Трубкін Іван Міхайлавіч

Шклоўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Зведаў акупацыю і радасць вызвалення

Рыхтуючыся да ўрачыстага святкавання 60-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы зноў аднаўляем падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Мінуць дзесяцігоддзі і стагоддзі, але ў памяці пакаленняў захаваецца легендарная мужнасць нашага народа.

На жаль, з кожным годам ветэранаў вайны становіцца ўсё менш і менш. Але сёння хочацца расказаць пра тых, хто разам з намі, хто яшчэ раз напамінае нам аб тым дні, калі прагучала доўгачаканае слова «Перамога».

На тэрыторыі Гарадзецкага сельскага Савета пражывае 20 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх толькі два – у вёсцы Гарадзец. Гэта Іосіф Пятровіч Крупенька і Іван Міхайлавіч Трубкін. Пра апошняга з іх сёння раскажу.

Нарадзіўся Іван Міхайлавіч Трубкін у 1922 годзе у вёсцы Стараселле Славенскага сельсавета. Калі пачалася Вялжая Айчынная вайна, ён вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым тэхнікуме. Неўзабаве быў мабілізаваны на фронт, але ваяваць не прыйшлося. Адразу пад Магілёвам трапіў у акружэнне. Трубкін з вялікімі цяжкасцямі дабраўся да сваёй вёскі.

Да 1944 года давялося жыць на акупіраванай тэрыторыі, а пасля вызвалення Беларусі зноў пайшоў на фронт, трапіў у 183-і стралковы полк 33-яй дывізіі 3-га Беларускага фронта, якім камандаваў І. Д. Чарняхоўскі. Іван Міхайлавіч быў прызначаны камандзірам кулямётнага разліку.

Са слязамі на вачах ветэран успамінае баявыя паходы, бо амаль кожны дзень даводзілася страчваць сваіх баявых таварышаў. У баях за Кёнігсберг Іван Міхайлавіч быў паранены і трапіў у шпіталь, але пасля папраўкі зноў вярнуўся ў сваю роту. За вызваленне гэтага горада Іван МІхайлавіч быў узнагароджаны медалём «За ўзяцце Кёнігсберга». Тут ён і сустрэў Перамогу.

Але на гэтым баявыя паходы не скончыліся. 29 мая яго часць была адпраўлена на Далёкі Усход. Прыйшлося яшчэ ваяваць з японскімі мілітарыстамі, за што і быў узнагароджаны медалём «За перамогу над Японіяй».

Толькі ў 1947 годзе Трубкін дэмабілізаваўся з арміі. У хуткім часе Іван Міхайлавіч сустрэў сваю будучую жонку Пелагею Сцяпанаўну з вёскі Гарадзец. Сям’я вырашыла тут жыць. Уступілі ў калгас «Прамень камунізму». Працаваў Іван Міхайлавіч начальнікам участка, намеснікам старшыні калгаса, будаўніком, а потым на пілараме. За працоўныя заслугі быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалямі. У 1992 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

У сям’і Трубкіных два сыны і адна дачка. Дачакаліся ўнукаў, якія часта наведваюцца ў дом дзядулі. У госці прыходзяць і вучні Гарадзецкай сярэдняй школы, удзельнікі клуба «Краязнавец» мясцовай бібліятэкі. Усё таму, што з Іванам Міхайлавічам цікава. Шмат чаго ён можа паведаць дзецям. I ветэрану не прыходзіцца сумаваць.

Алейнікава, В. Зведаў акупацыю і радасць вызвалення / Валянціна Алейнікава // Ударны фронт. – 2005.