Шагаеў Аляксандр Іванавіч

Быхаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Юнацтва 88-гадовага Аляксандра Шагаева, які цяпер жыве ў аграгарадку Чорны Бор, прыйшлося якраз на гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым разбілася яно на два перыяды: жыццё падчас фашысцкай акупацыі на працягу трох год і паўгадавую службу ў Чырвонай Арміі пасля вызвалення родных мясцін ажно да перамогі над Германіяй і Японіяй з далейшым яе прадаўжэннем ажно да 1952 года.

Першы перыяд якраз і аказаўся самым цяжкім і жудасным. Аляксандр Іванавіч успамінае:

– Для мяне і да вайны жыццё ў шматдзетнай сям’і з мачыхаю было нялёгкім ды галодным, а ў ваеннае ліхалецце яно стала зусім нясцерпным. Мы жылі ў вёсачцы Турлаўка, што месцілася каля вялікага населенага пункта Балонаў Сялец-2, а гэта тэрыторыя межавалася з вядомым клічаўскім партызанскім краем. Адсюль зыходзілі шматлікія нашыя беды, бо немцы жорстка праследавалі і каралі тых, хто меў хоць якую сувязь з партызанамі. Ад гэтага пацярпелі мой бацька і мачыха, якую з малым дзіцём забралі на работы ў Германію.

Складана даводзілася жыць і мне, бо я ўжо быў сталым падлеткам і таксама мог патрапіць пад прымусовую адпраўку ў фашыскую краіну. Даводзілася пастаянна хавацца ад немцаў, разам з бежанцамі з левабярэжжа Дняпра туляцца па лясах альбо па лясных вёсачках. Да гэтага трэба дадаць пастаянныя голад ды холад, і будзе яскравая карціна майго юнацтва.

Тут мы зрабілі з ветэранам перапынак, бо нават доўга размаўляць, а тым болей успамінаць пра даўно мінулыя падзеі, хвораму старому было цяжка, і разам з ягонаю дачкою Тамараю крыху пагутарылі пра абставіны іхняга цяперашняга сямейнага і бытавога жыцця.

– Вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыйшло да нас дзесьці ў сярэдзіне лета 1944 года, і людзі пачалі адбудоўваць зруйнаваныя вайною гаспадаркі, – зноў распавядае Аляксандр Іванавіч. – Шмат і цяжка разам з жанчынамі працаваў на нарыхтоўцы драўніны для будаўніцтва жылля, бо здаровых мужчын на вёсцы зусім не засталося, а маючая адбыцца яшчэ адна няпростая зіма прыспешвала…

Ранняю вясною 1945 года ад Быхаўскага райваенкамата мне прыйшла павестка аб прызыве ў войска. З Быхава нас адправілі на перасыльны пункт у Магілёў, а затым я трапіў у вайсковую часць, што размяшчалася ў горадзе Стоўбцы тагачаснай Баранавіцкай вобласці. Навучанне вайсковай справе праходзіў у гарадку Уручча, што пад Мінскам.

Затым нас зноўку вярнулі ў Стоўбцы, абмундзіравалі, выдалі зброю і адправілі эшалонам на фронт. Даехалі мы дзесьці да заходняй часкі Польшчы і там атрымалі звестку аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Вялікую Перамогу віталі горача, салютавалі стралянінай угору з аўтаматаў ППШ, выпілі выдзеленыя з гэтай шчаслівай нагоды «франтавыя» сто грамаў. Цешыла нас і тое, калі шчыра, што мы ўжо не трапім на вайну. Праўда, некаторыя з навабранцаў вясны 1945 года ваявалі потым на Далёкім Усходзе з японцамі, але нашую часць адправілі назад у Беларусь.

Служыў потым 7 год у асобным інжынерна-будаўнічым батальёне, які займаўся рамонтам аэрадромаў і ўзвядзеннем часовых узлётных палос для самалётаў у самых розных частках савецкай краіны. Сітуацыя тады ў свеце была неспакойная, і СССР зноў рыхтаваўся да вайны.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную Турлаўку, у хуткасці ажаніўся. Доўгія гады працаваў спачатку ў мясцовым калгасе імя Громава, затым у спецыялізаванай гаспадарцы – эксперыментальная база «Быхаўская». Займаў пасады брыгадзіраў паляводчай брыгады, загадчыкаў малочнатаварнай фермы і свінафермы. Заўсёды браў удзел у мерапрыемствах ваенна-патрыятычнай тэматыкі на тэрыторыі Чарнаборскага сельсавета, ідэйным выхаванні падрастаючага пакалення.

Аляксандр Шагаеў мае медалі «За перамогу на Германіяй», «За бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–45 гадоў», шмат юбілейных узнагарод.

Ахрыменя, М. Вярнуўся з двума медалямі / Мікалай Ахрыменя. – 2015. – 25 красавіка. – С. 4.