Тарасаў Рыгор Мікалаевіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

«Гэты дзень мы набліжалі як маглі» – з гэтых слоў і пачалася гутарка з Рыгорам Мікалаевічам Тарасавым, актыўным удзельнікам Вялікай Айчыннай. Найперш ветэран успомніў, як у трыццаць шостым памерла маці, Варвара Фёдараўна, як засталося пяцёра малых дзяцей, а яму, старэйшаму, было ўсяго адзінаццаць... Словам, жылося малым несалодка. Але верылі ўлепшае, спадзяваліся, што ўсё гэта часова, прыйдуць і іншыя часіны. Толькі перакрэсліла многае вайна...

У жніўні 1942 года 17-гадовы Рыгор Тарасаў быў прызваны на фронт Новазаімскім РВК Омскай вобласці. Да гэтага ён паспяхова скончыў 6 класаў, добра страляў, меў значок «Варашылаўскі стралок».

Трапіў напачатку ў 116-ы запасны стралковы полк у Бійску, у роту, дзе рыхтавалі снайпераў. Вучоба праляцела хутка, і ў маі сорак трэцяга ў складзе 26-й Алтайска-Сібірскай стралковай брыгады чырвонаармеец Тарасаў быў ужо на Заходнім фронце. I цэлы тыдзень іх 253-ці полк «угрызаўся» у зямлю, каб абараніцца ад агню варожай авіяцыі, артылерыі з мінамётамі ды аўтаматна-кулямётных куль.

– Цяжка было, – успамінае ветэран, – днём і ноччу рабілі. Ноччу найперш займаліся абсталяваннем траншэй – 10 метраў норма была. А днём рыхтавалі ў тыле бярвенне ды калы, валілі лес і сцягвалі матэрыял да пярэдняга краю, каб пусціць усё ноччу ў справу. Так што спалі прыхваткамі. Пабудаваныя ўмацаванні не аднаму з нас жыццё выратавалі...

Ён добра памятае сваё першае баявое хрышчэнне, калі паступіў загад узяць вышыню 203,2. Ноччу рыхтаваліся да атакі, пісалі лісты дамоў, бо ведалі, што такі бой для кожнага можа стаць апошнім. Уранку пасля артпадрыхтоўкі на адным дыханні ўзялі першую лінію варожых акопаў. Толькі немцы хутка апамяталіся, адкрылі такі моцны агонь, што не верылася проста ў магчымасць жывым застацца. А тут яшчэ нечакана танкі з’явіліся. Карацей, адкаціўся назад полк, адышоў на зыходныя пазіцыі.

Назаўтра – новая наша атака, зноў вялікія страты, гібель верных сяброў. Вышыню ўзялі, аднак праціўнік усё рабіў, каб вярнуць яе сабе. Ізноў паперлі варожыя танкі, ізноў варожы вогнены смерч... Некалькі танкаў удалося падбіць, атакі ворага адна за другой захлёбваліся, у нас – страты вялікія, боепрыпасы на зыходзе, а вораг прэ і прэ. Але быў загад вышыню не аддаць – нягледзячы ні на што! Вось і біліся да апошняга. I неяк выстаялі...

Пяць месяцаў вяла пяхота цяжкія баі з фрыцамі і кулі-асколкі абміналі Тарасава. Пакуль не прыйшло 22 верасня 1943 года, калі твар у твар сутыкнуўся на Смаленшчыне з фашыстам. Стрэлілі практычна адначасова: немец быў забіты, чырвонаармеец – паранены. Працягваў страляць, падтрымліваць агнём таварышаў у атацы. Калі ж адчуў, што канчаюцца сілы, што сплывае проста крывёй, то папоўз у бок палкавога медпункта. Там аказалі дапамогу, накіравалі ў тыл. I без малога тры месяцы – шпіталь у Калузе. Пасля выздараўлення – 20-дзённы адпачынак у запасным палку і – зноў у пекла. Вось толькі ход вайны ўжо змяніўся, пералом відавочны быў.

