Мацюшонак Іван Пятровіч

Клічаўскі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Да чаго ж сціплыя людзі франтавікі! Яны не выхваляюцца сваімі подзвігамі, не выстаўляюць сябе на паказ, хоць асабісты ўклад у перамогу над ворагам зрабілі вялікі.

Негаваркі і Іван Пятровіч Мацюшонак. Больш як 40 гадоў ён жыве на Чырвонаармейскай вуліцы г. п. Клічава. Але і сёння нямногія ведаюць, нават суседзі, што прайшоў ён праз вельмі цяжкія віхуры вайны.

Выпадкова даведаўся аб гэтым я, хоць даўно знаёмы з гэтым працавітым чалавекам.

...Іван Мацюшонак, хлопец з вёскі Паплавы, апрануў форму чырвонаармейца яшчэ ў 1939 годзе. Па тым часе ён меў нядрэнную адукацыю. Напэўна, таму трапіў у палкавую школу малодшых камандзіраў, вучыўся на механіка-вадзіцеля ў Днепрапятроўску. Закончыў вучобу першакласным спецыялістам. У званні сержанта ўзначаліў аддзяленне, якое абслугоўвала магутную гармату.

Івану давялося ўдзельнічаць у вызваленні ад панскай Польшчы заходніх абласцей Украіны. Будучы ў Кішынёве, пачуў страшную вестку аб вераломным нападзе гітлераўскай Германіі на СССР. Па трывозе грузіўся артылерыйскі полк на цягнік. У дарозе шлях яму перакрылі нямецкія дэсантнікі. У рукапашнай схватцы нашы воіны знішчылі іх. Але неўзабаве аказаліся ў акружэнні.

Вялікае майстэрства і кемлівасць праявіў у гэтых абставінах наш камандзір палкоўнік Паспелаў, – успамінае зараз Іван Пятровіч. – Без страт вырваліся з кальца і дабраліся да Бузулука.

Калі баі пачаліся пад Масквой, полк тэрмінова перакінулі на абарону сталіцы нашай Радзімы. Размясціліся на Ленінскіх гарах і адбіваліся ад насядаўшага ворага, суткамі вялі па ім агонь.

Потым полк перакінулі на абарону Ленінграда. Абсталявалі пазіцыі на Пулкаўскіх вышынях. Давялося весці яшчэ больш цяжкую барацьбу з ворагам. На сваім магутным цегачы Іван Мацюшонак зімой па Ладажскаму возеру ноччу дастаўляў на пазіцыю боепрыпасы. Днём быў гарматчыкам, без адпачынку разам з іншымі воінамі пасылаў на ворага снарады. Цяжка было: даймалі голад і холад. Да таго ж, у разліку засталося менш палавіны воінаў.

У час аднаго з рэйсаў за боепрыпасамі на зваротным шляху, у дарозе застала раніца. Над трасай пранёсся сцярвятнік з чорнымі крыжамі. Фашыст заўважыў трактарны поезд, зрабіў новы заход і секануў з кулямёта. У кабіне цегача паявілася шмат прабоін. Руку вадзіцеля працяў невыносны боль. Іван перавязаў левую руку, з якой ажно ў сямі месцах струменіла кроў. Рухавік цегача працаваў. Воін дацягнуў да пазіцыі і страціў прытомнасць. Апамятаўся ў шпіталі. Калі даведаўся, што косці рукі не пашкоджаны, вярнуўся ў строй і з гарматы вёў агонь па фашыстах. Адлежвацца Іван не меў права. Медыкі рабілі яму перавязкі прама на пазіцыі. Стойкасць малодшага камандзіра, кандыдата у члены партыі натхняла на подзвіг сяброў па зброі. У той час шчыра павіншавалі яго саслужыўцы з высокай узнагародай – медалём «За адвагу».

Нарэшце блакаднае варожае кальцо было прарвана. Полк рушыў у напрамку Ноўгарада.

Потым былі іншыя баі. Асабліва запамяталіся яны Івану Пятровічу пад Кенігсбергам. Там полк правёў працяглую артылерыйскую падрыхтоўку. Ніякія тоўстыя сцены і іншыя ўмацаванні не выратавалі ворага. Нашы воіны паспяхова авалодалі Кенігсбергам і развівалі наступленне далей.

– У Берліне, – расказваў I. П. Мацюшонак, – нашаму і іншым артылерыйскім разлікам было загадана ўдарыць па рэйхстагу прамой наводкай. Каб узламаць верхнія перакрыцці, прымянілі навесны агонь. Дапамагло. Пасля гэтага воіны пачалі штурм фашысцкага логава. Шматтысячнае «Ура!» страсянула наваколле, калі на купале рэйхстага запалымеў чырвоны сцяг. Гэты момант для мяне аказаўся азмрочаным. У тую мінуту мы сядзелі з лепшым сябрам Фёдарам Лімаравым, ураджэнцам з Віцебшчыны, у кабіне цегача. 3 ім мы прызываліся ў армію разам, поплеч прайшлі ўсю вайну. I вось на апошнім рубяжы яе нам не пашанцавала: над намі раздаўся выбух. Асколкі міны ўдарылі мне па левай руцэ, а Фёдару па грудзях. Ад страты Фёдара не стрымалі слёз Васіль Тарасевіч з Клічава і Аляксей Астроўскі з Любоніч, з якімі я таксама разам прызываўся ў армію. Мы ўсюды былі разам і вельмі любілі Фёдара. 3 болем у сэрцы хавалі мы баявога сябра. За сябе і за Фёдара распісаліся мы на рэйхстагу. Да іншых узнагарод у мяне прыбавіўся медаль «За ўзяцце Берліна».

Пасля Перамогі Іван Мацюшонак вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў механікам Бацэвіцкай МТС, а потым – амаль 32 гады – у рамонтнай майстэрні Клічаўскага лесапункта. Як і належыць камуністу, заўсёды сумленна выконваў свае абавязкі, сіл не шкадаваў, каб тэхніка была спраўнай. працавала надзейна. Шмат разоў адзначалі яго граматамі, падзякамі, прэміямі. Былы франтавік клапаціўся аб баявітасці партыйнай арганізацыі. Не раз выбіралі яго дэпутатам пасялковага Савета. 20 гадоў Іван Пятровіч быў засядацелем народнага суда раёна. Апошнія гады па стану здароўя ён знаходзіцца на пенсіі.

У Івана Пятровіча і яго жонкі Вольгі Кірылаўны добрыя дзеці. Галіна вучыць школьнікаў музыцы ў Дзмітраўскай дзесяцігодцы. Хваляць на Магілёўскім аўтазаводзе Уладзіміра, які працуе на канвееры на зборцы магутных скрэпераў. Павагай у калектыве клічаўскіх меліяратараў карыстаецца і малодшы сын, Сяргей. Растуць у ветэрана чацвёра ўнукаў.

Дземідзенка, А. Вайну закончыў у Берліне / А. Дземідзенка // Сцяг Саветаў. – 1986. – 3 ліпеня. – С. 2.