Шах С. А.

Бабруйскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Нас было 12 сяброў-аднакласнікаў. Мы былі маладыя, гарачыя, наіўныя. Вайна не застала нас знянацку. Мы вучыліся ваеннаму майстэрству ў старэйшых, у школе. Калі пачалася вайна, мы адразу пайшлі ў лес. Спачатку страшна было, і цікава. Нам тады ўсё гэта здавалася гульнёй, якая вось-вось скончыцца. Але гэтая страшная гульня зацягнулася.

Хутка мы згубілі траіх сяброў і зразумелі, што гэта не гульня. Вайна паказала сваё звярынае аблічча смярцямі, пажарамі, болем, нястачай, адчаем і страхам. Усяго не перакажаш. Мы білі немцаў. Яны білі нас. Бывала, асабліва ўзімку, тыднямі нічога не елі. Мерзлі, качанелі ў снезе. Мы, дзетвара, сталелі не па гадам. А спрос з нас быў, як з дарослых. Хадзілі ў разведку, праводзілі дыверсіі, расклейвалі лістоўкі, устрайвалі засады… Памятаю, даў камандзір загад падлічыць колькасць чыгуначных саставаў, якія ідуць на фронт. Суткі мы з сябрам сядзелі ў сугробе каля чыгуначнай дарогі і лічылі. Усё наша прыкрыццё было – прамерзлыя кусцікі метрах у дваццаці каля палатна. Можна было, канешне, і з лесу падлічыць, але лес быў высечаны немцамі ўздоўж дарогі метраў на пяцьсот ўглыб, і з такой адлегласці лічыць вагоны вельмі цяжка, ды і што вязуць фашысты на платформах – было не зразумець. Вось і прыйшлося падбірацца бліжэй і зарывацца ў снег.

За гэтае заданне мы з сябрам упершыню атрымалі ўзнагароду. Звесткі, дабытыя такім чынам, аказаліся вельмі важнымі. Так, шмат чаго было зроблена падлеткамі для вызвалення Радзімы. Многія загінулі і былі пахаваны ў лясах. З той пары не хаджу ў лес па грыбы і ягады. Мне здаецца, што ўсё гэта расце на магілах маіх сяброў.

Калі вызвалялі Беларусь, я ўжо быў у дзейнічаючай арміі, у снежні 1943-га я быў цяжка паранены і адпраўлены ў шпіталь у Маскву. А адтуль ужо на Беларускі фронт. Гадкоў жа я сабе набавіў. На від быў хлопец хоць куды! Там, прайшоўшы паскораныя курсы ў ваенным вучылішчы, на родную зямлю ўжо ступіў афіцэрам, як кажуць, пры пагонах і медалях. Але радавала не гэта. Я марыў сустрэцца з сябрамі, з роднымі, якіх вельмі доўга не бачыў. Але ў вайны свой распарадак. Спачатку «паварыўся» у «Бабруйскім катле», потым у «Мінскім». Уцалела нас нямнога. Пяхота заўжды нясе вялікія страты. Памятаю, пад Мінскам было асабліва цяжка. І жыццё маё было на валасінцы. Але бярозка ўратавала мяне, наша беларуская бярозка. А справа была так.

Мы павінны былі ачысціць адзін лясок, у якім замацаваліся фрыцы. Біліся адчайна. Здавалася, супроць нас яны кінулі агонь усёй гітлераўскай артылерыі. З-за сцяны ўзрываў не было відаць неба. Мы ўжаліся ў зямлю, молячы яе, радзімую, каб абараніла. Хаваліся за камні, за кусточкі – поле ж было роўнае. Уставаць трэба, трэба ісці ў атаку. А страх прыцягвае да зямлі, не дае галавы ўзняць, не тое, што ўстаць у поўны рост. Не дай Бог каму перажыць такое ізноў! Не ведаю, як я змог падняць сваю значна парадзелую роту і павесці яе ў атаку. І вось ужо лясок. Вось бярозкі нежныя, тоненькія. Дрыжаць ад узрываў і куль. І мы дрыжым. Але ідзем уперад. Ёсць такое слова – Радзіма! Памятаю, калі прарываўся праз заграджальны агонь фашыстаў, думаў толькі пра тое, каб куля, шалёны асколак праляцелі міма, каб дабрацца да гэтых гадаў, уродуючых маю зямлю, і разнесці іх. У нейкі момант, як заўсёды бывае, бой настолькі захапіў мяне, што крыху адарваўся ад сваіх і аказаўся адзін супроць мноства смерцяў, якія несліся на мяне. Тады мне так здавалася. А ўперадзе толькі ўцалелая бярозка. Я кінуўся да яе. І ў той момант, калі я параўняўся з ёй, пачуўся ўзрыў. Калі я ачуняў, стаяла цішыня. Паварушыцца не магу. Ці мёртвы, ці жывы, колькі так ляжу – не ведаю. Тут чую галасы. Напружыўся. Руская мова. Слава Богу, свае! Спрабую падаць знак, што я тут – не магу! Галасы набліжаюцца. Мяне заўважылі. Калі мяне прывялі ў пачуццё, перавязвалі рукі, галаву, я заўважыў на тым месцы, дзе я толькі што быў, паваленую пакарабачаную бярозу. Яна была смяртэльна параненая. Асколкі драпежніцкі ўпіліся ёй у ствол. Галінкі паламаны. Корні вырваны з зямлі. Прыкрыўшы мяне сваім целам, яна ўратавала мне жыццё.

ФОТО