– У канцы сорак трэцяга наш 882-гі стралковы полк займаў абарону на рацэ Проня ў Чавускім раёне, – расказвае Рыгор Мікалаевіч. – Менавіта адсюль я пачаў разам з сябрамі-таварышамі вызваляць Беларусь. Тут за выдатныя баявыя дзеянні пры фарсіраванні ракі, утрыманне плацдарма і прарыў варожай абароны мне была аб’яўлена падзяка Сталіна і атрымаў першую ўзнагароду – медаль «За баявыя заслугі». А наперадзе яшчэ чакаў Дняпро, трэба было яго фарсіраваць і вызваліць Магілёў...

Паспяхова быў выкананы і гэты загад камандавання. Сведчанне – ордэн Славы III ступені, чарговая – іх цэлых 12 – падзяка Сталіна.

– Было страшна? – перапытвае ветэран. – Ды няма чалавека, каму не бывае страшна, я не веру такім. Мне ж было больш за ўсё страшна трапіць у палон – добра ведаў, як здзекваліся там з нашых фашысты. Не, такога ніколі не забудзеш...

Ветэран замаўчаў, пра што ён думаў, аб чым успамінаў? Мо, што ваяваў тады недзе побліз з бацькам, але так за ўсе ваенныя дні і ночы і не давялося сустрэцца? Ці аб тых 65 забітых ім асабіста фашыстах, калі быў снайперам – іх жа таксама нехта чакаў дома, у ворагаў таксама былі і бацькі, і дзеці. Ці прыйшлі на памяць цяжкія баі за вызваленне Гродна? Горада і крэпасці Асавец? Альбо Астраленка? Альбо як быў кантужаны, цудам застаўся жывым на свеце? Ох, ужо гэтыя ветэранскія ўспаміны...

Другое раненне ў нагу Рыгор Мікалаевіч атрымаў у студзені пераможнага года пры баях ва Усходняй Прусіі. Не адну падзяку заслужыў чалавек, беручы Найдэнбург і Паненбург, Алендорф і Едвабна, Віленберг і Ортэльсбург, Марунген, Заальфэпьд, Фрайштадт – пералічваць населеныя пункты можна доўга.

– Добра памятаюцца вельмі жорсткія баі за авалоданне горадам Ханлігенбайль – апошнім апорным пунктам абароны немцаў на і ўзбярэжжы заліва Фрыш Гаф, – успамінае ветэран.

– Я тады ордэнам Чырвонай Зоркі быў узнагароджаны. За кожны дом, за кожны квартал фашысты ўпарта чапляліся, да канца біліся. I забіралі жыцці нашых байцоў і камандзіраў. Сам ледзь жывым застаўся пры разгроме ўсходне-прускай групы ля Кёнігсберга. З цяжкімі баямі прыйшлося прымаць удзел і ў акружэнні-ліквідацыі нямецкіх войскаў паўднёва-заходней Берліна. Ну, а вайну скончыў на Эльбе – сустрэчай з амерыканцамі. Абмяняліся тады сувенірамі на памяць, выпілі па кілішку віскі...

З Эльбы да Магілёва сяржант Рыгор Тарасаў у складзе 290-й стралковай Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава II ступені дывізіі вяртаўся ў пешым страі. Выйшлі ў пачатку чэрвеня, дайшлі да Магілёва ў канцы жніўня – суткі ішлі, двое адпачывалі. З лета наступнага года сяржант служыў ужо ў Асіповічах – напачатку тэрміновую службу камандзірам аддзялення, а ў сакавіку пяцідзесятага застаўся і надалей у войску, ужо старшыной дывізіёна. I – да жніўня 1972 года цягнуў і цягнуў ваенную лямку. Працягвае і цяпер жыць былы франтавік у нашым горадзе. I часта ўспамінае былое, успамінае...

Алейнікаў, Г. Гэты дзень мы набліжалі як маглі / Г. Аленікаў // Запаветы Леніна (Асіповічы). - 1997. - 16 ліпеня.

Ветэран ўспамінае

У жніўні сорак другога года Рыгор Тарасаў быў прызваны на фронт Новазаімскім райваенкаматам Омскай вобласці. Тады яму было толькі 17 гадоў, аднак на фронце было цяжка і патрабаваліся ўсё новыя і новыя сілы. 3 малымі братамі і сёстрамі развітваліся цяжка: з 1936 года, калі памерла маці Варвара Фёдараўна, іх бацька працаваў днём і ноччу, каб пракарміць пяцёра дзяцей, таму Рыгорка ў доме для ўсіх быў адначасова і татам, і матуляй, і старэйшым братам-дарадчыкам. Бацька пайшоў на вайну яшчэ ў чэрвені сорак першага, вестак ад яго не было аніякіх, і слёзы ледзь стрымлівалі пры развітанні як малыя, так і малады навабранец. Але – нічога не зробіш...

