Прушкоўскі Іосіф Паўлавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Да вайны Іосіф Прушкоўскі паспеў закончыць толькі 5 класаў школы. Неўзабаве ў яго родную вёску Княгінічы, што ў Дзяржынскім раёне на Міншчыне, уварваліся нямецка-фашысцкія захопнікі. Пацягнуліся доўгія дні акупацыі. Але для юнака яны праляцелі даволі хутка: 5 ліпеня 1944 года пасля вызвалення сталіцы Беларусі Іосіфа прызвалі ў Чырвоную Армію. Трапіўшы ў стралковую дывізію, стаў ён кулямётчыкам.

Сваё першае баявое хрышчэнне радавы Прушкоўскі атрымаў пры вызваленні Глуска. Тады ствол яго кулямёта «Максім» ад напружанага агню распаліўся да чырвані – аднак немцы на пазіцыю не прайшлі, дзесяткі іх засталіся ляжаць на глускай зямлі.

Потым была Польшча. Пры штурме горада Шчэцін рота, якую падтрымліваў кулямётным агнём Іосіф, была заціснута немцамі, фактычна трапіла ў акружэнне. Кулямётчык выкарыстаў увесь свой баявы запас і, калі паглядзеў на пустыя скрынкі ад патронаў, міжволі падумаў: «Мабыць, і ўсё, канец...». Але нечакана пачулася дружнае «ур-ра-а!» – гэта на падмогу прыйшло новае падраздзяленне. Аднак немцы супраціўляліся адчайна. Адкрылі сакрушальны агонь з мінамётаў. Міны рваліся ўсё бліжэй і бліжэй – і раптам узрыў, яркая маланка ў вачах і... цемната.

– Ачуняў я пасля цяжкага асколачнага ранення толькі на другія суткі ў медсанбаце, – успамінае Іосіф Паўлавіч. – Зрабілі аперацыю, выцягнулі асколкі... Як мне сказалі потым, ад узрыву я разам са сваім кулямётам быў засыпаны зямлёй. Ледзь знайшлі санітары.

Другое цяжкае раненне радавы Прушкоўскі атрымаў пры ўзяцці Гданьска. Тады добра давялося папрацаваць яму і яго кулямёту. Нашы войскі неслі вялікія страты, аднак авалодалі горадам і портам. Сваю кроў за гэта прыйшлося праліць і кулямётчыку. Падлячыўся – малады арганізм хутка пайшоў на папраўку. А пасля медсанбата трапіў ва ўзвод разведкі супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады. З ёю і фарсіраваў Одэр, дзе двое сутак разам са сваімі баявымі таварышамі ўтрымліваў захоплены плацдарм. За гэтыя баі радавы Іосіф Прушкоўскі быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

– А як цяжка бралі Кёнігсберг, – расказвае ветэран. – Многа нашых там палягло... Старыя і зусім бязвусыя немцы-юнцы проста надакучвалі нам фаўст-патронамі – ад выстралаў гарэлі нашы танкі, артылерыйскія самаходкі, гінулі байцы. Але і гэта не дапамагло фашызму, Германія вайну прайграла.

Ажно да снежня 1946 года радавому Прушкоўскаму давялося служыць на нямецкай зямлі, перш чым трапіў на сваю родную, дадому. З фронту вярнуўся і яго брат Канстанцін, які прайшоў усю вайну, быў ранены і кантужаны. Вядома ж, бацькі нявыказна радаваліся вяртанню сыноў.

Пасля вайны лёс распарадзіўся такім чынам, што Іосіф Прушкоўскі пераехаў у Асіповічы. Ажаніўся, пабудаваў свой дом, выхаваў тры дачкі і сына. Цяпер мае ўнукаў і праўнукаў.

Больш за 30 гадоў адпрацаваў Іосіф Паўлавіч у службе аховы Асіповіцкага камбіната хлебапрадуктаў. За бездакорную службу мае нямала заахвочванняў. Разам з ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені да яго баявых узнагарод варта дадаць і медаль «Ветэран працы». Не старэе душой былы франтавік, жыва цікавіцца навінамі, глядзіць тэлевізар, чытае газеты – адным словам, жыве разам з краінай, хаця і нярэдка ўспамінае сваю абпаленую вайной маладосць.

Алейнікаў, Г. Абпаленая вайной маладосць / Георгій Алейнікаў // Асіповіцкі край. – 2004. – № 45. – 8 чэрвеня. – С. 2.