Ільіна (Кошалева) Ганна Барысаўна

Асіповіцкі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Займаючыся гісторыяй асіповіцкага падполля, мне ўдалося высветліць, што ў нашым горадзе ў час Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала пяць радыёкропак з радыстамі Чырвонай Арміі, якія перадавалі сабраныя падпольшчыкамі звесткі ў Маскву. Прозвішча, імя и імя па бацьку адной з іх, якая жыла ў сям’і Івана Дзямьянавіча Санковіча па вуліцы Касмічнай, 40, – вядома. Гэта Ніна Сцяпанаўна Зоніна.

Другая радыстка знаходзілася ў доме № 19 па вуліцы Гогаля, у якім жыла сям’я Івана Мацвеевіча Мірановіча. Звалі яе Аня. Па словах аднаго з кіраўнікоў нашай разведкі ў час вайны Сяргея Паўлавіча Фунцікава, гэта была Ганна Барысаўна Ільіна (дзявочае прозвішча Кошалева). У пацвярджэнне сказанага ён даслаў мне выразку з канакоўскай газеты «Зара» з успамінамі Ганны Барысаўны пра сваю баявую сяброўку, таксама радыстку, Лідзію Андрэеўну Базанаву. А таксама ліст-успаміны Ільіной аб сваёй рабоце ў падполлі горада Асіповічы і аб правале падполля.

Ніжэй мы змяшчаем гэтыя матэрыялы і звяртаемся да старажылаў горада з просьбай: можа хто-небудзь успомніць пра гэтую тады яшчэ маладую дзяўчыну, а таксама пра перакладчыка Аляксея, які ўпамінаецца ў пісьме, і падзеліцца сваімі ўспамінамі на старонках раённай газеты.

А. Герасімчук

3 канакоўскай газеты «Зара» ад 26.05.82:

«...У пачатку мая пайшлі ў ваенкамат. Нам прапанавалі вучыцца на радыстак. У жніўні 1942 года закончылі школу радыстаў, сталі мы ваеннымі спецыялістамі, старшымі сяржантамі. I адразу пад Сталінград.

Я там з сувязной Шурай пераходзіла лінію фронта, але з-за правалу явачнай кватэры вярнуліся назад. Ліда лінію фронта не пераходзіла.

Потым перападрыхтоўка. У чэрвені 1943 года Ліду і мяне скінулі на парашутах у бабруйскія лясы, якія знаходзіліся пад кантролем нашых партызан. Яны павінны былі ўкараніць нас у сем’і розных гарадоў і легалізаваць.

У партызанскім атрадзе, якім камандаваў дзядзя Міша (М.П. Самсонік – камандзір партызанскага атрада № 309), трапілі ў блакаду карнікаў. Адыходзілі ноччу па балоту. Мы з Лідай больш за ўсё баяліся ўпасці і замачыць свае рацыі, якія неслі над галавой. Выбраліся, адсядзеліся на нейкім балотным астраўку, а потым вярнуліся на базу.

У партызан мы прабылі нядоўга. Не памятаю, хто з нас першай пайшоў з атрада. Я пайшла ў верасні 1943 года ў Асіповічы, працавала там санітаркай у гарадской бальніцы і перадавала па рацыі разведданыя камандаванню. Перабалела тыфам. Потым у мяне выйшла са строю рацыя. На месцы яе адрамантаваць было нельга. Па загаду Цэнтра мне варта было перабазіравацца ў г. Ваўкавыск, але куды ж без рацыі. А сувязны з атрада ўсё не ішоў і не ішоў...».

3 пісьма Г.Б. Ільіной (Кошалевай) С.П. Фунцікаву:

«...У канцы красавіка 1944 года была вочная стаўка з дзядзькам Міронам (так Аня называла Мірановіча) – рэзідэнтам.

Следчы абвера: «Вось дзяўчаты ва ўсім прызналіся і бачыце – свабодны».

Аня: «Дык чаму ж вы нас трымаеце ў бункеры?». Бункерам мы называлі дзот, які знаходзіўся ў вёсцы і ў якім вялося следства.

А правал у Асіповічах адбыўся так: не памятаю дакладна, але, відавочна, у лютым 1944 года ў мяне са строю выйшла рацыя, запчастак не было. Я прасіла цераз рэзідэнта альбо замяніць рацыю, альбо адправіць мяне ў партызанскі атрад, паколькі маё знаходжанне ў Асіповічах згубіла ўсялякую вартасць. Аднак ніякіх змен не адбылося.

