Мазураў Аляксей Фролавіч

Горацкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Пяць ордэнаў сувязіста Мазурава

Жыве ў вёсцы Пічаўка Цёмналескага сельсавета Горацкага раёна сціплы чалавек з цікавым франтавым лёсам, чый шлях па вайне адзначан цяжкімі раненнямі i пяццю баявымі ордэнамі.

Пічаўка – вёска невялікая, з калодзежамі, амаль каля кожнай хаты – дрэвы. Тут Аляксей Мазураў нарадзіўся і рос, працаваў у калгасе «Майская кветка» на агульных палявых работах. Адсюль у 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. I толькі летам 1946 года, пасля дэмабілізацыі, змог вярнуцца ў родную вёску. 14 дамоў спалены. Многія аднавяскоўцы не вярнуліся з вайны. Яму пашанцавала – жывы i ўсе грудзі ў ордэнах і медалях.

Не, ён не лічыць сябе героем вайны. Я папрасіў яго паказаць свае ўзнагароды. Яго жонка, Марыя Іванаўна, беражліва прынесла ix...

– А вось яшчэ і грамата, – гаворыць яна і падае цёмна-карычневую каленкоравую кніжачку, на якой золатам выцеснена: «Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР» з гербам Беларусi ўверсе. Грамата ўручана «за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні працоўных і ў сувязі з 35-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

Ёсць у А.Ф. Мазурава яшчэ адна грамата, на простай газетнай паперы, уся пажаўцелая, пацёртая ад доўгага захавання. Гэта грамата ўручана яму 13 мая 1945 года, адразу ж пасля вайны камандзірам вайсковай часці. У ёй гаворыцца: «Грамата гвардыі радавому Мазураву выдадзена ў тым, што артылерыстам генерал-палкоўніка Варанцова, гвардыі генерал-маёра артылерыі Хусіда, дзе вы служыце і вызначыліся ў баях, аб’яўлена падзяка Вярхоўным Галоўнакамандуючым Маршалам Савецкага Саюза таварышам Сталіным».

А якой цяжкай была дарога да гэтай граматы, да перамогі!

Ён добра памятае бai пад Харкавам i Сталінградам – там пачыналася яго франтавое жыццё, там жа атрымаў першае цяжкае ранение асколкам міны. Ачнуўся ў медсанбаце, доўга лячыўся. Потым – Сталінград, Курск.

– Аляксей Фролавіч, вось гэты ордэн Чырвонай Зopкi за што вам уручылі?

– Гэта было на Арлоўска-Курскай дузе. Я тады служыў у 1-й гвардзейскай дывізіі рэзерву Галоўнага камандавання, забяспечваў бесперабойную сувязь лёгкай артылерыйскай брыгады з пяхотай. Многа было разрываў тэлефоннай сувязі. За першы дзень наступлення немцаў ліквідаваў 96 разрываў пад агнём праціўніка, у мяне на лініі ў гэтым баі загінуў адзін тэлефаніст. Тады я і атрымаў свой першы ордэн.

У час Кіеўскай наступальнай аперацыі наша лёгкая артылерыйская брыгада разам з пяхотай пераправілася на правы бераг Дняпра ў раёне паўночней Кіева. Захапілі плацдарм. Як немцы ні спрабавалі скінуць нас у Дняпро, у ix нічога не выйшла. 6 лістапада 1943 года Kieў быў вызвалены. За дзеянні ў гэтай аперацыі мяне прадставілі да другога ордэна Чырвонай Зopкi, і начальнік палітаддзела брыгады падпалкоўнік Гардзіенка ўручыў мне яго.

Савецкія войскі імкліва рухаліся на захад. Пачалася Вісла-Одэрская аперацыя. Для яе паспяховага правядзення Аляксею Фролавічу разам з артылерыстамі i пяхотай давялося перапраўляцца цераз Віслу і замацавацца на Сандамірскім плацдарме. Пад бомбамі, мінамі i снаpaдамі, кінжальным агнём фашысцкай мотапяхоты сувязісты Аляксей Мазураў i Аляксандр Мазур змаглі забяспечыць надзейную сувязь наступаючым часцям i злучэнням, за што абодва былі ўдастоены высокіх урадавых узнагарод: Мазураў – ордэна Славы III ступені, а Мазур – ордэна Чырвонай Зоркі. Сёння баявы сябар Аляксея Фролавіча – Аляксандр Іванавіч Мазур жыве ў горадзе Анапе.

Вызначыўся Аляксей Фролавіч i пры фарсіраванні пад жорсткім абстрэлам фашыстаў ракі Одэр, i пры захопе плацдарма на яе заходнім беразе: тут ён атрымлівае трэці ордэн Чырвонай Зоркі. Перамога далася нялёгка. Пры ліквідацыі разрываў загінулі яго баявыя сябры: радавыя Казлоў i Крамараў.

Як нi супраціўляўся вораг, але нішто ўжо не магло спыніць расплаты, якая набліжалася. Савецкая Армія ўпарта рухалася да логава фашысцкага звера – Берліна. Гітлераўцы ярасна чапляліся за кожны рубеж.

– «У раёне невялікага нямецкага гарадка Зарау, – расказвае А.Ф. Мазураў, – савецкі пяхотны полк трапіў у цяжкае становішча. Яму на дапамогу быў выдзелены наш 206-ы лёгкі артылерыйскі полк. Аднак групоўка немцаў была мацнейшай, чым мы разлічвалі, і 206-ы полк таксама трапіў у акружэнне, сувязь з ім абарвалася. Майму аддзяленню сувязі было загадана камандзірам нашай брыгады палкоўнікам Віктарам Макаравічам Жыгалам прайсці да нашых часцей i ўстанавіць сувязь. I мы прайшлі. Камбрыг не паверыў, калі з 206-га артпалка пачуўся тэлефонны званок».

На працягу сутак, пакуль iшоў артабстрэл фашысцкай групоўкі Аляксей Фролавіч забяспечваў сувязь. За добрую бесперабойную сувязь з 206-ым палком i садзейнічанне выхаду з акружэння нашых часцей яму быў уручаны ордэн Айчыннай вайны І ступені.

Потым былі Берлін, Прага. Усё бачыў на сваім баявым шляху сувязіст Мазураў.

– Цяпер вось на пенсіі. Дзяржава не забывае сваіх салдат, пенссія ў мяне персанальная, – нетаропка працягвае Аляксей Фролавіч, – жонка атрымлівае калгасную пенсію. Нашы дзеці – a ix пяцёра: Галіна, Пётр, Уладзімір, Валянціна, Іван – усе выраслі. Кожны мае сваю сям’ю, а ў нас з гаспадыняй унукі i ўнучкі.

Але стары салдат не сядзеў дома. Ён сам папрасіў работу, i яму даручылі развозiць на кані хлеб па вёсках Цёмналескага сельскага Савета. Аляксея Фролавіча штодзённа чакалі ў Каратышках, i ў Пічаўцы, і на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Слава». Ён заўсёды своечасова дастаўляў свежы хлеб сваім аднавяскоўцам.

Іскроў, Л. Пяць ордэнаў сувязіста Мазурава // Л. Іскроў // Магілёўская праўда. – 1981. – 24 чэрвеня. – С. 5.