ШЭХ МІхаіл пятровіч

Клічаўскі раён

БИОГРАФИЯ

Міхаіл Пятровіч нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Доўгае Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Маленства Міхаіла Пятровіча не было тым шчаслівым дзяцінствам, якое аб’яўлялася сталінскай дыктатурай. Ён бачыў прымус калектывізацыі. Перад вайной паспеў закончыць 9 класаў Доўгаўскай школы.

У час варожай навалы зведаў, што такое «новы парадак», разам з пажылымі бацькамі ў блакадныя дні хаваўся ад немцаў і паліцаяў у партызанскім лесе, каб не трапіць у іх лапы і не апынуцца ў фашысцкім рабстве. У 1944 годзе з усходу прыйшла Савецкая Армія. 3 ліпеня Міхаіл Пятровіч разам з аднавяскоўцамі пайшоў дабіваць ворага. Ваяваў на 2-м Беларускім фронце ў 238 дівізіі 830 палка. Вызваляў гарады: Мінск, Брэст, Гродна. Служыў радавым стралком. Ваяваць доўга не давялося, у адным з жорсткіх баёў быў цяжка паранены, а было гэта 8-га верасня 1944 года над горадам Астроленка Польскай Рэспублікі. Быў адпраўлены ў авіяцыйны шпіталь горада Слюдзенка Іркуцкай вобласці. У снежні 1944 года быў дэмабілізаваны.

Вярнуўся дамоў, дзе разам са старым бацькам капаў зямлянкі. Вёска двойчы гарэла ў вайну, падпаленая акупантамі, нічога ад яе не засталося.

Паступова наладжвалася жыццё, адбудоўваліся сялібы. З аднаўленнем мірнага жыцця ўзнікла патрэба ў падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў. Міхаілу Шэху прапанавалі прайсці курсы пры Магілёўскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Згадзіўся. Пабываў на вучобе і ў 1947 годзе стаў працаваць настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Вішнёўка. Затым яго перавялі ў Церахава-Борскую пачатковую школу, з яе – у Свёкраўскую.

Два гады Міхаіл Пятровіч быў старшынёй Доўгаўскага сельсавета. Але больш за усё, аж 30 гадоў, аддаў М. П. Шэх педагагічнай рабоце. Яго былыя вучні заканчвалі потым сямігадовыя і сярэднія школы, выходзілі ў людзі і ўспаміналі добрым словам свайго першага настаўніка. І па сённяшні дзень яго запрашаюць на мерапрыемствы, якія праходзяць у розных установах. Таксама ён жаданы госць і для карыстальнікаў бібліятэкі, бо з’яўляецца яе актыўным чытачом.

Мае ўзнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», юбілейныя медалі.