Новік Мікалай Аляксандравіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

– Каб хацеў выкрэсліць з памяці вайну, ды не атрымліваецца, – гаворыць Мікалай Аляксандравіч Новік з аграгарадка Стары Востраў. – Баліць яна да гэтага часу. Так і не загойваюцца раны...

Не алегарычны сэнс у словах былога пехацінца, інваліда ІІ групы Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага часу трывожаць асколкі, якімі быццам нашпігавана цела. Такую «памяць» на ўсё жыццё пакінулі аб сабе баі ва Усходняй Прусіі ў лютым 1945 года...

– Немец адчайна супраціўляўся.

Вырылі супрацьтанкавыя рвы. I нашы б’юць з арудый, і фашысты, – згадвае Мікалай Аляксандравіч. – Аж жарка! Камандзіра роты раніла, я побач быў. Перавязаў, пасля санітарам здаў. Сам вяртаўся і напароўся на немцаў. Вось і дасталося... Бой кіпіць кругом, я ляжу, кроўю сцякаю. Мяне і іншых цяжка параненых пасля на конях адтуль вывозілі. Але, відаць, трэба было жыць. Бо цяжкая нямецкая артылерыя яшчэ і ў тыле даставала.

Доўгачаканы Дзень Перамогі Мікалай Новік сустрэў у шпіталі. А наперадзе ў 20-гадовага бязвусага салдата было цэлае жыццё. Цяпер Мікалай Аляксандравіч можа сказаць, што пражыў яго годна. Увесь час шчыраваў у мясцовай гаспадарцы. Выгадаваў дзве дачкі і два сыны. Цяпер самая малодшанькая ў іх родзе праўнучка Ганначка ўжо школьніца, жыве ў Кіеве.

Восень жыцця М. А. Новіка цёплая і сонечная. Сагрэта любоўю і клопатам розных людзей. Бо жыве ён у пашане з сям’ёй свайго сына Аляксандра Мікалаевіча, кадравага вайскоўца ў адстаўцы.

Мікалай Аляксандравіч зрабіў усё, што мог, каб над родным Востравам, дзе побач велічная Бярэзіна і неабсяжныя прасторы, зоры былі ціхія.

Ізох, Н. А зоры тут ціхія… : [інтэрв’ю з ветэранам вайны М. А. Новікам] / Н. Ізох // Сцяг Саветаў. – 2010. – 12 мая.

Немца ўжо выгналі за тэрыторыю Беларусі, – успамінае ветэран, – і нас, маладое папаўненне адправілі на перадавую. 290-я дывізія II-га Беларускага фронту тады стаяла паблізу горада Асавец, што на тэрыторыі Польшчы. Супраціўленне ворага было ярасным. Пасля гэтага бою з 300 рускіх байцоў у жывых засталося толькі сямёра.

Здараліся на вайне і цікавыя выпадкі. Як цяпер бачу: трое байцоў цягнуць пушку – 45-мілімятроўку і трапляюць на міну. Пушку разнесла ўшчэнт, а хлопцы ўсе жывыя і нават не параненыя.

Там жа, у Польшчы, пад горадам Астраленка ішлі ў лабавую атаку, дык немцы кінуліся наўцёкі. Баяліся яны такіх атак.

Разам са мной служылі аднавяскоўцы Дзмітрый Віктаравіч Маркаў, мой родны брат Іван (яго, цяжка параненага, я сам выносіў з поля бою), Рыгор Емяльянавіч Вайцешын мінамётчыкам быў. Загінуў на фронце. Вечная яму памяць.

Прымаў удзел у фарсіраванні рэк на польскай тэрыторыі. Варшаву наша дывізія абышла. Ва Усходняй Прусіі баі былі жорсткімі. Немцы не здавалі без бою ніадной пядзі зямлі. Мы адчувалі, што хутка пераможам заваёўнікаў, але ў кожным баі гінулі і гінулі нашы салдаты. Нават на фронце прывыкнуць да гэтага немагчыма.

У адным з баёў мяне цяжка параніла. Куля закранула плячо, а вось асколачныя раненні правага боку – сур’ёзныя. На правай руцэ адарвала два пальцы, а ў целе яшчэ і сёння нашу тыя асколкі. Аперацыю мне зрабілі ў франтавым шпіталі, а далечвацца адправілі ў Гомель. Тут, у Гомелі, я і даведаўся аб капітуляцыі немцаў.

Часта ў шпіталь прыходзілі школьнікі. Яны выступалі з канцэртамі, і мы адчувалі бязмежную радасць, шчыра ім дзякавалі. Пасля шпіталя вярнуўся дадому, дзе сустрэлі мяне бацькі Лукер’я Сілівонаўна і Аляксандр Раманавіч, вярнуліся з фронту браты Раман і Іван (цяпер ужо нябожчыкі), яшчэ быў за сына ў нашай сям’і татаў пляменнік Саша. Ён загінуў на фронце, – закончыў свой расказ сціплы і добры чалавек Мікалай Аляксандравіч Новік.

Жыве Мікалай Аляксандравіч зараз у сям’і малодшага сына Аляксандра, адчувае цеплыню і ўвагу нявесткі Людмілы і ўнука Ільі. Аляксандр – кадравы ваенны, пасля выхаду на пенсію вырашыў жыць у роднай вёсцы. За тры гады пабудавалі разам з бацькам вялікі і ўтульны дом, у якім шмат кветак. 3 любоўю пасаджаныя і дагледжаныя Людмілай, яны радуюць вока. З надыходам цяпла ўвесь двор Новікаў у квецені. А вестуны вясны – шпакі – спяваюць свой гімн вясне і міру, за які так змагаўся Мікалай Аляксандравіч Новік. I за гэта яму гонар, слава і наша шчырая ўдзячнасць.

Суднік, А. …А першы бой цяжкі быў самы : [з успамінаў аб вайне А. М. Новіка] / А. Суднік // Сцяг Саветаў. – 2005. – 17 мая. – С. 2.