Цыганкоў Васіль Даніілавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Васіль Цыганкоў нарадзіўся 22 лютага 1921 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і на Пскоўшчыне, у вёсцы Аўсюхова. Бацькі – Данііл Яфімавіч рабіў брыгадзірам у калгасе «Чырвоны кастрычнік», а Таццяна Пятроўна працавала даяркай – дзяцей прывучалі да працы з дзяцінства: гультаёў тады не гадавалі дакладна. Прычэпшчыкам на трактары Васіль стаў пасля сканчэння 5 класаў, але праз паўтара года ўжо самастойна і рамантаваў магутную машыну, і ўздымаў зябліва, і наогул садзіў-сеяў: хлопца цягнула да тэхнікі, ён выйшаў па-сапраўднаму пісьменным спецыялістам і карыстаўся аўтарытэтам у вяскоўцаў, а бацькі ганарыліся сынам.

Пасля ўборкі ўраджаю саракавога года яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Марыў служыць у танкавых войсках, але апынуўся ў радах артылерыстаў. Паралельна з асваеннем гарматы здзяйсняючы марш-кідкі ды кросы, кідаючы гранаты і страляючы.

Тое 22 чэрвеня запомнілася на ўсё жыццё. Артпадраздзяленне прыбыло на снеданне, а тут – варожыя самалёты, бамбёжка, стогны параненых і першыя ахвяры вайны...

Радавы Цыганкоў з байцамі на правадзімых раней палітінфармацыях ужо чуў, што ў 1939-40 гадах вяліся баявыя дзеянні між Фінляндыяй і СССР, што па мірным дагаворы мяжа на Карэльскім перашыйку была адсунута на 150 кіламетраў, што да нашай краіны адышлі Выбарг, Кексгольм і іншая тэрыторыя з населенымі пунктамі. Ведалі яны і пра тое, што ў Фінляндыі з Нарвегіяй знаходзяцца нямецкія войскі. I вось 26 чысла – вестка: Фінляндыя ўступае ў вайну супраць СССР на баку Германіі. Выходзіць, ім прыйдзецца змагацца, па ўсёй верагоднасці, на поўначы...

Баі мясцовага значэння з фінамі адбываліся амаль штодня. Вораг быццам прашчупваў нашу абарону, шукаў у ёй слабыя месцы, а разведка дакладвала, што назіраецца канцэнтрацыя значных сіл, значыць, рыхтуецца сур’ёзнае наступленне. Ішоў трэці тыдзень вайны, але байцы працягвалі ўтрымліваць дзяржаўную граніцу, часта самі хадзілі ў контратакі і пераходзілі мяжу, білі праціўніка на яго зямлі.

Васіль ваяваў у супрацьтанкавым знішчальным дывізіёне. Памятае, як аднойчы батарэя разам з узводам пяхоты больш 10 гадзін утрымлівала перакрыжаванне стратэгічных дарог, адбіваючыся ад злосных атак дзвюх рот фінаў. Тады артылерыстам прыйшлося весці агонь прамой наводкай, было багата страт, але загад выканалі, пазіцыі ўтрымалі.

Памятае франтавік і першыя тагачасныя трафеі – веласіпеды. Яны былі здабыты, калі разграмілі групу аўтаматчыкаў, якая рвалася ў савецкі тыл дзеля здзяйснення дыверсій. Не ўдалося...

Пра напружанасць баёў пры абароне Петразаводска яму не дае забыцца раненне. Тады роце было загадана ўзяць і ўтрымаць сяло, якое колькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Штурм прынёс поспех, чацвёра сутак адбіваліся ад ворага, але ў выніку ўсё ж пакінулі яго: вельмі ўжо няроўнымі аказаліся сілы...

У яго памяці і «Лысая гара» – так звалі адну з вышынь. Пры яе атацы Васіль Данілавіч быў зноў паранены, праўда – даволі лёгка, так што поле бою не пакінуў.

Фарсіраваў ён і Свір. Падыходы да ракі прыкрываліся некалькімі лініямі траншэй з дротавай калючай агароджай у колькі радоў, мінамі, усімі магчымымі перашкодамі. І ўсё ж пасля залпаў «кацюш» ды працяглай артпадрыхтоўкі стралковае падраздзяленне выканала пастаўленую камандаваннем складаную задачу.

Потым быў ізноў Петразаводск – толькі ўжо не абарона горада, як амаль тры гады таму, а штурм, выбіццё праціўніка, яго вяртанне. У баях за які камандзір гарматы зноў праявіў сябе з найлепшага боку. Тады прыйшлося браць у рукі і аўтамат, і сяржант асабіста знішчыў шасцярых фрыцаў. Праўда, у гарачцы бою не заўважыў, як немец кінуў гранату, атрымаў раненне ў спіну, У прытомнасць прыйшоў ужо ў медыка-санітарнай роце, паўгода лячыўся ў Башкірыі. У шпіталі сустрэў і доўгачаканы Дзень Перамогі, там жа даведаўся і пра ўзнагароду – медаль «За баявыя заслугі».

Пасля лячэння быў камісаваны, стаў інвалідам вайны 2 групы, вярнуўся дамоў. Адпачываў нядоўга, пайшоў рабіць на алюмініевы завод: брыгадзір аддаў яму чвэрць стагоддзя. I Васіль Данілавіч па праве ганарыцца не толькі ваеннымі ўзнагародамі, а і медалём «За працоўную адзнаку”.

Ажаніўся ён у сорак сёмым, так што з Настассяй Кірылаўнай будуць сёлета адзначаць ужо 57 гадоў сумеснага жыцця. Сын Віталь пасля вучобы ў Ленінградскім горным інстытуце працягвае справу бацькі – робіць зменным майстрам на тым жа заводзе. Дачка Таццяна скончыла Ленінградскі фінансава- эканамічны інстытут і працуе ў Самары. У Цыганковых ужо 2 унукі і столькі ж унучак, ёсць праўнук. У Асіповічы яны пераехалі ў 1974 годзе. Жывуць – і радуюцца мірнаму жыццю, за якое і праліваў сваю кроў франтавік.

Алейнікаў, Г. Вайну ён ведае не па чутках / Г. Алёйнікаў // Асіповіцкі край. – 2004. – № 36. – 7 мая. – С. 7.