Ухналёў Аркадзь Сцяпанавіч

Шклоўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Прыемнае знаёмства

У адзін з летніх дзен на вуліцы райцэнтра маю ўвагу прыцягнуў сталы чалавек каларытнага выгляду з ордэнам Вялікай Айчыннай вайны на лацкане пінжака. Так адбылося маё знаёмства з ветэранам вайны і працы Аркадзем Сцяпанавічам Ухналёвым. У той дзень ён спяшаўся па сваіх справах, таму пагутарыць з ім аб жыцці-быцці не давялося, але Аркадзь Сцяпанавіч запрасіў да сябе ў госці ў вёску Чарнаручча.

Праўшоў пэўны час і вось, будучы ў калгасе імя Свярдлова на ўборцы збожжавых, успомніў пра запрашэнне. Адна з работніц зернатока, у якой мы запыталіся, дзе знайсці Ухналёва, адказала: «Ён мой сусед. І калі вы мяне падвязеце да хаты, то пакажу яго дом».

Так напрыканцы ліпеня адбылася мая другая сустрэча з гэтым цікавым чалавекам.

Па ўзросту Аркадзь Сцяпанавіч – равеснік маёй маці. Нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Гаршкова Нова-Брашчынскага сельсавета ў вялікай сялянскай сям’і (на жаль, гэтая вёска і сельсавет ужо не існуюць). З семярых дзяцей ён – перадапошні. Бацькі – Сцяпан Дзянісавіч і Варвара Еўдакімаўна – працавалі ў тагачасным калгасе «Перамога». Жылі небагата, таму і дзеці з маленства зараблялі на хлеб. Адзінаццацігадовы Аркадзь пачаў свой працоўны шлях на смалакурні ў вёсцы Нова-Брашчына. Затым некалькі год пасвіў кароў ў розных вёсках раёна. Школу наведваў рэдка, таму і ў вучобе асабліва не вызначаўся.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аркадзю споўнілася 14 год. Ён добра памятае ўсе пакуты і цяжкасці, якія давялося перажыць у акупацыі. Іх вёска ў час вызвалення раёна ад ворагаў вельмі пацярпела – выгарэлі амаль усе дамы, засталіся лічаныя пабудовы. Пасля вызвалення юнак быў прызваны палявым ваенкаматам у армію і накіраваны ў 77-ю танкавую брыгаду. З баямі дайшоў да Кёнігсберга, быў лёгка паранены.

Затым брыгаду перакінулі пад Кракаў і пачалі рыхтаваць да адпраўкі на Далёкі Усход, дзе намячалася аперацыя па ліквідацыі квантунскай групоўкі японскіх войскаў. Дэмабілізаваўся бывалы салдат у 1951 годзе і вярнуўся на радзіму.

Атрымаў пашпарт, уладкаваўся на льнозавод слесарам. Затым на працягу года ў Мінску павышаў кваліфікацыю, пасля чаго часта падмяняў майстра змены. Працуючы на заводзе, ажаніўся на аднавясковцы Зінаідзе. Адзін за другім нарадзіліся сыны Пётр і Сяргей. Калі ім споўнілася 4 і 3 гады, маладыя бацькі завербаваліся на цаліну.

Прыехалі ў Паўночна-Казахстанскую вобласць у 1961 годзе і 39 год адпрацавалі ў саўгасе «Маскварэцкі». Розныя работы прыйшлося выконваць галаве сям’і – быў сталяром, жывёлаводам, механізатарам і заўсёды працаваў сумленна, па-гаспадарску. Тут, на новым месцы, нарадзіўся і трэці сын Уладзімір.

Хутка праляцеў час, сыны павырасталі, жывуць і працуюць самастойна, у кожнага свая сям’я. Старэйшыя – Пётр і Сяргей – засталіся ў цалінным саўгасе, працуюць аграномам і вадзіцелем. Малодшы, кандыдат педагагічных навук, працуе ў адным з інстытутаў у Екацерынбурзе. Аркадзь Сцяпанавіч і Зінаіда Іванаўна пасля развалу СССР вырашылі вярнуцца на сваю радзіму.

Купілі невялічкі дом у Чарнаруччы, тут мяркуюць і дажываць свой век. Не ўсё гладка складвалася на новым месцы жыхарства. Былі пэўныя цяжкасці з пераафармленнем пенсіі, і ў мясцовым калгасе імя Свярдлова іх не адразу пачалі лічыць сваімі. Таму былі пэўныя непаразуменні з выпіскай гною пад веснавую сяўбу і камбайна, каб абмалаціць збожжа.

Тры гады жывуць яны на радзіме, за гэты час сталі сваімі. Суседзі нярэдка дапамагаюць: то дровы пабіць, то яшчэ што зрабіць, бо Ухналёвы ўжо людзі сталага ўзросту і здароўе не тое, што раней. Вось так і жывуць яны – простыя працаўнікі, аддаўшыя лепшыя гады свайго жыцця сумленнай працы на карысць Радзіме. Заўсёды з цярпеннем і цікаўнасцю чакаюць пісьмаў і паштовак ад дзяцей і ўнукаў. Ёсць ужо і праўнукі, так што род Ухналёвых працягваецца і набірае сілы.

Развітваючыся з Аркадзем Сцяпанавічам, мімаволі падумалася: «Добра, што тады на вуліцы пазнаёміўся з гэтым цікавым і працавітым чалавекам, бо менавіта на такіх людзях трымалася і трымаецца наша зямля».

Бялясаў, А. Прыемнае знаёмства / Аляксандр Бялясаў // Ударны фронт. – 2002. — 7 жніўня. — С. 2.