Рабінін Аляксей Аляксандравіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Жыве на вуліцы Сташкевіча цудоўны чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рабінін Аляксей Аляксандравіч, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, медалёў «За адвагу», «За ўзяцце Будапешта». Яго жыццёвы шлях цяжкі, суровы і прыгожы. З першай сустрэчы адчуваецца ў гэтым чалавеку вялікая мудрасць, жыццёвая сіла, сціпласць, дастойнасць і дабрыня.

Нарадзіўся ў 1918 годзе ў Расіі. У Мурманску пачаў працаваць машыністам воднага транспарту. Перад пачаткам вайны праходзіў тэрміновую службу ў Бесарабіі. У 1940 годзе быў аддадзены загад аб вызваленні Бесарабіі ад румын. Пачалося наступленне. Аляксей Аляксандравіч знаходзіўся тады ў складзе 47-га механізаванага корпуса 15-й Сілайскай дывізіі. Вызваліўшы Бесарабію, савецкія войскі ўмацаваліся на граніцы па лініі ракі Прут, дзе і працягвалася тэрміновая служба. Там жа сустрэлі вестку аб вайне, зведалі боль і горыч адступлення.

Аляксей Аляксандравіч успамінае, што спачатку пайшлі ў наступленне немцы, а з імі і румыны. Было крыўдна, што ў ворага перавага ў тэхніцы і ўзбраенні. З боем адступалі да Адэсы. У жорсткім баі пад горадам, у раёне Бяляеўкі, Аляксей Рабінін атрымоўвае першае раненне і трапляе ў шпіталь. Пасля лячэння накіраваны ў маршавую роту пад Маскву. Гэта быў перыяд наступлення рускіх войскаў, пераломны момант у ходзе вайны.

Затым – Сталінград. 20 лістапада 1942 года савецкія салдаты пад камандаваннем генерала Вольскага вялі баі ў раёне Кацельнікава. Тут Аляксей атрымаў другое раненне. Зноў шпіталь, пасля яго – новае месца службы. У складзе Данскога 5-га кавалерыйскага корпуса ўдзельнічае ў вызваленні Румыніі, Венгрыі. За баі пад возерам Балатон атрымоўвае першую баявую ўзнагароду – медаль «За баявыя заслугі». Далей войскі рухаюцца да аўстрыйскіх Альпаў. Там Аляксей атрымоўвае медаль «За адвагу».

У Альпах яшчэ ішлі баі, калі прыйшла радасная вестка аб капітуляцыі Германіі. Кожны салдат сустракаў перамогу па-рознаму: хто страляў, хто плакаў, хто смяяўся ад шчасця.

3 1945 года Аляксей Аляксандравіч жыве ў нашым горадзе. I толькі цераз 10 гадоў пасля заканчэння вайны знайшоў ордэн Чырвонай Зоркі свайго героя.

Пасля вайны стварылася ў Аляксея Аляксандравіча сям’я. Выраслі двое дзяцей, сталі дарослымі ўнукі. Больш дваццаці гадоў прарабіў ён на нафтабазе, выйшаў на заслужаны адпачынак.

І хаця 55 гадоў аддзяляюць ад Грознага ваеннага ліхалецця, яго сэрца і памяць цвёрда берагуць дарагую цану перамогі ў жорсткай і кровапралітнай вайне. Менавіта такімі, моцнымі духам і добрымі душой, людзьмі была здабыта ПЕРАМОГА.

Камандышка, М. Дарогамі вайны / Марыя Камандышка // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2000. - 6 мая. – С. 2.