Свірыдава Анастасія Самсонаўна

Быхаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

На Быхаўшчыне пражываюць усяго дзевяць чалавек, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды СССР за самаадданую працу ў тыле ў час Вялікай Айчыннай вайны, і адзін з іх – лейтэнант медыцынскай службы ў адстаўцы Анастасія Самсонаўна Свірыдава.

Адрас гэтай мужнай жанчыны, нумар яе кватэрнага тэлефона мне далі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Там жа азнаёміўся з пенсійнаю справаю, у якой сабраны асноўныя дакументы. Па іх лёгка можна прасачыць працоўнае жыццё ветэрана. Так павінна быць. І так ёсць, калі ветэран гэты аформіўся на заслужаны адпачынак у нас, у Беларусі.

Сітуацыя са Свірыдавай зусім іншая. Доўгі час яна жыла і працавала ў буйным індустрыяльным цэнтры Украіны – горадзе Харкаве. Там завяршыла сваю працоўную дзейнасць, атрымлівала пенсійныя грыўны. І толькі ў лістападзе 2002 года пераехала да нас. Але так было пасля. Дагэтуль жа ёй давялося зведаць, пабачыць шмат падзей. І ўдзельнічаць у іх самой.

Малая радзіма Свірыдавай, у дзявоцтве Ігнацьевай – вёска Ніканавічы Быхаўскага раёна на левабярэжжы Дняпра. Тут яна вучылася ў школе-сямігодцы, а сярэднюю адукацыю атрымлівала ўжо ў СШ №1 г. Быхава. Займеўшы атэстат сталасці, нікуды з нашага старажытнага горада не паехала, а паступіла ў мясцовую двухгадовую школу медыцынскіх сясцёр. Дзейнічала тады, аказваецца, такая навучальная ўстанова, паступіць у якую можна было толькі па конкурсе. Але Ігнацьева не толькі паступіла, а і паспяхова закончыла тую школу, якая займала нібыта памяшканне жаночай гімназіі, існаваўшай пры царызме.

Поўным ходам ішла падрыхтоўка малодшага медыцынскага персаналу для грамадзянскіх, ды і вайсковых медыцынскіх устаноў. Выпускніцу школы медсясцёр Насту Ігнацьеву ў ліпені 1939 года накіравалі працаваць па спецыяльнасці ў Раснянскую сельскую ўчастковую бальніцу Дрыбінскага раёна. Там дзяўчына лячыла людзей да самага пачатку ваеннага ліхалецця. Калі ж грымнула Вялікая Айчынная, а нямецка-фашысцкія захопнікі імкліва рухаліся на ўсход, ваеннаабавязанага спецыяліста адразу прызвалі ў Чырвоную Армію. Давялося адступаць разам з савецкімі войскамі. Вось толькі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, выцягваць на сабе з поля бою альбо з-пад абстрэлу параненых байцоў і камандзіраў не давялося. Налёты ж бамбардзіровачнай варожай авіяцыі паспытала. То былі жахлівыя дні.

Служыла яна фельчарам 6-га запаснога чыгуначнага палка, які дыслакаваўся ў прадмесці Сталінграда. Потым полк перавялі ў іншае месца. Напэўна таму і не давялося ўдзельнічаць у знакамітай Сталінградскай бітве, калі савецкія войскі акружылі 100-тысячную групоўку гітлераўцаў разам з фельдмаршалам Паўлюсам, затым узялі яе ў палон. А месцы службы ваенфельчара Ігнацьевай былі не толькі там і не толькі ў запасным палку, а і ў Яраслаўлі, Сызрані, Дзяржынску, Куйбышаве ў штаце 417-га, 384-га ваенных шпіталяў, вайсковай часці 52217.

У 1945 годзе ўзнагародзілі медалём «За перамогу над Германіяй», выйшла замуж за маёра інтэнданцкай службы Хрысанфа Свірыдава, на чатыры гады старэйшага за яе. Шчаслівая дзяўчына на ўсё жыццё запомніла той дзень: 30 красавіка пераможнага 1945 года.

Неўзабаве скончылася вайна, а Наста працягвала службу. Афіцэрскі шынель яна зняла толькі праз сем гадоў. Са сваім Хрысанфам, звычайным і прыгожым тамбоўскім хлопцам, шмат дзе ездзіла, шмат чаго бачыла. І не толькі ў армейскіх гарнізонах, а і ў месцах адпачынку. У сямейным альбоме Свірыдавай захаваўся фотаздымак, дзе яна з мужам у цывільным адзенні знаходзіцца ў курортным Трускаўцы.

