Мацюшонак Надзея Фёдараўна

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

«Хоць я і дзяўчына, косы ніжэй пояса, гэта акалічнасць не перашкода Айчыну абараняць», – вырашыла для сябе Надзея Мацюшонак з Паплаў. Ішла вайна. Бацька ваяваў на фронце, а яна дапамагала маці, партызанскай сувязной. Не з пужлівага дзясятка была Надзейка. I як толькі раён вызваліла Чырвоная Армія, не раздумвала: «Іду на фронт! Толькі там маё месца!».

Адважную добраахвотніцу, якой якраз 18 споўнілася, накіравалі ў адзін са спецыялізаваных вучэбных цэнтраў ва Уруччы (цяпер раён Мінска). Так трапіла ў дзеючую армію. А тут, як і належыць: абмундзіраванне, ваенная падрыхтоўка, дысцыпліна, жыццё па статуту. Стала Надзея тэлефаністкай, вывучала не толькі сакрэты гэтай ваеннай прафесіі, але і маркі самалётаў, іншай баявой тэхнікі.

– На фронт нас, выпускніц Цэнтра, везлі на палутарцы, – згадвае Надзея Фёдараўна Мацюшонак. – Да болю памятаю эпізод. Бой толькі што скончыўся. Для праезду расчышчана вузкая дарога. А паабапал, куды вокам ні кінь, гарыць, дыміцца падбітая тэхніка ды паўсюль трупы людзей – аж жудасна! Я ўсё ўглядаюся зверху, мо дзе бацька мой тут ляжыць. Я ж нічога тады аб ім не ведала.

А на вайне як на вайне, – пасля невялікай паўзы ўздыхнула жанчына. – Задача адна – біць ворага і пастарацца застацца жыць.

Ёй пашчасціла дачакацца доўгачаканага дня Перамогі. Сустрэла яго ў нямецкім горадзе Грау. Радасці, шчасцю не было канца. Аб баявым шляху Н. Ф. Мацюшонак сведчаць высокія ўзнагароды Радзімы: ордэн Вялікай Айчыннай вайны, шматлікія медалі. Адзін з іх – «Ветэран працы» – атрыманы Надзеяй Фёдараўнай ужо ў васьмідзесятыя за доўгія гады добрасумленнай працы, большасць якіх аддадзены саўгасу «Клічаўскі».

– Вось ён, мой здабытак, – жанчына разгортвае акуратныя паперкі. Кожная ўзнагарода любоўна загорнута асобна, так і захоўваецца.

– Чаму не носіце на пінжаку?

– Толькі па вялікіх святах, ды на сустрэчы надзяваю. Надзея Фёдараўна бадзёрая, аптымістычная. Усмешка на дзіва маладзіць яе твар.

– Мо прыгожую хусцінку павяжаце для фота?

– Ат, я іх ніколі не насіла, толькі кепкі, берэткі, капелюшы. Хіба што вусны крыху падфарбую. Гэта па мне.

На століку ў гаспадыні розныя шкляначкі, цюбікі з крэмам для догляду за скурай.

– Дзеці купілі?

– Не, сама. Усё гэта люблю. Я ж жанчына, сачу за сабой.

А яшчэ Надзея Фёдараўна любіць прыроду. Хата яе ў надзвычай маляўнічым месцы на вуліцы Лясной у Патоцы, паблізу бярозавы гай. 3 ахвотай корпаецца на агародзе, які сама саджае і даглядае. Чытае газеты, слухае радыё. Імкнецца быць заўсёды ў гушчыні падзей. Рэдка які вясковы сход мінае.

Некалі была вялікая сям’я. Ды ўжо даўно заўдавела. Незагойная рана ў сэрцы маці – страта сына. Дочкі з сем’ямі далёка. Люда – у Оршы, Люба – у Цюмені. Так што цяпер яна адзінокапражываючая. Але не адзінокая, бо не забываюць родныя. Дзеці, сямёра ўнукаў і трое праўнукаў ганарацца сваёй баявой бабуляй.

Ізох, Н. Даўгакосы салдат / Н. Ізох // Сцяг Саветаў. – 2009. – 2 ліпеня. – № 52.