яфрэмаў ціт аляксандравіч

Клічаўскі раён

БИОГРАФИЯ

Нарадзіўся 1 студзеня 1920 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Закупленне Клічаўскага раёна Бабруйскай воласці. Да вайны скончыў сем класаў. Ідучы на тэрміновую службу ў войска, нават і ўявіць не мог, што зацягнецца яна на доўгія сем гадоў. Курс маладога чырвонафлотца праходзіў у Крандштаце. Потым яго пераводзяць у школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў (ШМАС) г. Каўнаса, а з мая 1941 года ён – паветраны стралок-радыст 9-га скараснога авіяпалку.

Чэрвеньскі суботні дзень 1941 года нічога асаблівага не прадвяшчаў. Як заўсёды, пасля фіззарадкі, снедання, пачаліся практычныя заняткі. У гэты дзень яны праходзілі ў ціры. Вайскоўцы практыкаваліся ў стральбе з зянітных кулямётаў па паветраных цэлях. Адзаймаліся, пакінулі ў скрынях патроны, ніхто не думаў, не гадаў, што ўжо назаўтра давядзецца весці ні вучэбны, а самы сапраўдны бой.

...22 чэрвеня. 4.15. Сігнал паветранай трывогі разбудзіў усіх і адначасова на савецкі аэрадром пасыпаліся нямецкія авіябомбы.

«Наш дзяжурны, – успамінае Ціт Аляксандравіч, – сяржант Чыстабітаў, мардвін па нацыянальнасці, не разгубіўся, не стаў шукаць схованку, а кінуўся ў цір, расчахліў буйнакаліберны кулямёт, прыставіў ленту і адкрыў прыцэльны агонь па нямецкаму сцярвятніку, які рабіў ужо другі заход, каб разбамбіць палаткі з асобым саставам. Выстрал быў дакладны, і самалёт пачаў зніжацца да зямлі, падаючы за сабой слуп чорнага дыму, а потым узарваўся. Атрымаўшы адпор, хутка нямецкія самалёты зніклі, а мы дзякавалі нашаму выратавальніку за смеласць, рашучасць. Пазней я яшчэ не раз сутыкаўся з адважнасцю і гераізмам нашых салдат, менавіта таму мы і перамаглі немцаў.

Літаральна праз некалькі хвілін пасля гэтай схваткі 28 нашых штурмавікоў узняліся ў неба і накіраваліся на нямецкі горад Цэльзіт».

Вайна... Якое гора накінулася на нашу зямлю, а ён так далёка ад роднай хаты. Як там бацька, маці, браты, сёстры, ці дакацілася да іх чорная навала, як яны будуць жыць, як выстаяць? Думкі аб іх не давалі спакою ні днём, ні ноччу. Сэрца сціскалася ад тугі і болю, і расла з кожным днём усё болей і болей нянавісць да ворага за тое, што парушыў мір і спакой на нашай зямлі, разлучыў з роднымі. І рваўся Ціт у бой, не шкадуючы сябе, жорстка помсцячы за родную Беларусь, за Клічаўшчыну, за аднавяскоўцаў.

Пасля вымушанага адступлення ў горад Калінін полк, дзе служыў Ціт, расфарміравалі і ён трапіў у 723 авіяполк 211-й дывізіі 3-й паветранай арміі 3-га Беларускага фронту, вызваляў Беларусь і Літву.

З партыйнай характарыстыкі паветранага стралка-радыста Ціта Аляксандравіча Яфрэмава: «За перыяд знаходжання ў пярвічнай партыйнай арганізацыі 723 штурмавога палку 3-й Паветранай арміі з мая 1941 па май 1946 года камуніст Яфрэмаў паказаў сябе дысцыплінаваным і адважным паветраным стралком. На асабістым рахунку мае два збітых самалёты праціўніка ў групавых баях. Удзельнічаў у баявых аперацыях 3-га Беларускага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў».

9 кастрычніка 1944 года. Літва. Раён Рыжскага заліву «Тукулес» (пад Шаўляем), баявы самалёт, у якім знаходзіліся лётчык А. І. Ісаеў і стралок- радыст Яфрэмаў трапіў пад перакрыжаваны агонь ворага з зямлі і паветра, заклініла прапелер.

«Але Сашка, – успамінае Ціт Аляксандравіч, – быў сапраўдны ас. Ён, паранены асколкам шкла ў вока, умела пасадзіў самалёт на паляну, адкрыў кабіну, выбраўся сам і выцягнуў мяне, параненага ў абедзве нагі. На ўсялякі выпадак адцягнуў далей ад машыны, а сам, церпячы балючы боль, пайшоў да бліжэйшага хутара. Прывёў трох літоўцаў, якія дапамаглі данесці мяне да шассэ. Пасадзіў у першую патрапіўшуюся нашу «палутарку» і адправіў у медсанбат. Сам вярнуўся да самалёта з надзеяй, што зможа ўзляцець, але зоркакрылы «сябар» быў «мёртвы»: прабіты бак, сам увесь зрашэчаны кулямі. Толькі тады Сашка ўспомніў пра сябе і зусім знясілены дабраўся да дарогі, дзе яго падабрала наша франтавая машына. Я і сёння з вялікай удзячнасцю ўспамінаю яго, ён стаў мне як брат. На такіх, як Сашка і трымаецца поспех у баю і перамога, бо думаюць яны ў першую чаргу пра іншых, а потым пра сябе».

Пасля лячэння ў шпіталі Ціт Аляксандравіч дагнаў сваю часць каля горада Кёнігзберга і ваяваў на сувязным самалеце да самай перамогі. І толькі 27 жніўня 1947 года другім загадам міністра абароны Ціт Аляксандравіч дэмабілізаваўся дадому.

А тут поўным ходам ішло аднаўленне жыцця. Людзі стараліся будаваць, наладжваць разбуранную, пакалечаную вайной гаспадарку. Закруцілі, завіхурылі буднія клопаты Ціта Аляксандравіча. Уладкаваўся на працу ў раённы фінансавы адзел. Потым шмат гадоў быў на пасадзе старшыні Доўгаўскага сельскага Савета. Узначальваў калгас імя Чапаева (в. Закупленне), 26 гадоў, да самага выхаду на заслужаны адпачынак, загадваў гаспадаркай ў Доўгаўскай школе.

Баявыя і працоўныя подзвігі Ціта Аляксандравіча адзначаны ўзнагародамі: ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Мае званне «Ветэран вайны», а таксама «Ветэран працы».

2015 год адзначаны для Ціта Аляксандравіча дзвюма значнымі падзеямі: у студзені ён адзначыў сваё 89-годдзе, а ў ліпені для гэтага чалавека (як і для ўсіх беларусаў) адбылося яшчэ адно значнае свята – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Толькі адносіны ў ветэрана да яго свае, асаблівыя. Гэта ўспамін аб апаленай вайной маладосці, сябрах-аднапалчанах, і радасць за тое, што дзеці і ўнукі жывуць пад мірным небам, не ведаюць гора, слёз, болю і пакут. А хто здабыў гэта для нас – яны ведаюць самі.