Юшкоўскі Назар Логвінавіч

Круглянскі раён

БИОГРАФИЯ

Нарадзіўся ў 1926 г. у в. Круча Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Поўны кавалер ордэна Славы трох ступеней.

У Чырвоную Армію прызваны ў 1943 г., у баях удзельнічаў з лістапада 1944 г. на 3-м Беларускім і 1-м Украінскіх франтах. Памочнік камандзіра стралковага ўзвода старшы сяржант Н.Л. Юшкоўскі вызначыўся ў баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Асабліва ў баях за вышыню і горад Штрагаў у сакавіку 1945 г.

Пасля вайны вярнуўся на радзіму і займаўся ўзнаўленнем народнай гаспадаркі. Потым жыў у с. Папоўка Канатопскага раёна Сумскай вобласці. Памёр 27 мая 1968 г.

ВОСПОМИНАНИЯ

«Нарадзіўся я ў 1926 годзе ў вёсцы Круча ў сялянскай сям’і. Калі пачалася вайна, мне толькі-толькі споўнілася пятнаццаць. У Чырвоную Армію прызвалі ў 1943 годзе, у баях удзельнічаў з лістапада 1944 г. на 3-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. Быў я двойчы паранены. Прымаў удзел у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Быў памочнікам камандзіра ўзвода стралковай роты 783-га стралковага палка 229-й стралковай дывізіі.

Удзельнічаў ў баях за вышыню 3541,2, горада Штрагаў (Верхняя Сілезія) з прылягаючым да яго населеным пунктам. Калі пачалася атака, давялося першаму падняць свой узвод і ўперадзе байцоў ісці на ворага. Манеўруючы па схіле і вядучы агонь з аўтаматаў, наш узвод з малымі стратамі хутка авалодаў вышынёй і рушыў на горад Штрагаў. У горадзе ў вулічным баі я асабіста знішчыў некалькі варожых салдат і афіцэраў…».

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Салдацкая слава земляка

Толькі самых знаходлівых, смелых і мужных сваіх сыноў Радзіма-маці ўзнагароджвала вышэйшым знакам салдацкай доблесці – ордэнам Славы. Кавалерамі ўсіх трох ступеняў яго сталі нямногія – крыху больш дзвюх тысяч чалавек. 19 адважных – ураджэнцы Магілёўскай вобласці. Самы малады з іх – Назар Логінавіч Юшкоўскі – наш зямляк, ураджэнец в. Круча.

Яму толькі-толькі споўнілася пятнаццаць, калі пачалася вайна. У васямнаццаць ён упершыню тварам у твар сустрэўся з ворагам. У дзевятнаццаць – Юшкоўскі стаў кавалерам ордэна Славы ўсіх трох ступеняў.

Аб ратных подзвігах гэтага чалавека можна напісаць нямала старонак. Я раскажу аб адным, па-ваеннаму сціпла, так, як аб гэтым паведамляецца ў архіўным дакуменце.

Узнагародны ліст

ЮШКОЎСКІ НАЗАР ЛОГІНАВІЧ, старшы сяржант, памочнік камандзіра ўзвода стралковай роты 783-га стралковага палка 229-й стралковай дывізіі 21-й арміі.

1926-га года нараджэння. Беларус. Член ВЛКСМ.

У Айчыннай вайне прымаў удзел з лістапада 1944 года на Трэцім Беларускім і Першым Украінскім франтах. Паранены двойчы.

Дамашні адрас: Магілёўская вобл., Круглянскі раён, вёска Круча.

Кароткае канкрэтнае выкладанне асабістага баявога подзвіга або заслуг:

У баях за вышыню 3541,2 горад Штрагаў з прылягаючым да яго населеным пунктам таварыш Юшкоўскі праявіў сябе адважным і смелым камандзірам. Калі пачалася атака, ён першым падняў свой узвод і ўперадзе байцоў кінуўся на ворага.

Умела манеўруючы па схілу і ведучы агонь з аўтаматаў, узвод пад камандаваннем Юшкоўскага з малымі стратамі хутка авалодаў вышынёй і кінуўся на горад Штрагаў.

У горадзе Штрагаў у завязаўшымся вулічным баі таварыш Юшкоўскі асабіста знішчыў некалькі варожых салдат і афіцэраў...».

Адгрымелі апошнія залпы. Фашысцкая Германія капітуліравала. У самым логаве ворага, у Берліне, над разбураным рэйхстагам горда развіваўся чырвоны сцяг Перамогі. Вярталіся дадому салдаты. Кветкамі, усмешкамі, громам салютаў сустракала краіна сваіх слаўных сыноў-пераможцаў. Вярнуўся дадому і малодшы сяржант Юшкоўскі. І адразу ж, як і ўсе былыя франтавікі, актыўна ўключыўся ў работу па ўзнаўленні разбуранай народнай гаспадаркі. А ўздымаць, наладжваць гаспадарку было не лягчэй, чым ваяваць. Здаралася, часам здавалі нервы. І толькі воля, непахіснае жаданне зрабіць жыццё багацей, прыгажэй утрымлівала людзей у страі.

3 гадамі зніклі з твару зямлі крывавыя сляды вайны. Зараслі муравом варонкі ад бомбаў, папялішчы, лініі ўмацаванняў. Але вайна і зараз, многа дзён, многа год пасля ўсё яшчэ дае аб сабе ведаць. І не толькі абеліскамі, помнікамі, што падняліся на месцах былых баёў.

Мінуўшая вайна і зараз усё яшчэ вырывае з нашых радоў сяброў, блізкіх, тых, каго ў свой час яна адзначыла сваімі страшнымі меткамі. У 1967 годзе ў горадзе Канатопе Сумскай вобласці ад цяжкіх раненняў, атрыманых у баях за свабоду і незалежнасць Радзімы, абарвалася жыццё нашага земляка, кавалера трох ордэнаў Славы Юшкоўскага. Назару Логінавічу ў гэты час ішоў усяго толькі сорак першы год.

У дні ўсенародных святаў прыходзяць кручанцы да абеліска, што ўзведзены ў гонар землякоў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.

Успамінаюць загінуўшых герояў, успамінаюць і яго – Назара Логінавіча Юшкоўскага.

Карабаеў, А. Салдацкая слава земляка / А. Карабаеў // Сельскае жыццё (Круглае). – 1984. – 9 мая.