Іванека Пётр Лукіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

«Навошта пра мяне пісаць. Мне і расказаць няма чаго». Аднак сустрэча з Пятром Лукічом пераканала мяне ў адваротным. Ветэрану Вялікай Айчыннай было што прыпомніць і аб чым расказаць. Будучы чалавекам сціплым і стрыманым, ён не любіць прыцягваць увагі да сваёй асобы.

Пятра Іванеку прызвалі на вайсковую службу ў кастрычніку 1940 года. Трапіў ва Уладзівасток у танкавую школу механікаў-вадзіцеляў, бо да арміі працаваў трактарыстам. Жудасная вестка пра пачатак вайны застала П. Л. Іванека ў цягніку з Хабараўска ў Георгіеўск, куды былі накіраваны толькі што складзеныя экіпажы з тэхнікай. «Хлопцы, служба якіх у войску падыходзіла да заканчэння, былі ў такім жаху, што нават адмаўляліся ад ежы. Зусім хутка ім належала вяртацца дадому, а тут вайна», – успамінае ветэран.

З Каўказа вайскоўцаў адразу перакінулі на Цэнтральны фронт. Канцавым пунктам прызначэння стала станцыя Алфёрава Смаленскай вобласці. Пасля разгортвання часці Пётр Лукіч быў пераведзены ў рэзерв. Магчыма, новае прызначэнне выратавала яму жыццё. З першага бою большасць аднапалчан Іванекі не вярнулася...

У жніўні 1941 года пад Смаленскам часць, дзе служыў малады вадзіцель, трапіла ў засаду. Пад шквалістым агнём ворага танкі ўспыхвалі і падрываліся адзін за другім. Камандзір машыны загадаў сяржанту Іванеку звязацца з камандзірам роты і выясніць становішча. Малады салдат выскачыў з танка і пабег на пошукі камандзірскай бронемашыны. Раптам адчуў моцны ўдар па назе...

Яго знайшлі санітары. Раненне было цяжкім, таму байца тэрмінова эвакуіравалі ў тыл. Пасля працяглага лячэння Пётр Лукіч быў прызнаны часова непрыгодным для далейшай службы.

Да 1943 года ён працаваў у зброевай майстэрні горада Омска, а затым ізноў фронт. Змагаўся з фашыстамі ў Прыбалтыцы: кіраваў агнямётным танкам.

У 1944 годзе за ўдзел у баявых дзеяннях ён атрымаў ордэн Славы 3-яй ступені, два ордэны Чырвонай Зоркі і ордэн Айчыннай вайны 1-ай ступені. Разам з гэтым, сёння святочны кіцель ветэрана ўпрыгожваюць медалі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», вялікая колькасць юбілейных узнагарод.

Пётр Лукіч Іванека прысвяціў арміі 29 гадоў. Ён служыў у нашым горадзе, Цэлі, бываў за мяжой. У 1968 годзе старшына Іванека закончыў вайсковую службу. Але не мог сядзець былы салдат без справы – уладкаваўся рабочым у дзіцячы садок. Кажуць, што за сваё жыццё чалавек павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сына. Магчыма, Петр Лукіч не пабудаваў дом сваімі рукамі, аднак такія людзі, як ён, далі права дзецям зрабіць гэта на роднай зямлі. Ён выхаваў чатырох сыноў і пасадзіў садовыя дрэвы ў сябе пад акном. Таму застаецца пажадаць салдату Перамогі – Пятру Лукічу Іванеку здароўя і даўгалецця.

Іванова, К. Танкіст Іванека / К. Іванова // Асіповіцкі край. - 2004. - № 75. - 21 верасня. - С. 2.