. Ён хацеў бачыць беларускае слова роўным сярод роўных у сям'і самых развітых і вядомых моў". ("ЛіМ")


Першадрукар Францiшак Скарына!

Вядомы мала нам, а вельмi шкода,

Такая постаць толькi ёсць адна,

Ён – сiмвал беларускага народа. (А. Балуценка)


"Жыццё Скарыны - сапраўдны подзвіг у імя нацыі, першы подзвіг на цярністым шляху нацыянальнага Адраджэння". ("Звязда")


Марыў калісьці славуты Скарына,

"Ціснучы" кнігі на мове бацькоў:

Простаму люду ў роднай краіне

Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў. (Н. Гілевіч)


Сонца Францыска Скарыны

(6.03.1486—1552)

з белых бялюткіх снягоў

як з пены тутэйшага мора

сонца ўзышло над Полацкам

і раптам чарнець пачало

як вугаль

як чорная кропка

у канцы сказа

як у канцы свету

свету дзе цябе не было

і ты нарадзіўся

і сонца зноў засвяцілася

як шлях у Заўтра

і стала светла

і ў Полацку

і ў Вялікім княстве

і маліліся людзі

і звінелі званы

паўтараючы тваё імя

Францыск Францыск Францыск

і ляцелі анёлы

і ляцелі пчолы

а ты глядзеў у неба

і бачыў роднае неба

у якім жыве Бог

які стварыў зямлю

і ўсё жывое на зямлі

па якой ты ідзеш з Полацка

несучы ў сэрцы сонца

якое было і будзе

і ў Вільні і ў Празе

і літары складуцца ў словы

і словы складуцца ў сказы

і будзе першая кніга

якую ты надрукуеш

і ты ідзеш па Еўропе

малады і прыгожы

як вой які абараняе

зямлю дзе магілы продкаў

дзе яму вераць дзе яго любяць

дзе яго заўсёды чакаюць

і ў кожным следзе тваім

застаецца святло жывое

якое не зарасце травой

і не засыплецца пылам

і ў цябе наперадзе Беларусь

пра якую ты не марыш

але якая абавязкова будзе

як свята пасля будняў

як дзень пасля ночы

як вясна пасля зімы

і сонца будзе тваё

і сёння і заўтра і заўсёды

як родная зямля пад нагамі

тых хто ідзе з дому

і тых хто вяртаецца

ведаючы тваё імя

як песню як малітву

як сонца (В. Шніп)