Мядзвецкі Міхаіл Захаравіч

Шклоўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Мужнасць – яго спадарожнік

На першы погляд Міхаіл Захаравіч Мядзвецкі – звычайны жыхар в. Чарнаручча. Аднак амаль усе вяскоўцы ведаюць, што Міхаіл Захаравіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, паважаны чалавек, добры гаспадар і уважлівы бацька. Дзякуючы мужнасці такіх людзей, як ён, мы жывём пад мірным небам, выхоўваем дзяцей і вучымся абараняць нашу Радзіму.

Нарадзіўся Міхаіл Захаравіч у 1925 годзе ў в. Чарнаручча. У 10 гадоў ён і дзве сястрычкі засталіся без бацькі. Таму ўся работа па хатняй гаспадарцы лягла на плечы хлопца і маці. Штодня хадзіў на працу ў калгас. Марылі і спадзяваліся Мядзвецкія, што наступіць светлая будучыня, аднак вайна перакрэсліла іх надзеі, прымусіла жыць па сваіх законах. У той час юнаку споўнілася толькі 16 гадоў.

Негледзячы на жаданне Міхаіла стаць салдатам, на фронт яго не ўзялі. Праз год падаўся да партызан і там атрымаў адмоўны адказ, бо ростам не выйшаў. А калі ў 1943 годзе немцы пачалі забіраць моладзь на нявольніцкую працу ў Германію, Міхаіл усё ж стаў партызанам. І ўжо не важна было, што ў страі займаў апошняе месца. Здаралася, што многія ўсміхаліся, калі збіраўся наш ваяка на заданне, бо аўтамат у хлопца ледзь не цягнуўся па зямлі.

Аднак Мядзвецкі разам з іншымі партызанамі пастаянна хадзіў на баявыя заданні. Хлопцы ўзрывалі чыгуначныя пуці, трымалі сувязь з вяскоўцамі, даведваліся, колькі фашыстаў у той ці іншай мясцовасці. Аднойчы разведка трапіла ў засаду каля в. Аляксандраўка. Бой быў няроўны. Партызанаў, якія трапілі ў палон, немцы прыгаварылі да растрэлу. Міхаілу пашанцавала, і ён застаўся жыць як сведка страшнага несправядлівага суда.

Пасля вызвалення Шклоўскага раёна Мядзвецкага і іншых маладых людзей адправілі на ІІ Беларускі фронт. Салдат прайшоў шляхамі вайны ў якасці кулямётчыка ў стралковай роце, добра ўпраўляўся і з наганам. Мужнасць і гераізм заўсёды выручалі яго ў цяжкіх абставінах, напаўнялі сілай.

З жорсткімі баямі нашы войскі рухаліся на Захад. Савецкія воіны шлі ў наступленне. Кулі, як дажджавыя кроплі, звінелі ў паветры, узрывы падымалі зямлю. За адну хвіліну смерць забірала больш за сотню жыццяў.

Не забыць Міхаілу Захаравічу, як выратоўваў параненага камандзіра, выцягваў яго з поля бою на сваіх хлапецкіх плячах. За гэта і атрымаў у знак удзячнасці падарунак – «камандзірскі» гадзіннік.

Не пашанцавала ў гэтым баі Мядзвецкаму. Яго з цяжкім раненнем даставілі ў шпіталь г. Масквы. Тут і Перамогу сустрэў. За гераізм і самаадданасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Міхаіл Захаравіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём «За адвагу» і іншымі.

Пасля вяртання дадому Мядзвецкі яшчэ доўга не мог пераадолець хваробу. Ён проста навучыўся з ёй жыць, атрымаў ІІ групу інваліднасці, перанёс шмат аперацый, але ніколі не скардзіўся і не знаходзіўся без справы.

Разам з жонкай працавалі ў калгасе імя Свярдлова. Алена Якаўлеўна была рахункаводам, а Міхаіл Захаравіч – жывёлаводам. За 45 гадоў у дадзенай галіне да Мядзвецкага не было ніякіх заўваг, бо работа ў яго спорылася.

Міхаіл Захаравіч і Алена Якаўлеўна вырасцілі і выхавалі чатырох дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Дзядуля ведае, што недарэмна ён ішоў дарогамі вайны, перажыў сапраўднае пекла. Затое яго дзеці і ўнукі жывуць пад мірным небам, і ўдзячны ўсім, хто, не шкадуючы свайго жыцця, абараняў Радзіму ў той страшны ваенны час.

Рандзіцкая, М. Мужнасць – яго спадарожнік / Марына Рандзіцкая // Ударны фронт. — 2004 г. — 7 красавіка. – С. 3.