Мурашка Аляксей Сяргеевіч

Кіраўскі раён

БИОГРАФИЯ

Аляксею Сяргеевічу Мурашка прыйшлося прайсці цяжкімі дарогамі вайны ад пачатку і да канца. Нарадзіўся Мурашка А. С. у в. Падрэчча Кіраўскага раёна ў 1919 годзе. Быў курсантам Лепельскага артылерыйскага мінамётнага вучылішча, куды яго накіравалі для праходжання службы, як выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Але ў хуткім часе скончыліся мірныя салдацкія будні – грымнула Вялікая Айчынная вайна.

З 26 на 27 чэрвеня былыя курсанты ўступілі ў бой з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Падраздзяленне, дзе ваяваў курсант Мурашка, трапіла ў акружэнне, але ўдалося выйсці з яго. Праз Вялікія Лукі прыбылі ў Маскву, а затым у Барнаул. Тут прысвоілі Аляксею Мурашка званне лейтэнанта і адправілі на фронт. У кастрычніку быў ужо пад Нарафамінскам, камандзірам мінамётнага ўзвода. Тут жа ў баі атрымаў раненне. Пасля шпіталю накіраваўся на фарміраванне ў г. Алма-Ата. Аляксей Сяргеевіч быў назначаны камандзірам батарэі, якая ўваходзіла ў склад 38-й стралковай дывізіі 28-й арміі пад камандаваннем генерала Цюленева. І зноў Мурашка вядзе палкія баі пад Харкавам. Дывізія прымала ўдзел у Сталінградскай бітве. За мужнасць і гераічнасць у баях з ворагам 38-й дывізіі прысвойваецца званне «Сталінградская Чырвонасцяжная Гвардзейская». А 214-ты стралковы полк, у склад якога ўваходзіў і артылерыйскі разлік лейтэнанта Мурашкі, становіцца «Варапонаўскі». За асабістую мужнасць і адвагу, праяўленую ў баях з гітлераўскімі акупантамі, лейтэнант Мурашка ўзнагароджваецца медалём «За баявыя заслугі». Гэта была яго першая ўзнагарода.

Пасля Сталінградскай бітвы баявы шлях Аляксея Сяргеевіча працягваўся. Ён са сваімі артылерыстамі вызваляе Украіну, паўночную Букавіну, Малдавію. Вядзе баі за вызваленне Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі. Асабліва цяжкія баі ішлі за вызваленне сталіцы Югаславіі – Белграда. Баявы шлях для Мурашки А. С. і яго баявых сяброў закончыўся ў Аўстрыі. Дзень Перамогі Аляксею Сяргеевічу застаўся памятным на ўсё жыццё. Непадалёк ад аўстрыйскага горада Граца яны сустрэліся з 8-й Арміяй амерыканскіх саюзнікаў. Канец вайне.

За ратныя подзвігі Мурашка А. С. узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і 8 медалямі. Па накіраванні камандавання ён едзе на вучобу ў вышэйшую афіцэрскую ваенную школу. А затым зноў служба ў радах Савецкай Арміі. І толькі ў 1948 годзе ён вяртаецца ў сваю родную вёску ў званні капітана.

Але дзе б не працаваў А. С. Мурашка, ён заўсёды добрасумленна выконваў свой грамадзянскі абавязак.

ФОТО