У сярэдзіне сакавіка дзядзька Мірон (рэзідэнт) прывёў дзяўчыну, звалі яе Каця, прозвішча не ведаю. Дзяўчына была развітая, вельмі прыгожая, валодала нямецкай мовай. Ён сказаў, што гэта – радыстка, яна будзе жыць тут. На маё пытанне «А што буду рабіць я?» адказаў: «Потым вырашым».

Так мы і жылі. Сваёй рацыі для сувязі з маім камандаваннем яна мне не дала.

Сувязны, які прывёў яе ў Асіповічы, папаўся на чыгунцы пры закладцы міны, і 1 красавіка ў 5 гадзін раніцы ён прывёў абвераўца на кватэру (прыватны дом). Гэта было настолькі нечакана, што ніхто не паспеў нічога зрабіць. Гаспадара ў гэтую ноч дома не было, ён знаходзіўся ў ад’ездзе. А гаспадыня бы ў стане трызнення ўсё паўтарала: «Ай, дзяўчаткі, ай дзяўчаткі, што з намі будзе?».

У абверы паверылі, што сувязных, агентуру я не ведаю, паколькі жыла на кватэры рэзідэнта. Лічу, што вялікую ролю ў змякчэнні лёсу адыграў перакладчык Аляксей. Быў ён рускі і сімпатызаваў (мне здавалася) Каці. Ён папярэдзіў: да нас падсадзяць правакатара. I на самой справе падсадзілі дзяўчыну, злёгку пабітую. Яна плакала і гаварыла: «Я ўсё роўна фашыстам нічога не сказала, а вы ўсё сказалі? Дык давайце хоць як след пазнаёмімся – адвядзем душу, паспавядаемся адна перад адной, усё роўна паміраць». Мы адказалі, што ўсё абсалютна сказалі і дапоўніць няма чаго. Цераз два дні яе ад нас забралі, і болей да нас яна не вярнулася.

Тыдні праз два Каця папрасілася на допыт, заявіўшы, што яна ўсё наманіла і хоча даць другія паказанні. Мяне спыталі, ці не думаю я таксама змяніць паказанні. Мой адказ: «Мне мяняць няма чаго, сказана ўсё, што ведала».

У канцы мая 1944 года мне аб’явілі, што паеду ў Германію. Спачатку была ў лагеры ва Усходняй Прусіі. Божа мой, як толькі выжыла! Суп з гнілога хлеба з бульбянымі шалупінамі, бручка, цэлы дзень за калючым дротам, 2 гадзіны ў дзень прагулка. Не магла ўзняцца на другі паверх нар. І гэта ў 22 гады.

Потым, па меры набліжэння Савецкай Арміі, перавезлі ў Заходнюю Германію, там было лепш, працавала ў майстэрні з другімі ваеннапалоннымі па рамонту бялізны. Там у гэтым бараку і жылі. Нас было чацвёра, другія дзяўчаты, вывезеныя ў розны час з розных месц СССР у Германію, трапілі ў лагер хто ад баўэраў, хто з завода. Так і апынуліся ў зоне саюзных войск.

Што сталася з Кацяй – не ведаю, паколькі я паехала, а яна засталася, відавочна, адбіліся яе новыя паказанні, штосьці такое, што іх (немцаў) зацікавіла. Адкуль яна родам – не ведаю, ды і не заведзена ў нашай рабоце цікавіцца і пра сябе расказваць таксама.

Не памятаю, як я падпісвала радыёграмы, а на сувязь выходзіла заўсёды па раскладу. Звесткі перадавала аб руху па чыгунцы, забяспечваў імі гаспадар, а хто яго – да гэтай пары не ведаю.

Дзядзька Мірон чалавек быў добры, адданы Радзіме. Вось атрымала ліст ад Лізаветы Пракопаўны (Станішэўская, сувязная партызанскага атрада М.П. Самсоніка). Яна піша, што яго расстралялі, вельмі, вельмі шкада, шкада сям’і, такая вялікая, добрая савецкая сям’я. Яны ж ведалі, што будзе ў выпадку арышту, і ніколі ні словам, ні справай не выказвалі свайго незадавальнення маёй прысутнасцю, наадварот, як маглі дапамагалі, асабліва ў час сеансаў сувязі. Усе былі назіральнікамі за вуліцай.

Дарэчы, нямецкай мовы я не ведала і не ведаю да гэтай пары. У тэхнікуме мы вывучалі англійскую».

ФОТО