Пучкоў Антон Антонавіч

Круглянскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

«…Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне шаснаццаці не споўнілася яшчэ. Які з такога ваяка? І ўсё ж неўзабаве я стаў партызанам.

Трапіў у брыгаду Кірпіча, дзе мяне прынялі ў пяты атрад вядомага М. Тапівалдыева. Пасля кароткай падрыхтоўкі пачаў удзельнічаць у баявых аперацыях, асвоіў сапёрную справу: узрывалі масты, перакапвалі дарогі.

Пасля злучэння з нашымі войскамі я апрануў салдацкі шынель. Як кулямётчык часцей за ўсё быў на пярэднім краі ў баях. І медаль «За адвагу» я атрымаў не за якісьці канкрэтны подзвіг, а за адзнаку ўсяго яго баявога шляху – ад роднай вёскі Круча да Германіі.

У 1974 годзе мяне запрасілі на святкаванне 1000-годдзя Віцебска як яго вызваліцеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Быў ганаровым госцем горада, аб чым сведчыць імянны пропуск на трыбуну ўрачыстасцей. Ён і цяпер захоўваецца ў маім асабістым альбоме.

Ужо блізка быў пераможны май, калі атрымаў трэцяе раненне. Пасля першых двух зноў вяртаўся ў баявы строй, а пасля трэцяга на ўсё жыццё застаўся інвалідам, лічы, з адной нагой. І гэта ў дваццаць год. Толькі вялікая прага жыцця, сіла волі і духу дапамаглі ўсё ж стаць на ногі ў прамым і пераносным сэнсе.

Пасля пякельнай вайны хацелася жыць, мне ж яшчэ трэба было і вучыцца занава хадзіць. Зараз у многім выручае спецыяльная машына для інвалідаў, але стараюся больш рухацца, нават на лыжах хаджу па палявых ды лясных сцяжынках.

Насуперак злому лёсу па-сапраўднаму стаў на ногі, быццам забыўшыся на сваю інваліднасць. У першыя ж пасляваенныя гады пачаў працаваць загадчыкам гаспадаркі ў мясцовай сельскай бальніцы. Дакладней, тады яе толькі пачыналі будаваць і ўжо з першага калка пры непасрэдным удзеле. Вунь як павырасталі зараз пасаджаныя тады дрэўцы, у засені якіх знаходзіцца абноўлены ўжо не раз будынак. Зараз узначальваю мясцовае таварыства інвалідаў. У асобнай папцы ў мяне адпаведная дакументацыя, першы ліст запоўнены прозвішчамі, многія з якіх падкрэслены чырвоным. Гэта інваліды вайны. Большасць з іх прызнаны такімі ўжо ў апошнія гады. Дае аб сабе ведаць перажытае, ніколі не загояцца нашы душэўныя раны, не гаворачы ўжо пра калецтва ці кантузіі…».

ФОТО