Шатуха Віктар Савельевіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Усім смерцям назло

Аксамітнай рунню, бела-ружовай квеценню садоў крочыць па зямлі ўжо 59 мірны май. На месцы баёў той апошняй Вялікай Айчыннай вайны ўжо выраслі новыя пясы, паўсталі з руін адбудаваныя гарады і сёлы, вясёлым і шчаслівым шчэбетам дзятвы поўняцца іх вуліцы і двары.

Нязменным застаецца толькі боль ветэранаў, якія расплаціліся непамерна высокай цаной за мір і незалежнасць Беларусі.

Не пеставаў лёс Віктара Шатуху. У адскай машыне культу асобы Сталіна загінуў, быў расстраляны яго бацька, калгасны бухгалтар. Толькі цудам выжылі яны, чацвёра яго дзяцей. Каб неяк уратавацца ад галечы, бясхлебіцы, наймаўся хлопчык да людзей пасвіць іх жывёлу, быў пастухом у калгасе. Скончыў да вайны толькі 4 класы. Аб далейшай адукацыі не магло быць і размовы. Яны ж – дзеці ворага народа. Гэта ўжо праз шмат гадоў пасля добрае імя Савелія Максімавіча Шатухі было рэабілітавана. Але ўжо пасля яго смерці...

У чэрвені 1944, пасля вызвалення Клічаўшчыны рэгулярнымі войскамі Чырвонай Арміі, 17-гадовы Віктар Шатуха пайшоў на фронт добраахвотнікам. Давялося бязвусаму салдату зведаць усе жахі вайны, прайсці праз смерць, страты, выпрабаванні. З баямі ён прайшоў Міншчыну, усю Заходнюю Беларусь, ваяваў у Польшчы. Кожная пядзь той зямлі палітая крывёю яго баявых сяброў і таварышаў. Трагічным стаў для Віктара адзін з баёў непадалёк ад Беластока. Ён да дробязяў і сёння ў вачах ветэрана.

– Восенню 1944 года, – успамінае Віктар Савельевіч, – вораг быў ужо не той моцы, што на пачатку вайны. Але ж упарта, люта абараняўся. У той кастрычніцкі дзень завязалася цяжкая бітва каля польскага горада Беластока. З абодвух бакоў біла цяжкая артылерыя, былі ўведзены і танкі. Зямля раз-пораз уздымалася ад выбухаў снарадаў. Мы былі камсамольцамі, свята верылі ў сваю правую справу, мы змагаліся за сваю Беларусь, таму нішто не магло супыніць нас.

Я быў кулямётчыкам двух разлікаў. Каб замаўчалі нашы кулямёты, фашысты ўдарылі па іх прамой наводкай. Мяне цяжка параніла ў абедзве нагі, у спіну... Жыць застаўся, дзякуючы нашаму камсоргу – Верачцы. Ужо пад покрывам ночы, калі бой заціх, на полі бою яна сярод безлічы забітых шукала хоць пакалечаных, параненых, але яшчэ жывых байцоў.

Больш года Віктар лячыўся ў розных шпіталях на Украіне, перанёс нямала складаных аперацый, застаўся ў 18 гадоў інвалідам 1 групы, але выжыў, назло ўсім смерцям.

Усё яго жыццё пасля – суцэльная бітва за паўнацэннае, простае чалавечае шчасце, за сваё месца пад сонцам.

Працоўны стаж Віктара Савельевіча больш трыццаці гадоў. Быў ён і краўцом, пасля вайны шыў на даму для людзей паддзёўкі з шынеляў, кажухі з аўчыны, штаны, сарочкі і іншае. Працаваў прадаўцом у магазіне; у калгасе «Дуброва»; у саўгасе «Добраахвотнік» – вагаўшчыком, фуражырам, кладаўшчыком.

Стварыў уласную сям’ю. Разам з жонкай Ганнай Іванаўнай нарадзілі і выгадавалі сына і траіх дачок. Маюць зараз 11 унукаў і 9 праўнукаў.

– Заўсёды імкнуўся жыць не горш за аднавяскоўцаў у Дуброве, стараўся, каб і дом у парадку быў, і сад пасадзіў, і гаспадарку немалую заўсёды трымаў на падворку, і пчолы былі. Не хацеў, каб ківалі на мяне, маўляў, што з яго возьмеш, калека ж... Галоўнае, як бы ні склаўся лёс – трымацца, адчуваць сябе годным чалавекам.

Так, мудрасці і мужнасці Віктара Савельевіча нам, маладому пакаленню, толькі вучыцца. А яшчэ не пакідаць іх, састарэлых ветэранаў, сам на сам з іх праблемамі, як нярэдка здараецца.

Ізох, Н. Усім смерцям назло : [гутарка з ветэранам В. С. Шатухам] / Н. Ізох // Сцяг Саветаў. – 2004. – 7 мая.