Шкурын Сцяпан Раманавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Вайна ўрывалася ў людскія жыцці жорстка і нечакана, не шкадуючы ні старых, ні малых. Вестка аб ёй успрымалася як, асабістае гора. Якая яна была, вайна? I той першы дзень, што абвясціў аб пачатку пакут і крывавых падзей? Толькі жывыя сведкі могуць намаляваць тую карціну, што цвёрда трымаецца ў памяці нават праз гады...

– Раніцай 22 чэрвеня прыйшлі да нас хлопцы з Градзянкі, кажуць: вайна пачалася. Мы на іх ледзь не з кулакамі – вось вам за падман. Потым апоўдні пайшлі ў клуб. Сапраўды, вайна. А мне тады 17 гадоў было, на тым дзяцінства і скончылася, – расказвае, цярэбячы цыгарэту, Сцяпан Раманавіч Шкурын, ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Каменіч.

– У 1942 годзе пайшоў старэйшы брат у партызаны. Ну і я «падпольшчыкам» зрабіўся. Знайшоў некалькі вінтовак, дапамагаў партызанам, чым мог. Камандзір роты сказаў, што распараджэнне наконт мяне яшчэ будзе. I вось праз некаторы час і я падаўся ў партызаны. Там быў у гаспадарчай роце. Не раз, рызыкуючы жыццём, даводзілася везці на падводзе прадукты ды іншыя неабходныя рэчы. Потым прызвалі ў армію. Служыў у 624-ым стралковым палку. Працяглы час знаходзіліся мы на тэрыторыі Польшчы. Нялёгка нам было там. Часам не хапала харчавання. На дзень – паўбляшанкі тушонкі ды 300 грамаў хлеба – вось і ўвесь рацыён. А з «марадзёрамі» абыходзіліся строга. Памятаю, адзін салдат украў у гаспадыні кавалак сала. Яна ж прыйшла, паскардзілася. Праўда, потым і сама шкадавала аб гэтым – мужчыну таго расстралялі... Там у верасні 44-га і быў паранены.

Выйшлі з вёскі, назвы не памятаю, пачалі акопвацца. Спачатку былі адзіночныя стрэлы, потым далі «артпадрыхтоўку». Тут і пачалося. У мяне трапіў асколак. Адразу неяк нічога не адчуваў, толькі цёплае нешта пацякло па грудзях. Потым зразумеў, што гэта ж кроў цячэ. Працягваў ісці, нават кулямёт нёс. Ачнуўся ў санбаце, праз некаторы час адправілі ў Пінск у шпіталь. Там і прабыў да студзеня.

У Пінску і перамогу сустрэў. Памятаю, якая радасць была, вялікае шчасце. Шчасце, што вайна скончылася, а я жывы. Ды і наперадзе яшчэ – усё жыццё. Малады ж зусім быў. А вось сястра мая загінула, і муж яе таксама. Не давялося ім раздзяліць радасць перамогі...

А колькі іх такіх, у каго вайна сваімі крывавымі рукамі адабрала жыцці, перакрэсліла смяротным почыркам мары і спадзяванні. I толькі ў сэрцах родных і блізкіх гэтыя людзі працягваюць сваё жыццё.

Корбаль, В. Якая ты была, вайна? / Валянціна Корбаль // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2000. – 19 красавіка. – С. 2.