Да вайны Рыгор паспяхова скончыў 6 класаў, трапна страляў, займаўся барацьбой і таму, напэўна, яго і накіравалі ў Бійск – у роту, дзе рыхтавалі снайпераў. Так пасля вучобы ў маі 1943 года і апынуўся чырвонаармеец на Заходнім фронце. На іх участку рыхтаваліся да ўпартых баёў, таму больш тыдня 256-ы полк «угрызаўся» у зямлю.

– Цяжка было, – успамінае ветэран, – днём і ноччу рабілі ўмацаванні, а паралельна яшчэ і ваяваць вучыліся. Спалі прыхваткамі, ад стомленасці проста з ног валіліся, затое гэта многім дапамагло захаваць жыццё, вельмі спатрэбілася, каб выжыць.

– Першае баявое хрышчэнне? – перапытвае Рыгор Мікалаевіч. I – замаўкае, успамінаючы тыя часіны ваеннага ліхалецця. – Паступіў загад узяць вышыню 203,2 – узяць любой цаной. Ноччу рыхтаваліся да атакі, пісалі лісты дамоў – ведалі, што для кожнага гэты бой можа стаць апошнім. Уранку, пасля артпадрыхтоўкі, моўчкі пайшлі наперад. На адным дыханні ўзялі першую лінію варожых акопаў, потым захапілі і другую. Немец пабег, аднак ачуняў хутка і адкрыў такі шалёны агонь, што ў магчымасць выжыць нікому не верылася. Фашысты ўсё зрабілі, каб адбіць вышыню назад, сілы няроўныя былі, у нас боепрыпасы канчаліся, шмат забітых і параненых з’явілася, а фрыцы ўсё перлі і перлі. Так што не вытрымалі рэшткі палка, адкаціліся назад, адышлі мы на зыходныя пазіцыі. Уначы да нас папаўненне прыйшло і – у новую атаку, зноў выбілі ворага, панесшы самі вялікія страты. І хаця захопнікі ўсё зрабілі, каб нас адкінуць назад, гэта ўжо не ўдалося: наша камандаванне катэгарычна загадала вышыню не аддаваць – нягледзячы ні на што. Да апошняга патрона біліся, багата верных сяброў там палегла, аднак мы разумелі, што назад дарогі няма – і неяк выстаялі. I зразумелі, што немца ўсё ж можна біць...

– Пяць месяцаў калі пяхота вяла цяжкія баі з праціўнікам, міналі асколкі ды кулі Тарасава. А 22 верасня 1943 года ў адным з баёў на Смаленшчыне ён твар у твар сутыкнуўся з гітлераўцам. Стрэлілі адначасова і абодва – трапна. Толькі вораг быў забіты, а Рыгор атрымаў раненне. Працягваў падтрымліваць ён агнём таварышаў да канца, разумеў, што кожны баец на вагу золата. Калі ж адчуў, што сілы канчаюцца, што сыдзе крывёй проста, то папоўз у бок свайго медпункта. Там аказалі першую дапамогу, зрабілі аперацыю і адправілі ў тыл – 3 месяцы лячыўся ў Калужскім шпіталі. Пасля чаго 20 дзён адпачываў у запасным палку і – зноў у пекла, на перадавую...

– Тады ход вайны ўжо змяніўся, пералом адчуваўся, аднак лягчэй ваяваць не стала, – расказвае ён. – Немцы ваякі добрыя, іх шапкамі закідаць нельга, яны да апошняга змагаліся. Але мы сваю Радзіму вызвалялі, гэта ўдвойвала сілы. У канцы сорак трэцяга наш 882-і стралковы полк на Проні быў, у Чавускім раёне, якраз адсюль я разам з таварышамі пачаў вызваляць шматпакутную Беларусь, тут за выдатныя баявыя дзеянні пры фарсіраванні ракі, утрыманне плацдарму і прарыў варожай абароны падзяку ад імя Сталіна атрымаў, медалём „За баявыя заслугі“ быў узнагароджаны. А наперадзе яшчэ Днепр чакаў, яго таксама фарсіраваць трэба было, Магілёў вызваліць! Калі Дняпро фарсіравалі, то вада проста кіпела ад артылерыйска-мінамётнага агню ды асколкаў, сотні байцоў тады пайшло на дно ад прамых пападанняў у плыты снарадаў. Быў разбіты і той, на якім я перапраўляўся, – мне пашчасціла, што добра мог плаваць, што выбраўся на бераг са зброяй.

