Малашкова Вера Сямёнаўна

Шклоўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Яна, як і многія маладыя дзяўчаты ў той час, ішла побач з мужчынамі па франтавых шляхах з пачатку вайны і да перамогі. Перад вачыма Веры Сямёнаўны і зараз тыя жудасныя карціны баёў, боль параненых салдат, пастаянны непакой ад перажытага. Успаміны трывожаць душу, кранаюць сэрца.

«Першыя звесткі аб вайне я пачула, працуючы важатай у піянерскім лагеры «Дружба» ў Курганскай вобласці. Адно слова «вайна» стала для нас сапраўдным пракляццем. Уcix, хто меў медыцынскую адукацыю, прызвалі на фронт. У тым ліку была і я, бо мела за плячыма так званыя «краснокрестовские» курсы. Але спачатку давялося быць палатнай медсястрой у горадзе Златавусце ў эвакуіраваным шпіталі 17/32. У мае абавязкі ўваходзіла: сачыць за знешнім выглядам параненых, рабіць iм уколы і розныя працэдуры з дапамогай солі і грэлкі. Потым перавялі ў перавязачную, аперацыйную.

Было шмат перажыванняў, калі цяжкапараненыя паміралі на руках медсясцёр. Успамінаецца малады салдат Ваня Жукаў, які быў дастаўлены ў шпіталь з абмарожанымі рукамі і нагамі. Мы яго выхадзілі, робячы ўсё магчымае. Ваня навучыўся пісаць і пазней даслаў мне ўдзячнае пісьмо.

Восенню 42-га паступіла ў ваеннае медыцынскае вучылішча, якое тады знаходзілася ў Свярдлоўску. Гэта была сапраўдная школа жыцця, яна давала прафесійныя навыкі аказання хірургічнай дапамогі ў баявых умовах. Таксама ў той час хадзілі на дзяжурствы ў шпіталь. Акрамя гэтага, неслі каравульную і гарнізонную службу, вартавалі бакі з бензінам.

Пасля заканчэння вучылішча ў званні малодшага лейтэнанта медыцынскай службы мяне накіравалі ў 186-ую стралковую дывізію I-га Беларускага фронта. Так я апынулася ў Беларусі. Была ваенным фельчарам у 327-ым артылерыйскім палку і пры штабе дывізіі.

Далей 186-ая стралковая дывізія пайшла на Польшчу. Мы ўдзельнічалі ў вызваленні Варшавы, іншых польскіх гарадоў. А вось перамогу, якая дасталася такой цяжкай цаной і стратамі мільёнаў чалавек, сустрэлі ў Германіі, у горадзе Франкенштэйне. Ніколі не забыць мне той радасны дзень, слёзы на вачах, крыкі «ўра!» і абдымкі таварышаў. Усе віншавалі адзін аднаго».

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне В. С. Малашкова ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй» і шматлікімі юбілейнымі.

Пасля ваенных ліхалеццяў Вера Сямёнаўна яшчэ год заставалася ў Польшчы. У горадзе Драўску працавала старшай медсястрой тэрапеўтычнага шпіталя. Потым прыняла рашэнне не вяртацца на радзіму ў Чэлябінскую вобласць, а выехаць у вызваленную ёй Беларусь. Тут, у Шклоўскім раёне, а дакладней у вёсцы Старая Вадва, некаторы час працавала на фельчарска-акушэрскім пункце. Потым настаўнічала ў Лотве, скончыўшы завочна Магілёўскі настаўніцкі інстытут. У 1959 годзе Вера Сямёнаўна пераехала ў Шклоў. Працавала настаўніцай рускай мовы ў СШ № 3, 4.

Шклаўчане заўсёды з удзячнасцю ўcпaмінаюць пра яе карысны ўдзел у Айчыннай вайне, пра тое, што не здрадзіла свайму народу, яна дапамагла змагацца з фашысцкай навалай. За гэта ёй нізкi паклон.

Запісала бібліятэкар Зарэчанскай сельскай бібліятэкі Краўчанка А. А.

ФОТО