Мажута Ягор Дзмітрыевіч

Бялыніцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

На тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі Ягора Мажуту прызвалі ў 1939 годзе. Яго залічылі ў сапёрны батальён 31-й стралковай дывізіі, якая размяшчалася недалёка ад Сталінграда. Хлопец многаму навучыўся за два гады, узмужнеў i ў дасканаласці валодаў спецыяльнасцю сувязіста. Калі немцы ўшчыльную падышлі да Масквы, ix дывізію адправілі абараняць сталіцу. Але да месца прызначэння ёй не суджана было дабрацца, бо гітлераўскія войскі блакіравалі чыгунку Таганрог-Масква. І нашы салдаты ўступілі ў жорсткі бой з захопнікамі. Яны шэсць дзён абаранялі Таганрог. У першых схватках з ворагам Ягор неаднаразова праяўляў стойкасць i вытрымку. Нават ва ўмовах адступлення хутка ўстанаўліваў сувязь паміж падраздзяленнямі i камандаваннем, своечасова падаваў каманды на агнявыя кропкі артбатарэй.

У кровапралітных баях пад Краснадарам, Растовам-на-Доне, Таганрогам Ягор Дзмітрыевіч адчуў сябе сапраўдным салдатам, здольным не толькі спыніць, але і выгнаць праціўніка з роднай зямлі.

...Аднойчы, ліквідаваўшы няспраўнасць на тэлефоннай лініі, ён вяртаўся ў роту. Прайшоўшы метраў 300, заўважыў на беразе рэчкі зборышча гітлераўцаў, якія спрабавалі непрыкметна прабрацца ў тыл нашых войск. Ад нечаканасці сувязіст разгубіўся: пацягнуў вінтоўку i хацеў страляць. Але, імгненна ўзважыўшы ўсе «за» i «супраць», стрымаўся, узяў сябе ў рукі. Ягор хутка падключыў тэлефон да провада, схаваўся ў хмызняку i перадаў пра сваю сустрэчу з праціўнкам камандзіру Шварцману, указаўшы каардынаты знаходжання немцаў. Праз некалькі хвілін наша артылерыя адкрыла знішчальны агонь па чужынцах. Як толькі змоўклі выбухі, у атаку рушыла пяхота. Менавіта з гэтага бою пачалося наступление прыморскай групоўкi савецкіх войск у Краснадарскім кpai.

За смелыя дзеянні i каштоўныя звесткі аб месцы знаходжання немцаў Ягора Мажуту ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

Калі 31-я стралковая дывізія выйшла да Дняпра, ад камандавання паступіў загад пераадолець водную перашкоду i перарэзаць шашу Kieў-Днепрапятроўск, каб скаваць манеўр праціўніка.

Ягор Дзмітрыевіч стаў ладзіць сувязь. Замацаваўшы адзін канец провада на cваім беразе, яны разам з сябрам Рузаевым селі ў лодку i паплылі на заходні бераг. Над вадой серабрыстымі фантанамі ўздымаліся выбухі снарадаў і мін, буйным градам сыпаліся асколкі, а над галовамі свісталі кулі. Здавалася, у такім пекле нікто не мог выжыць. Але двое сувязістаў плылі ў лодцы, не зважаючы ні на што. Даплыўшы да берага, яны заўважылі пакінуты варожы акоп. Кароткімі перабежкамі Мажута i Рузаеў кінуліся туды, падключылі тэлефонны апарат да провада.

Ягор неадкладна пачаў перадаваць у штаб дывізіі каардынаты варожых цэляў, карэкціраваць артылерыйскі агонь. Неўзабаве на назіральны пункт прыбыў камандзір дывізіі Багуновіч. Ён аддаў неабходныя загады наступаючым часцям, а потым павіншаваў сувязістаў з узорным выкананнем баявога задання. За гэты бой Ягор Дзмітрыевіч быў удастоены ордэна Айчыннай вайны II ступені.

На шляху да доўгачаканай Перамогі было яшчэ нямала водных перашкод у Польшчы, Чэхаславакіі, Румыніі. Але найбольш цяжкай з ix стала рака Одэр. Там таксама наш зямляк пры яе фарсіраванні праявіў адвагу i смеласць. Ён у ліку першых высадзіўся на плацдарм, аператыўна ўстанавіў сувязь паміж абодвума берагамі. Гэта быў самы адказны момант, бо нашы часці неслі вялікія страты ад прыцэльнага варожага агню. Устаноўленая сувязь дазволіла карэкціраваць агонь нашых батарэй, фашысцкія вузлы супраціўлення падаўляліся, плацдарм на Одэры пашыраўся. За вытрымку i стойкасць Ягор Мажута быў адзначаны ордэнам Славы III ступені.

Дзень Вялікай Перамогі ён сустрэў у 30 кіламетрах ад Прагі.

У роднае Заазер’е сувязіст вярнуўся вясной 1946 года. Дапамагаў аднаўляць дашчэнту спаленую вёску, працаваў у леспрамгасе. Потым працяглы час узначальваў калгас «1 Мая». Свой працоўны шлях Ягор Мажута закончыў лесніком. За гады працы ў лясніцтве ён пасадзіў дзясяткі гектараў сасны, елкі, ясеня.

Дрэўцы ўжо выраслі пад мiрным блакітным небам. Гэта нязгасная памяць ветэрану вайны i працы Ягору Дзмітрыевічу, які жыў i прынociў людзям дабро на цудоўнай заазерскай зямлі.

Сухараў, В. З першага да апошняга дня / В. Сухараў // Зара над Друццю. − 2014. − 7 мая. – С. 2.