Логвін Канстанцін Дзмітрыевіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Жыхару вёскі Жыцін Канстанціну Дзмітрыевічу Логвіну споўніцца 81 год. Сядзім у яго хаце, нетаропка перабіраем пасведчанні ўзнагарод, іншыя дакументы. Ратны шлях былога салдата адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём «За адвагу», «За перамогу над Германіяй». Пазней да іх дадаліся медаль Жукава і медаль «Ветэран працы. Ёсць знак “Пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва 1974 года».

Нарадзіўся Канстанцін Дзмітрыевіч 11 мая 1922 года ў вёсцы Майсеевічы. Закончыў чатыры класы. Працаваў. 3 мая 1941 года яго прызвалі на службу.

Адэса. Тут давялося праходзіць каранцін. Зразумела, не было яшчэ часу пахадзіць па вуліцах гэтага цудоўнага горада, палюбавацца ім.

– У суботу, напярэдадні 22 чэрвеня, мы на галовах хадзілі ў клубе, успамінае ветэран. А назаўтра планавалася адпусціць нас да першай фатаграфіі. Але замест гэтага паходу была аб’яўлена баявая трывога і нас вывелі ў поле. Тут мы і даведаліся пра пачатак вайны.

Гэта пазней гісторыкі засведчаць значную ролю, якую адыграла 73-дзённая Адэская абарона войскамі Асобнай Прыморскай арміі, Чарнаморскага флоту, часцямі народнага апалчэння і насельніцтвам горада з 5 жніўня па 16 кастрычніка. На пачатку жніўня 4-я румынская армія, якая ўваходзіла ў склад нямецка-фашысцкай групоўкі «Поўдзень», адрэзала Асобную Прыморскую армію ад галоўных сіл Паўднёвага фронту. Горад быў аб’яўлены на асадным становішчы.

Абарона Адэсы прыкавала да сябе каля 18 дывізій ворага і затрымлівала іх рух на ўсход. Праціўнік страціў больш за 160 тысяч чалавек, шмат тэхнікі.

Малады салдат Канстанцін Логвін 28 жніўня 1941 года трапіў разам з іншымі ў акружэнне і палон. Аказаўся ў румынскім канцлагеры.

Усім вядома, як адносіліся там да ваеннапалонных. Разам з таварышамі адважыўся на пабег. Тым больш, што побач Балгарыя. Аднак ужо на трэція суткі знясіленых і змучаных знайшлі, вярнулі ў канцлагер.

Меру пакарання для ўцекачоў выбралі жорсткую прывязалі да слупоў, пакінуўшы без ежы і вады на ўсе трое сутак. I лупілі палкамі. Невядома, ці застаўся б Логвін у жывых, калі б не чуласць невядомага жандарма падкормліваў і паіў па начах.

Толькі вясной 1944 года, як і некаторых іншых ваеннапалонных, адправілі працаваць на ферму. Пасябраваў з Уладзімірам Гарбузам. А неўзабаве зразумелі, што бягуць з Малдавіі немцы. I зноў рызыкнулі: групай з 12 чалавек уцяклі з фермы. Цераз Румынію, Малдавію дабраліся да Украіны. А ў Днепрапятроўску ўліліся ў рады Савецкай Арміі.

Стаў радавы Канстанцін Логвін тэлефаністам. У розных умовах, пад посвістам куль, выбухамі снарадаў не раз даводзілася поўзаць па полю, аднаўляючы сувязь. Так і ваяваў у складзе спачатку 129-га гаўбічнага палка, а затым 843-га артпалка з 1944 па 9 мая 1945 года. Давялося прайсці Малдавію, Венгрыю, Югаславію. Закончылася ж гэтае «падарожжа» у Аўстрыі.

У 1946 годзе вярнуўся салдат дадому. Неўзабаве пераехаў у Жыцін. Рабіў фінагентам, сем гадоў загадваў магазінам. У калгасе ж быў і брыгадзірам, і загадчыкам фермы. Апошні час працаваў кавалём.

Тамашэўскі, А. Гады вайны стаяць перад вачыма / Анатоль Тамашэўскі // Асіповіцкі край. – 2003. – № 35. – 8 мая. – С. 2.