Полюх Мікалай Іванавіч

Клічаўскі раён

ФОТО

БИОГРАФИЯ

У сям’і Полюх, акрамя Мікалая, было яшчэ пяцёра братоў і сясцёр. Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў на невялікім заводзе па вытворчасці смалы і скіпідару, які дзейнічаў да вайны недалёка ад вёскі Усакіна. Пры ім існаваў цэх па вырабу бочак, лазня. Смалу залівалі ў бочкі і адпраўлялі ў Бабруйск, у калгасы і саўгасы раёна. Маці, Ганна Марцінаўна, завіхалася па гаспадарцы. Сям’я, як усе вяскоўцы, вяла гаспадарку. Да пачатку вайны пабудавалі хату ў вёсцы, дзе ў тыя часы было звыш 130 двароў. Справіць наваселле не паспелі – пачалася вайна.

Чорная навала

Увосень 1941 года сям’я ўсё ж перасялілася ў новую хату. А ўжо зімой вяскоўцам давялося сустрэцца з немцамі. Праз вёску праходзіла дарога, якой захопнікі карысталіся для дастаўкі прадуктаў харчавання, боепрыпасаў на фронт. Старэйшы брат Сцяпан пайшоў у партызаны. У 1942 годзе пачалася блакада. Немцы акружылі лес, дзе хавалася мірнае насельніцтва, дыслацыраваліся партызанскія атрады. Паступова кальцо акружэння ўсё больш сціскалася. Партызаны вырашылі з баямі прарваць блакаду. Напалі на нямецкія пасты і выйшлі з акружэння.

У час блакады вёску немцы амаль усю спалілі. Больш-менш уцалелі толькі 13 дамоў. Страцілі дах над галавой і Полюхі. Трэба было недзе жыць, таму бліжэй да вёскі, ва ўрочышчы, пабудавалі шалаш. Скаціну ўдалося захаваць. Была карова, конь. Полюхі чым маглі, увесь час дапамагалі партызанам весці барацьбу з акупантамі. 3 наступленнем халадоў сталі будаваць зямлянку.

Першае баявое хрышчэнне

– Неяк надвячоркам бацька загадаў мне, – успамінае Мікалай Іванавіч, – з’ездзіць па сена да стога, каб пакарміць жывёлу. Бацька пайшоў у лес, а я запрог каня і паехаў. Еду назад, раптам конь стаў і ні туды, ні сюды. Я палез пад калёсы, каб паглядзець, у чым прычына. Выправіў непаладкі, чую – стрэлы, конь з перапалоху пабег, я таксама спалохаўся. Заўважыў узброеных людзей і прыняў іх за немцаў. Лёг у баразну і папоўз. Восеньскі прыцемак, як мне здавалася, павінен быў уратаваць. Калі праз некаторы час падняў галаву, то каля сябе зноў убачыў узброеных людзей. Яны падышлі бліжэй. Загаварылі па-руску. Я здагадаўся, што перада мной свае, партызаны. Камандзір атрада спытаў, ці паранены? Я ж з перапуду адказаў нешта незразумелае. Байцы спяшаліся на чарговае заданне і пакінулі мяне. Прыйшоў дамоў, там паранены разрыўной куляй конь, які прыняў агонь на сябе. Назаўтра камандзір партызанскага атрада загадаў байцам адшукаць мяне, што зрабіць было нецяжка. Калі мы прыйшлі да яго, доўга распытваў, потым кажа: «Ты цяпер можаш ісці ў партызаны». Але бацькі мяне не пусцілі, бо быў я яшчэ падлеткам.

10 мірных жыхароў за аднаго немца

Неяк увосень партызаны напалі на нямецкую машыну з харчаваннем, якое прызначалася для фронту. Вадзіцеля забілі, немца, які ехаў побач, паранілі. Ён выпаўз на абочыну дарогі і схаваўся ў кустах. Адзін з жыхароў вёскі Усакіна знайшоў яго і прывёў у вёску. Праз некаторы час прыехалі з Клічава немцы і забралі параненага. На наступны дзень у нашай вёсцы немцы расстралялі 5 маладых хлопцаў, столькі ж – з суседняй. Такі, як потым даведаліся, паступіў загад: за аднаго забітага немца – 10 мірных жыхароў.

24 чэрвеня 1944 года

– На фронт, – расказвае далей Мікалай Іванавіч, – трапіў летам 1944 года. Забралі палявым ваенкаматам. Сабралі ў Сушы чалавек 200, пехатой дайшлі да Нёмана, прыйшлі ў Польшчу. Нас усіх пастроілі, прыйшлі афіцэры. Я трапіў у роту сувязі. Пасля навучання прыняў ваенную прысягу. Ваяваў у Польшчы. Апошнія баі былі пры вызваленні горада Данцыг. Затым нас перакінулі на 1-ы Беларускі фронт.

Доўгачаканая Перамога

Капітан асобага аддзела Снайда у час кароткага адпачынку ўключыў радыёстанцыю. Праз шум мы пачулі доўгачаканую вестку аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Радасці не было межаў. Плясалі, песні спявалі. Далейшую ваенную службу праходзіў у Германіі. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі роты сувязі.

Мірнае жыццё

Дэмабілізаваўся Полюх 28 кастрычніка 1950 года, вярнуўся на бацькаўшчыну. Атрымаў пашпарт, паехаў у Бабруйск, дзе ўладкаваўся на працу ў вузел сувязі. Працаваў манцёрам. Праз паўгода Мікалая Іванавіча перавялі на працу ў в. Брожа старшым тэхнікам. У гэты час пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Надзеяй Антонаўнай, якая жыла ў сястры ў вёсцы Рэдкі Рог. Справілі вяселле і зажылі душа ў душу. Толькі вось бацькі ў той час цяжка хварэлі. I вырашылі Полюхі пераехаць на Клічаўшчыну. Гаспадар уладкаваўся на працу на ўчастак ніжняга склада «Вонічы». Пасля яго ліквідацыі працаваў старшым тэхнікам на лесаскладзе ст. Нясята, пазней і да выхаду на заслужаны адпачынак узначальваў яго.

58 гадоў у ладзе і згодзе жывуць Мікалай Іванавіч і Надзея Антонаўна. Выгадавалі трох дачок. Усе ў свой час на «выдатна» скончылі Дзмітраўскую сярэднюю школу, атрымалі вышэйшую адукацыю. Зараз бабуля з дзядулем заўсёды з радасцю чакаюць у госці ўнукаў, якіх у іх шасцёра, ганарацца іх вялікімі і не вельмі поспехамі, удачамі. I нягледзячы на тое, што здароўе ў такім узросце (а ім абодвум ужо больш за 80 гадоў), падводзіць, утрымліваюць у парадку агарод, трымаюць на падворку скаціну і па- ранейшаму не растрацілі дабрыню і спагаду да людзей.

Аб падзеях тых ваенных часоў нагадваюць успаміны і шматлікія ўзнагароды, якіх у Мікалая Іванавіча нямала, чатыры з іх баявыя: медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», два ордэны Айчыннай вайны.

Ганчарова, А. Гонар ветэрана / А. Ганчарова // Сцяг Саветаў. – 2010. – 11 чэрвеня. – № 44. – С. 2.