– Словам, быў паспяхова выкананы і гэты загад камандавання. Сведчанне мужнасці і адвагі Тарасава – ордэн Славы 3-й ступені і чарговая – іх усяго 12 сабралася – падзяка ад імя І.В.Сталіна. I ветэран беражэ іх, па праву ганарыцца ваеннымі ўзнагародамі.

– Не веру тым, хто гаворыць, што на вайне не было страшна, – кажа Рыгор Мікалаевіч, – так не бывае, лухта гэта. Мне, напрыклад, было вельмі страшна, калі ішоў у штыкавую атаку. Я бачыў многіх забітых і параненых у такіх баях–гэта жудасная карціна. Чалавек амаль ніколі не выжывае, калі атрымоўвае штыкавое раненне ў жывот. I яшчэ было вельмі страшна трапіць у палон: добра ведаў, як здзекваліся з нашых там фашысты. Не, такога ніколі не забудзеш...

Ветэран зноў замаўкае. Пра што ён думае, аб чым успамінае? Мо, што тады недзе побліз ваяваў і бацька, але ім так за ўсю вайну і не давялося сустрэцца? Ці аб тых 65 забітых ім асабіста гітлераўцах, калі быў снайперам? Іх жа таксама нехта чакаў дома, у ворага таксама ж былі бацькі і браты з сёстрамі, і дзеці... А можа ўсплыло ў памяці вызваленне Гродна? Горада і крэпасці Асавец? Астраленка? Ці як быў кантужаны і наогул цудам застаўся жывым? Ох, ужо гэтыя ветэранскія ўспаміны...

Другое раненне ў нагу ён атрымаў у студзені сорак пятага ва Усходняй Прусіі, але лячыўся на месцы, у палкавым медпункце. I разам з баявымі сябрамі браў Найдэнбург і Папенбург, Алендорф і Едвабна, Віленбург, Ортэльсбург, Марунген, Заальфэльд, Фрайштадт. Немцы таксама біліся за кожную вуліцу, кожны дом, яны таксама мелі загад жывымі не пакідаць акопы. Тарасаў мог быць забіты ў любы момант, але лёсам было наканавана гэтаму чалавеку выжыць.

– Добра памятаю жорсткія баі за авалоданне горадам Ханлігенбайль – апошнім апорным пунктам абароны ворага на касе Фрыш-гаф, – кажа Рыгор Мікалаевіч, – я тады ордэнам Чырвонай Зоркі быў якраз узнагароджаны. Фрыцы за кожны квартал упарта чапляліся, да канца адбіваліся, забіраючы і забіраючы жыцці нашых салдат і афіцэраў. Пры разгроме ўсходне-прускай групіроўкі ля Кёнігсберга сам ледзь жывы застаўся. Прыйшлося прымаць удзел і ў акружэнні-ліквідацыі нямецкіх войскаў паўднёва-заходняга Берліна. Ну, а вайну на Эльбе скончыў сустрэчай з амерыканцамі. Абмяняліся тады сувенірамі на памяць, па кілішку віскі выпілі...

З Эльбы да Магілёва сяржант Тарасаў вяртаўся ў складзе дывізіі ў пешым страі. Выйшлі ў пачатку чэрвеня, а дайшлі ў канцы жніўня, суткі ішлі – двое адпачывалі. Потым была служба ў Магілёве, пакуль з лета 1946 года не прадоўжыў яе ў Асіповічах – камандзірам аддзялення. Застаўся ў арміі і на звыштэрміновай службе, быў старшыной дывізіёна да 1972 года.

Аленікаў, Г. Ветэран ўспамінае / Георгій Аленікаў // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2000. – 1 ліпеня. – С. 2.