На вялікі жаль, у 1960 годзе мужа не стала. А яму ж ішоў толькі 51-шы год. Яны жылі ў Харкаве. Ды не здарма ў народзе кажуць, што адна бяда не ходзіць. Калі на працы, а працавала заўжды па спецыяльнасці, усё ладзілася, то ў асабістым жыцці – далёка не заўсёды.

На Быхаўшчыне заставаліся брат Іван, які потым дачасна памёр, сястра Соф’я альбо Сонечка, як яе заўсёды ласкава называе Наста. Дык вось Сонечка Наследава, работніца ваенгандлю ў 57-ай марской ракетаноснай авіяцыйнай дывізіі, расквартыраванай у Быхаве, як і старэйшая сястра, па той жа прычыне неўзабаве засталася без мужа. Вялікія перажыванні безвынікова не прайшлі: цяжка захварэла.

– Калі б не сястра, нават не ўяўляю, што са мною было б, – шчыра прызнаецца Соф’я Самсонаўна. – Гэта яна ўзяла на сябе і мой боль, хоць у самой таксама хапала клопатаў, выхадзіла мяне, вярнула да жыцця, калі забрала да сябе ў Харкаў. Так што з 1983 года мы заўсёды разам.

Дзевяностатрохгадовая старэйшая сястра толькі ўсміхаецца, з любоўю гледзячы на сваю малодшую, якой таксама багата гадоў.

Бачыць ветэран вайны і працы яшчэ нічога, а вось са слыхам – ёсць праблемы. Далёка не ўсё добра і памятае, асабліва даўнія падзеі. Пра тое, як разам прыйшлі да высновы, што наспеў час вярнуцца ў сваю родную Беларусь, на Быхаўшчыну, распавядае дакладна. А ўсё ішло так, як сёстры задумалі. Без праблем прадалі сваю добрую кватэру ў Харкаве і без праблем купілі сабе двухпакаёўку ў цагляным доме на ўездзе ў мікрараён Колас горада Быхава. У гэтай кватэры жывуць па сённяшні дзень. Жывуць добра, дружна, а дапамагае ім у гэтым сацыяльны работнік Аксана Ляхава. Яе чалавечымі, працоўнымі якасцямі ветэраны задаволены.

Сёстры ледзве не ў адзін голас расхвальваюць Аксану, а прыйшоўшая разам са мною на сустрэчу Вялянціна Мікалаеўна Краўцова, прадстаўніца раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у знак згоды сцвярджальна ківае галавою. Я таксама вельмі ўдзячны Краўцовай, паколькі без яе дапамогі наша сустрэча наўрад ці адбылася б. Раней двойчы тэлефанаваў сёстрам, каб дамовіцца аб сустрэчы, называючы сябе і мэту свайго намячаемага візіту, і двойчы чуў рашучае: «Не!». Яны адмаўлялі таму, што розныя людзі зараз звоняць, ходзяць. Не дарэмна ж міліцыя просіць і папярэджвае грамадзян, асабліва пажылых, адзінокіх, быць пільнымі.

А тут прыйшлі разам з добра вядомым ім, да таго ж сапраўды добрым чалавекам. Таму сёстры, як толькі пачулі знаёмы голас, адразу адчынілі дзверы свайго жытла, гасцінна запрашаючы прайсці ў залу. З імі прыемна было потым мець стасункі, размаўляць, бачыць, як яны дапаўняюць адна адну, калі часам нехта недакладна ўспамінаў той ці іншы факт.

Да таго ж абедзве ветліва, але настойліва прасілі нас не спяшацца пакідаць іх кватэру, а паспытаць прыгатаваныя імі гарбату, каву. Адмаўляць было неяк няёмка, але давялося, бо ў нас зусім не мелася часу на непрадугледжанае чаяпіцце. Таму, схаваўшы ў голасе жартоўнасць, паабяцалі завітаць у госці і сесці за святочны стол перад юбілейным Днём Вялікай Перамогі над гітлераўскай Германіяй. Ды нашы ветэраны не разгубіліся, а выказалі гатоўнасць належным чынам сустрэць нас не толькі напярэдадні, а і ў Дзень Перамогі 9 Мая.

Коласаў, М. З наступаючай арміяй / Мікола Коласаў // Маяк Прыдняпроўя. – 2015. – 30 красавіка. – С. 5.