Цярэшчанка Канстанцін Сямёнавіч

Шклоўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Пасля вяселля – адразу на фронт

– 22 чэрвеня 1941 года было для мяне адначасова і радасным, і сумным днём. Бо тады я знайшоў і пакінуў сваё шчасце – 18-гадовую жонку Таццяну, каб пайсці ваяваць за нашу Радзіму, – з хваляваннем успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Цярэшчанка Канстанціна Сямёнавіча прызвалі ў пяхотныя войскі, што фарміраваліся пад Бабруйскам. Асаблівай падрыхтоўкі, як правільна трымаць вінтоўку і іншым прамудрасцям ваеннай справы, не праводзілі. Іх навабранцы атрымалі на практыцы, у баях пры абароне, а потым і пры вызваленні гарадоў Беларусі і іншых краін свету ад фашысцкай навалы.

Найбольш яскравыя ўспаміны засталіся ў ветэрана аб тым, як яны тры дні бралі польскі горад Данцыг (іншая назва Гданьск), што знаходзіцца на беразе Балтыйскага мора за Кёнігсбергам. Баі былі жорсткія, а сілы няроўныя.

Гучыць загад камандзіра: сямі воінам, у тым ліку і радавому Цярэшчанку, прыняць агонь на сябе. Яны становяцца жывой мішэнню для немцаў. У выніку два байцы забіты, астатнія цяжка паранены. Самае крыўднае, што пры перастрэлцы Канстанціну Цярэшчанку дастаецца не нямецкая куля, а свая. Іншай узнагароды за свой гераізм ён тады не атрымаў.

Пасля аперацыі ў палявым шпіталі ў Польшчы К. С. Цярэшчанку накіроўваюць для прадаўжэння лячэння ў Горкі, што каля Масквы. Праз чатыры месяцы Канстанцін Сямёнавіч даведваецца аб заканчэнні вайны. Але яго шлях ляжыць не дамой, а на Далёкі Усход, у город Порт-Артур.

У Беларусь, у вёску Вабічы, дзе столькі гадоў чакала жонка Таццяна Мікітаўна, Канстанцін Сямёнавіч вярнуўся героем. На гімнасцёрцы – адной з самых дарагіх сэрцу рэліквій тых часоў, якая і зараз, праз 60 гадоў, выглядае так, быццам ён толькі прыйшоў з вайны, шматлікая колькасць узгагарод. Сярод іх ордэн Айчыннай вайны, медалі «За Перамогу над Германіяй», «За Перамогу над Японіяй». Яны маўклівыя сведкі таго, што давялося перажыць мільёнам такіх жа, як і наш герой, людзей у гады ваеннага ліхалецця.

Час ідзе, Цярэшчанкі пачынаюць наладжваць сумеснае жыццё. Адзін за адным нараджаюцца і вырастаюць трое дзяцей: Васіль, Валянціна і Надзея, з’яўляюцца ўнукі і праўнукі. Здаецца нядаўна і самі былі маладыя і поўныя жыццёвай энергіі, а ўжо стала ўспамінам іх знаёмства на гульнявым кірмашы ў Галоўчыне Бялыніцкага раёна. Як не шкадуючы сіл працавалі на калгасных палетках у паляводчых брыгадах. Канстанцін Сямёнавіч, неглядзячы на тое, што ён інвалід вайны, ніколі не цураўся цяжкай работы. Прымаў удзел у будоўлі фермы, клуба, быў добрым касцом і меліяратарам, памагатым па хатняй гаспадарцы жонцы.

Рандзіцкая, М. Пасля вяселля – адразу на фронт / Марына Рандзіцкая, Алена Равяка // Ударны фронт. – 2005. – 29 чэрвеня. – C. 3.