Шалай Платон Дзямідавіч

Кіраўскі раён|Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Лісты з фронту

Уся сям’я Шалаёў з вёскі Стаялава ў гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна змагалася з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Хто быў салдатам на фронце, а хто партызанам у тыле ворага. Марыя Дзямідаўна, цяперашняя заслужаная настаўніца БССР, стала партызанкай у сямнаццаць гадоў. Шмат разоў яна ўдзельнічала ў разгроме нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў у Клічаўскім, Кіраўскім, Бярэзінскім і іншых раёнах. У адным з баёў Марыя выратавала камандзіра. За гэта па прадстаўленні камандавання атрада яна была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней дабавіліся баявыя медалі.

Брат Марыі Дзямідаўны, Міхаіл, – ветэран вайны і працы. За баявую дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай узнагароджаны двума ордэнамі і медалямі. Міхаіл Дзямідавіч і зараз у рабочым страі – працуе ў Магілёўскім саўгасе-тэхнікуме.

Другі брат Марыі Дзямідаўны, Платон, пачаў служыць у Чырвонай Арміі ў 1939 годзе. У час вайны зведаў горыч адступленняў, а пазней – пакуты блакаднага Ленінграда. П. Д. Шалай часта пісаў з фронту родным у вёску Стаялава. У лістах выказвалася ўпэўненасць у нашу перамогу над ворагам, быў смутак аб панесеных стратах.

«Добры дзень, дарагія мама, Міша і Валя! – чытаем у адным з пісем, якія перададзены нашаму музею. – Сёння атрымаў ад Марыі пісьмо. З яго даведаўся аб смерці бацькі, які загінуў, абараняючы Радзіму. Гэта для мяне вялікае гора.

Аб маім жыцці можна шмат пісаць. Але паведамляю аб галоўным. Пры адступленні са сваёй часцю аказаўся ў Ленінградзе. Тут стаялі на смерць, не здалі гітлераўцам горад. У студзені 1943 года прарвалі блакаду. Я быў паранены. Выздаравеў і вярнуўся ў строй.

Нядаўна мне, як камандзіру артылерыйскага падраздзялення, была пастаўлена складаная баявая задача. Яе мы выканалі, атрымалі невялікую перадышку. Зараз 1-я гадзіна ночы. Адпачываюць мае баявыя сябры. Хочацца хутчэй ісці ў бой, адпомсціць ворагу за смерць бацькі, за вашы пакуты...».

Адзін з салдацкіх трохкутнікаў прыйшоў да Шалаёў ад парторга вайсковай часці Т. Філатава, членаў партбюро т. т. Анопчанкі і Бароўлева. Яны пісалі маці Платона: «Паважаная Матрона Мікалаеўна! Зямны паклон Вам за выхаванне сына. З першага дня Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіцца на перадавой. Барацьбе з ворагам Платон Дзямідавіч аддае ўсё свае сілы і веды. Ён шмат разоў удзельнічаў у баях. За гэта мае высокія ўзнагароды Радзімы –ордэны Аляксандра Неўскага, Чырвонай Зоркі і іншыя...

Калі пішам гэта пісьмо, наша часць рыхтуецца да ўступлення на варожую тэрыторыю. Мы пойдзем у бой з поўнай упэўненасцю, што дасягнем канчатковай перамогі над ворагам».

Гэты ліст з фронту быў надрукаваны ў Клічаўскай раённай газеце «Сталінская праўда» 23 лютага 1945 года. За допісам адчуваецца высокі маральны дух тых, хто ішоў да Берліна, каб усталяваць мір на зямлі.

У фондах музея ёсць удзячнае пісьмо П. Д. Шалаю ад камандуючага Паўночнай групай войск Маршала Савецкага Саюза К. Ракасоўскага і члена Ваеннага Савета гэтай групы войск генерал-лейтэнанта С. Шацілава, якое яны напісалі 1 кастрычніка 1945 года.

«Вам, – пішацца ў пісьме, – доблеснаму воіну Чырвонай Арміі, удзельніку баёў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, які змагаўся ў радах другога Беларускага фронта, неаднаразова адзначаўся ўдзячнымі загадамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, Генералісімуса Савецкага Саюза т. Сталіна, Ваенны Савет Паўночнай групы войск уручае гэта ўдзячнае пісьмо, як памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.

Жадаем Вам добрага здароўя і новых поспехаў у Вашым далейшым працоўным жыцці на карысць нашай вялікай сацыялістычнай Радзімы».

У фондах нашага музея знаходзяцца і іншыя матэрыялы, якія сведчаць аб слаўным баявым шляху П. Д. Шалая.

Зараз Платон Дзямідавіч на пенсіі. Жыве ў вёсцы Рудня Кіраўскага раёна.

Канапліцкі, М. Лісты з фронту / М. Канапліцкі // Сцяг Саветаў. – 1984. – 12 чэрвеня. – С. 3.