Шпак Васіль Антонавіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Васіль Антонавіч Шпак нарадзіўся ў вёсцы Орча ў 1915 годзе, доўгі час працаваў у ваеннай контрразведцы і КДБ. Вялікую Айчынную вайны прайшоў з першага да апошняга дня. Удзельнічаў у абароне Магілёва, Сталінградскай і Курскай бітвах, аднак (бывае ж такое!) пачатак і канец вайны ён сустрэў у родных мясцінах. Напрыканцы 90-х гадоў ветэран напісаў успаміны пра сваё жыццё, у якіх узгадваў і звязаныя з Асіповіцкай зямлёй эпізоды сваёй баявой біяграфіі. Урыўкі з мемуараў нашага земляка з’яўляюцца красамоўнымі сведчаннямі напружаных падзей, якія адбываліся на нашай зямлі ў незабыўных 1941 і 1944 гадах.

Першы бой

«...Рух нямецка-фашысцкіх войск па нашай тэрыторыі быў вельмі хуткі, і ўжо праз тыдзень у Асіповіцкім раёне з’явіліся матарызаваныя часці праціўніка.

Горад Асіповічы, як буйны чыгуначны вузел, напрыканцы чэрвеня 1941 года пераўтварыўся ў месца канцэнтрацыі адступаючых з Мінска і Слуцка савецкіх войск. Аднак шасейны і чыгуначны масты праз раку Бярэзіну каля Бабруйска былі знішчаны варожай авіяцыяй, і для руху нашых войск заставаўся адкрытым толькі магілёўскі накірунак – праз чыгуначны мост у пасёлку Ялізава.

Немцы ўсімі сіламі імкнуліся перарэзаць і гэты шлях, таму аператыўна перакінулі з-пад Бабруйска вялікую групу аўтаматчыкаў, да таго ж узмоцненую артылерыяй і танкамі. Пасля нядоўгага бою акупанты здолелі захапіць мост і стварылі для часцей нашай арміі сапраўдны “кацёл”.

Для ліквідацыі акружэння камандаванне Чырвонай Арміі накіравала бронецягнік, дзе я быў кулямётчыкам. Браніраваны састаў уяўляў сабой магут ную баявую адзінку: у яго складзе мелася 3 крытых бронепляцоўкі, на якіх у вежах былі ўстаноўлены ла дзве 76-мм гарматы і кулямёты. Да таго ж былі бартавыя кулямёты і нават адзін кулямёт на тэндэры паравоза.

Барацьба за ялізаўскі мост была ўпартая: экіпажу бронецягніка давялося весці сапраўдную дуэль з танкамі і артылерыяй праціўніка. Аднак вялікая баявая моц нашай “прасоўнай крэпасці”, зладжанасць і вопыт экіпажа дазволілі даволі хутка знішчыць агнявыя кропкі немцаў і адкінуць іх ад моста на бяспечную адпегласць.

Перамога, праўда, далася нялёгка: бронецягнік быў сур’ёзна пашкоджаны снарадамі праціўніка, два артылерысты загінулі.

Перадышка пасля бою была кароткай: у хуткім часе ў небе з’явіліся нямецкія самалёты. Пачалася бамбёжка. Але, нягледзячы на пашкоджанні, бронецягнік паспяхова ўхіляўся ад атак з паветра і нават змог падбіць два бамбардзіроўшчыкі.

Праз пэўны час наш бронецягнік рушыў у Магілёў на рамонт, а варту каля моста працягваў другі бронецягнік...»

Вайна пасля вызвалення

«...У хуткім часе пасля вызвалення Беларусі ўсе беларускія чэкісты былі адазваны з франтоў дпя арганізацыі контрразведвальнай работы на тэрыторыі рэспублікі. Я трапіў на тое месца, адкуль у свой час пайшоў на фронт – у транспартнае аддзяленне НКБД чыгуначнай станцыі Асіповічы. У той час Беларусь была прыфрантавой тэрыторыяй, таму немцы спрабавалі развярнуць тут масавую шпіёнска-дыверсійную дзейнасць. Асаблівую цікавасць у немцаў выклікалі ваенныя перавозкі, і таму значная частка варожых агентаў мела заданні ўсімі магчымымі спосабамі замінаць руху цягнікоў. Барацьба з добра забяспечанымі і выдатна падрыхтаванымі дыверсантамі была асноўнай задачай чэкістаў.

Напрыканцы 1944 года я атрымаў інфармацыю, што ў раёне станцыі Міханавічы з’явіліся два падазроных чалавекі. Яны былі апрануты ў форму старшыны і радавога, мелі грувасткія рэчавыя мяхі і вельмі цікавіліся рухам цягнікоў у заходнім накірунку. Сама па сабе такая цікавасць не была чымсьці незвычайным – многія салдаты такім чынам вярталіся ў часці, таму чыгуначнікі далі ўзгаданым вайскоўцам неабходныя звесткі. Аднак тыя не сталі чакаць прыбыцця патрэбнага цягніка, а рушылі ў бок станцыі Седча, дзе, як яны растлумачылі, прасцей сесці ў цягнік. Такія паводзіны выглядалі дзіўна, і я вырашыў як можна хутчэй выявіць падазроных вайскоўцаў і ўстанавіць іх сапраўдныя намеры. Як высветлілася, гэта былі нямецкія агенты. У свой час яны трапілі ў палон, згадзіліся супрацоўнічаць з нямецкай разведкай, пасля чаго атрымалі спецыяльную падрыхтоўку і былі закінуты ў тыл савецкіх войск. У іх мяшках былі знойдзены чатыры выбуховыя прыстасаванні вялікай разбуральнай сілы. Дыверсанты атрымалі загад сарваць графік чыгуначных перавозак, дзеля чаго яны павінны былі ўзарваць рэйкі ў вялікай лагчыне паміж станцыямі Седча і Міханавічы. План быў небяспечны: дыверсія менавіта на гэтым участку магла б стварыць вялікі перапынак у руху, таму што рэльеф не дазволіў бы скінуць з рэек пашкоджаныя вагоны...»

...Вайна для работнікаў НКДБ у Беларусі цягнулася яшчэ доўга пасля вызвалення. Менавіта іх намаганнямі было захавана жыццё многім нашым салдатам і афіцэрам, абаронена шмат ваенных і гаспадарчых аб’ектаў ад разбурэння.

Саўрыцкі, Д. Дзень першы і дзень апошні / Дзмітрый Саўрыцкі // Асіповіцкі край. – 2003. – № 35. – 8 мая. – С. 2.