Малец Фёдар Міхайлавіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Менавіта такі шлях па волі суровага лёсу прайшоў праз усе выпрабаванні вайны наш зямляк Фёдар Малец, перш чым зноў вярнуўся ў свае родныя Радуцічы. Нарадзіўся ён тут у звычайнай сялянскай сям’і. Скончыў 8 класаў Дараганаўскай школы і падаўся зарабляць свой хлеб, уладкаваўся рабочым на Каўгарскім спіртзаводзе. Але нядоўга давялося папрацаваць там юнаку, бо ў 1939 годзе прызвалі яго ў войска. Служыў на Далёкім Усходзе, там жа вывучыўся на шафёра. Радаваўся ў душы чырвонаармеец: марыў і разважаў, як спатрэбіцца яму пасля службы набытая спецыяльнасць!..

Аднак аб мірных планах надоўга прыйшлося забыць. Фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны вераломна напала на Савецкі Саюз.

– Калі пачалася вайна, нас перакінулі на захад, – успамінае Фёдар Міхайлавіч. – Ваяваў у складзе Беларускага фронту, на 1-ым Прыбалтыйскім... Наша асобная дывізія, у якой мне давялося ваяваць, была падпарадкавана непасрэдна Стаўцы Галоўнага камандавання. Яна лічылася так званай дывізіяй прарыву, таму па тым часе была аснашчана самай лепшай баявой тэхнікай. Вызвалялі Смаленск, Дзямідава, Вязьму, іншыя гарады...

З жорсткімі баямі нямала было пройдзена франтавых дарог. Калі нашы войскі канчаткова пагналі немцаў на захад, а гэта было ўжо ў 44-ым, баец Фёдар Малец разам са сваімі баявымі таварышамі прымаў удзел у вызваленні Вільнюса і Лібавы, Рыгі. Дарэчы, пад сталіцай Латвіі ён і даведаўся аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. Перамога дасталася дарагой цаной. Многія яго аднапалчане, франтавыя сябры, з кім разам, як прыгадаў ветэран, і кашу еў з аднаго салдацкага кацялка, і ў бой ішоў, заплацілі за яе сваёй крывёй ці паклалі галовы на палях бітваў з ворагам.

Як напамінак аб такой высокай цане Перамогі – асколкі і ў целе Фёдара Міхайлавіча, якія дагэтуль ён носіць з сабой пасля ранення на фронце. Але акрамя іх захоўвае ветэран і болей высакародны метал: за свае баявыя заслугі ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй», мае іншыя ганаровыя адзнакі.

Толькі ў 1946 годзе вярнуўся Фёдар Малец дамоў. Сем гадоў вайсковай службы і вайны мінула з таго часу, як пакінуў ён родную зямлю. Таму сустрэча з ёй была і радаснай, і хвалюючай, і балючай... Сядзець без справы душа не дазваляла – зноў пайшоў працаваць на спіртзавод.

– Праз год мы з Фёдарам пажаніліся, – расказвае жонка ветэрана Марыя Антонаўна, якая родам з недалёкай вёскі Сялец. – Нажылі двух сыноў і чатырох дочак, маем 12 унукаў. Есць праўнукі... Ужо 57 гадоў, як мы разам.

З таго памятнага года, як маладыя заключылі шлюб, і да самай пенсіі Фёдар Міхайлавіч адпрацаваў у калгасе імя Ульянава брыгадзірам. Нават пасля выхаду на пенсію яшчэ колькі гадоў цягнуў нялёгкую брыгадзірскую лямку. За сваю добрасумленную, старанную працу і на мірным фронце ветэран адзначаны ўзнагародамі – мае ордэн «Знак Пашаны», медалі і Ганаровыя граматы самага высокага кшталту.

– Ён у мяне аб калгасных справах рупіўся болей, чым па хатняй гаспадарцы, – смяецца Марыя Антонаўна, яшчэ даволі жвавая на свае 77 гадоў жанчына. – Бывала, прыйдзе чарга кароў пасвіць – бяры, Мар’я, пугу і гані вясковы статак. У яго ўсё часу не хапала. Затое цяпер дастаткова. Ды нешта прыхварэў крыху мой Міхайлавіч...

Гэтая размова адбылася якраз напярэдадні 16 мая, калі франтавік-ардэнаносец павінен быў адзначыць свой 85-гадовы юбілей. Родныя баяліся, што з такой нагоды ўрачы не адпусцяць ветэрана з бальніцы. Але ўсё выйшла найлепшым чынам. У роднай хаце бацькоў сабраліся дочкі Валянціна, Ніна і Антаніна з мужамі і сваімі дзецьмі. Яны жывуць бліжэй – у Асіповічах і Мінску. Старэйшы ж сын Леанід, былы ваенны, якога лёс, як і некалі бацьку, закінуў на Далёкі Усход, дзе і застаўся жыць, а таксама малодшая дачка Насця, якая ў Нарыльску, не змаглі дастацца – надта далёка, ды і не той час, калі гэта можна было ажыццявіць лёгка і свабодна, без асаблівых матэрыяльных праблем. Але затое шчыра павіншавалі свайго бацьку-юбіляра.

За святочным сталом Фёдар Міхайлавіч успомніў свае вогненныя гады і тых сваіх баявых таварышаў, хто не прыйшоў з Вялікай Айчыннай. Яго да слёз расчулілі шматлікія віншаванні родных і асабліва – цёплыя, пранікнёна-шчырыя і можа недзе па-дзіцячы крыху наіўныя словы-прывітанні і шматлікія пытанні ўнукаў і праўнукаў. Гледзячы на іх, дзед-прадзед, здавалася, ажно на колькі гадоў памаладзеў. Што ж, так і трымаць, моцнага Вам здароўя і доўга яшчэ заставайцеся ў страі, мужны салдат-пераможца Фёдар Малец!

Верасоўскі, М. Доўгая дарога вяртання дамоў / Міхаіл Верасоўскі // Асіповіцкі край. – 2004. – № 41. – 25 мая. – С. 2.