Цалабёнак Васіль Мікалаевіч

г. Магілёў

БИОГРАФИЯ

Гвардзеец вайны і працы

Нельга сказаць, што першая сустрэча з Васілём Мікалаевічам Цалабёнкам была выпадковай. Завітаў ён у гарваенкамат, каб падзяліцца сваімі засмучэннямі.

– Наш дом зносяць, даюць новую кватэру, але аднапакаёвую. – Васіль Мікалаевіч замаўчаў. Засмучанне, разгубленасць адбіліся на яго твары.

Слова за слова – разгаварыліся. I аказалася – на гэты раз на прыём у ваенкамат прыйшоў чалавек з багатай біяграфіяй.

Васіль Цалабёнак пайшоў у Савецкую Армію ў 1939 годзе, а вярнуўся толькі пасля вайны. З чэрвеня 1941 па май 1945 знаходзіўся на фронце. Быў двойчы ранены, кантужаны, доўгі час лячыўся ў шпіталях.

Ваяваць старшыне В.М. Цалабёнку давялося механікам-вадзіцелем танка. Аб яго доблесці і геройстве на фронце гавораць два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Славы ІІІ ступені, два медалі «За адвагу» і іншыя.

Вось што расказвае пра сябе былы старшына, а цяпер брыгадзір электраслесараў, ударнік камуністычнай працы Магілёўскага прадпрыемства электрасетак:

– Ордэн Чырвонай Зоркі я атрымаў за адзінаборства з фашысцкімі танкамі «тыграм» і «пантэрай», Славу III ступені – за фарсіраванне Одэра, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені – за паспяхова праведзеную танкавую атаку. У той час мы не думалі аб узнагародах, трэба было перамагчы моцнага і каварнага ворага. А ўзнагароды самі знаходзяць салдата.

Дэмабілізаваўшыся з арміі, былы гвардзеец вярнуўся ў родны Магілёў, паступіў працаваць на Магілёўскае прадпрыемства электрасетак.

– Працуе Васіль Мікалаевіч выдатна, тут ніякіх заўваг да яго няма, – гаворыць намеснік дырэктара Тужыкаў. – Спецыяліст ён добры. Прадпрыемства абслугоўвае горад Магілёў і восем раёнаў цэнтральнай часці вобласці. Васіль Мікалаевіч часта ездзіць у камандзіроўкі, удзельнічае ў рамонце падстанцый. Заданні заўсёды выконвае якасна і ў тэрмін.

Старшыня заўкома прафсаюза Валерый Міхайлавіч Пархімовіч працуе разам з Васілём Мікалаевічам больш за 16 год. Ён расказаў:

– Ён выдатны спецыяліст, умелы настаўнік моладзі. За 35 год работы на прадпрыемстве падрыхтаваў некалькі дзясяткаў спецыялістаў складанай электрагаспадаркі прадпрыемства. За высокія паказчыкі ў працы і асабістыя заслугі ў развіцці энергагаспадаркі ўзнагароджан ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ленінскім юбілейным медалём.

З гутаркі са старшынёй заўкома я таксама даведаўся, што электраслесар Цалабёнак В.М. за поспехі ў працы занесен у Кнігу народнай славы «Белгалоўэнерга», неаднойчы быў адзначан падзякамі, граматамі, прэміямі, каштоўнымі падарункамі прадпрыемства.

– Нядаўна Васіль Мікалаевіч падзяліўся са мной сваёй радасцю, – гаворыць Валерый Міхайлавіч. – Ён атрымаў асобную двухпакаёвую кватэру на Пушкінскім праспекце. У гэтым жа доме атрымалі асобныя кватэры і яго дзеці.

Важна тое, што заслужаны ветэран вайны і працы ў страі. Ён жыве сярод нас, пільна і з цеплынёй углядаецца ў твары прахожых, у новабудоўлі роднага горада і ганарыцца, што яго кроў праліта на франтах вайны ў імя самага дарагога – міра на зямлі і сваёй радзімы – Беларусі.

Запісаў Леанід Іскроў