яфрэмаў міхаіл цітавіч

Клічаўскі раён

БИОГРАФИЯ

Міхаіл Цітавіч нарадзіўся 31 мая 1924 года ў вёсцы Закупленне Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Сям’я, у якой рос Міхаіл, калі лічыць па тым часе, была заможнай. Хлопчык быў вельмі разумны, але хваравіты. Перад вайной скончыў сем класаў закупленскай сямігодкі і два класы ў Доўгаўскай сярэдняй школе.

I вось пачалася вайна… Хутка праз вёску Закупленне пайшлі сем’ямі невядомыя людзі, трымаючы шлях на ўсход. У дарослых на плячах быў дамашні скарб, які яны абменьвалі ў насельніцтва на харчовыя прадукты. Адначасова з бежанцамі праз вёску ішлі і вайсковыя падраздзяленні, рухаўся армейскі транспарт, загружаны ваеннай амуніцыяй. Савецкія воіны адступалі пад напорам фашысцкіх заваёўнікаў – усё гэта адбывалася на вачах Міхаіла Цітавіча. Да чэрвеня 1944 года ён пражыў на акупіраванай тэрыторыі. З лістапада 1944 года Міхаіл – удзельнік вайны. Служба яго пачалася ў дзясятым запасным стралковым палку з 8 жніўня 1944, служыў пісарам роты. Працаваў вельмі старанна, але нядоўга. 9 лістапада гэтага ж года атрымаў баявое раненне ў шыю. Пасля шпіталя быў напраўлены ў 17-ю гвардзейскую роту. Лічыўся спецыялістам штабной службы. Працягваліся цяжкія баі, савецкія войскі вызвалялі гарады.

31 сакавіка 1945 года быў ўзнагароджаны ганаровай граматай за баявыя дзеянні, выяўленыя ў бітвах за авалоданне гарадамі Рацібор і Біска. 25 красавіка 1945 года быў ўзнагароджаны ганаровай граматай за баявыя дзеянні, выяўленыя пры прарыве абароны немцаў на рацэ Нэйсе, за авалоданне гарадамі Коттбуц, Лубен, Цоссен, Беелітцен, Кевальде, Треббін, Маріенфельдэдорф, Рангсдорф.

На сваю радзіму, у вёску Закупленне, малады салдат вярнуўся 20 снежня 1946 года. Трэба было наладжваць мірнае жыццё. Першага студзеня 1947 года Міхаіл пайшоў працаваць лікаводам Доўгаўскай сярэдняй школы. З’яўляўся Першым сакратаром камсамольскай арганізацыі, якая налічвала 500 чалавек. А з 20 лютага 1948 года быў пераведзены настаўнікам, але працаваў толькі два гады, а потым загадваў хатай-чытальняй. У той час мясцовая газета пісала: «За апошні час значна палепшыла сваю работу Доўгаўская хата-чытальня, загадчыкам якой працуе М. Ц. Яфрэмаў. Тут чыста, утульна. На сталах раскладзены часопісы, газеты, брашуры, меўся гармонік. Вечарамі сюды збіраюцца калгаснікі, моладзь. Праводзяцца громкія чыткі газет, гутаркі. Пры хаце-чытальні рэгулярна працуюць гурткі мастацкай самадзейнасці. Цікавы вечар быў праведзены ў хаце-чытальне да пятай гадавіны вызвалення Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Рашэннем першай сесіі 3-га сазыва Доўгаўскага сельскага савета ад 23 снежня 1950 года Міхаіл Цітавіч абраны сакратаром Доўгаўскага сельскага Савета працоўных дэпутатаў, а з 17 сакавіка 1965 года абраны яго старшынёй. Уступіў у 1963 годзе ў рады Камуністычнай партыі СССР. Неаднаразова абіраўся депутатам раённага савета. Адпрацаваўшы 11 год, быў вызвалены ад займаемай пасады паводле заявы аб стане здароў’я. З 29 верасня 1976 па 15 сакавіка 1984 года працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады. Выйшаўшы на пенсію, яшчэ шмат гадоў дапамагаў роднаму саўгасу. Памёр 8 студзеня 2007 года.

Мае ганаровыя званні і ўрадавыя ўзнагароды: медалі: «За боевые заслуги», «За трудовое отличие», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И Ленина»; Орден Отечественной войны I степени; юбілейную медаль: «Сорок лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг».