Панфіловіч Ванцэцій Пятровіч

Магілёўскі раён|Кіраўскі раён

БИОГРАФИЯ

На долю Ванцэція Пятровіча Панфіловіча, чыя маладосць была апалена вайной, выпала нямала выпрабаванняў. Але з усіх іх ён выйшаў пераможцам, бо ніколі не губляў аптымізму, веры ў людзей, смела глядзеў жыццю ў вочы і не баяўся перайначыць лёс.

Нарадзіўся і вырас В. П. Панфіловіч у вёсцы Дашкаўка, што непадалёк ад Магілёва. Сваё незвычайнае для карэннага беларуса імя атрымаў ад бацькоў, якія яго і іншых дзяцей у сям’і назвалі гучна (Клара, Сака, Ванцэцій). Так, бацькі падаравалі яму жыццё, а лёс даў першы шанс. Аднак на самым узлёце юнацкіх гадоў усе мары і надзеі перакрэсліла вайна. Бацька, які працаваў на мясцовым конезаводзе і які ўдзельнічаў у эвакуацыі найбольш пародзістых коней, загінуў недзе ў дарозе. Тэрыторыя Магілёўшчыны ў хуткім часе была акупіравана і Ванцэцій Пятровіч разам з астатнімі членамі сваёй сям’і і ўсімі жыхарамі Дашкаўкі вымушаны быў жыць «пад немцамі». Ды толькі нядоўга цярпеў юнак такі прымус: разам з мясцовымі хлопцамі ўгнаў з дзясятак коней і з такім трафеем паявіўся ў партызанскім атрадзе № 113 Белавусава, які дыслацырываўся ў Магілёўскім раёне на Друці. Так была ажыццёўлена яго першая спроба самаму рашаць свой лёс. А было яму тады няпоўных сямнаццаць гадоў.

Пасля вызвалення Беларусі рэгулярнымі армейскімі часцямі, пры актыўнай дапамозе шматлікіх партызанскіх атрадаў і злучэнняў, Панфіловіч у снежні 1944 года быў прызваны на сапраўдную службу ў армію. Служыць давялося ў войсках сувязі 2-га Беларускага фронту і свой салдацкі абавязак ён выконваў сумленна, аб чым сведчаць узнагароды. Пасля заканчэння вайны яшчэ амаль шэсць гадоў служыў у асобным батальёне сувязі на тэрыторыі Польшчы. Але жыццё прывяло яго ў родныя мясціны, дзе ён асвоіў мірную прафесію кінамеханіка і прысвяціў ёй больш чвэрці стагоддзя свайго жыцця.

Трыццаць гадоў назад у яго лёсе адбыўся новы круты паварот, які прывёў Ванцэція Пятровіча ў Кіраўскі раён і наогул змяніў увесь лад яго жыцця. В. П. Панфіловіч перабраўся ў калгас Ільіча, з сям’ёй пасяліўся ў вёсцы Шалаёўка і паступіў на завочнае аддзяленне агранамічнага факультэта Жыліцкага саўгаса-тэхнікума, які закончыў з адзнакай. А было яму на той момант пад пяцьдзесят. Гэта не перашкодзіла набыць новую прафесію і да выхаду на пенсію працаваць у калгасе брыгадзірам.

Усё жыццё Вацэція Пятровіча – сцвярджэнне таго, што ніколі не трэба адчайвацца, што ніколі не позна пачаць жыццё нанова, вучыцца, шукаць сваё шчасце. Чалавек сам гаспадар свайго жыцця, і ён сам выбірае, як жыць – згодна свайго разумення і сумлення.

ФОТО

ДОКУМЕНТЫ

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

За наша мірнае жыццё вялікі дзякуй ветэранам!

З цудоўным настроем сустракае Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ванцэцій Пятровіч Панфіловіч з в. Шалаёўка. Вельмі рады ветэран, што за гэтыя мірныя гады наша сінявокая Беларусь стала квітнеючай і дынамічна развіваючайся краінай. Радасныя пачуцці перапаўняюць яго сэрца і ад таго, што маладое пакаленне беларусаў свята шануе светлую памяць аб тых, хто цаной уласнага жыцця заваяваў мір і свабоду на зямлі.

Замест бесклапотнага і шчаслівага юнацтва чатырнаццацігадоваму Ванцэцію давялося ўзяць у рукі зброю, каб абараняць сваю Айчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нарадзіўся і вырас В. П. Панфіловіч у в. Дашкаўка Магілёўскага раёна, ён быў старэйшым у сям’і, таму асноўная частка клопатаў па хатняй гаспадарцы была на яго плячах. Пасля таго, як у іх вёсцы з’явіліся фашысты, ён разам з сябрамі-пагодкамі папрасіўся ў партызанскі атрад. У якасці радавога быў залічаны ў Белавусаўскі атрад. Нягледзячы на маладосць, Ванцэцій разам са старэйшымі таварышамі ўдзельнічаў у дыверсіённых вылазках супраць немцаў, падчас якіх яны знішчалі камунікацыі, падрывалі масты і пераправы, хадзіў у засады на Бабруйскую шашу. У баі каля в. Гарадзішча Ванцэцій Панфіловіч быў цяжка паранены і больш месяца знаходзіўся ў шпіталі. У снежні 1944 года ён быў накіраваны ў артылерыйскае вучылішча, а ў 1945 годзе трапіў на службу ў Гдынскі Чырванасцяжны батальён войскаў сувязі.

Дадому ў Дашкаўку Ванцэцій Панфіловіч вярнуўся толькі ў 1951 годзе. Зноў, як у даваенным юнацтве, дапамагаў маці, бацька з вайны не вярнуўся – загінуў у 1944 г. Уладкаваўся на працу кінамеханікам, там жа пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Евай Барысаўнай, якая працавала ў кінатэатры бухгалтарам. Праз некаторы час яе перавялі працаваць у Кіраўскі раён, за ёй паехаў і муж. Так яны апынуліся на Кіраўшчыне, у в. Шалаёўка. Ванцэцій Пятровіч пэўны час працаваў кінамеханікам, потым – брыгадзірам у мясцовай гаспадарцы. Скончыў завочнае аддзяленне Жыліцкага саўгаса-тэхнікума з чырвоным дыпломам. Больш за 11 гадоў ён прысвяціў працы на зямлі, і ніколі не пашкадаваў, што так склаўся лёс. Гледзячы на сучаснае маладое пакаленне, Ванцэцій Пятровіч ім па-добраму зайздросціць: у іх ёсць усё, аб чым яго пакаленне магло толькі марыць: мірнае неба над галавой, дабрабыт, магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у незалежнай і квітнеючай краіне.

Алеся Сяргеева