Лемешаў Мікалай Міхайлавіч

Быхаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

На дзясятым дзясятку свайго веку ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Лемешаў з вёскі Вець Абідавіцкага сельсавета яшчэ мае добрую памяць, у пэўнай меры рухавы, захоўвае актыўную жыццёвую пазіцыю. Пры нашай з ім сустрэчы і размове са старшынёю Абідавіцкага сельвыканкама Алегам Шадурыным, Мікалай Міхайлавіч без цяжкасцей прыгадваў як асноўныя этапы, так і даволі падрабязныя старонкі сваёй багатай жыццёвай біяграфіі, цікавіўся жыццём сельсавета раёна.

– З таго часу, як толькі стаў усведамляць, то ўсё даводзілася працаваць, – пачаў расповяд стары. – Пачынаў пасвіць гусей, качак, свіней з бацькавай гаспадаркі яшчэ напрыканцы 1920-х гадоў, затым займаўся такою ж справаю, але ўжо ў калгасе «Перамога», які стварыўся ў Веці дзесьці напачатку 30-х гадоў. Памятаю, што бацькі ахвотна пайшлі ў калектыўную гаспадарку, бо па заможнасці былі, можа, ніжэй сярэднякоў.

З гадоў 14 мне пачалі давяраць ужо болей адказныя земляробчыя справы – араць і баранаваць палеткі, разорваць бульбу і гэтак далей. З’яўляючыся спрытным ды дужым хлопцам, значна перакрываў нормы і зарабляў шмат працадзён. Запомнілася, што за 1940 год мне налічылі іх каля тысячы. Для ўяўлення скажу, што тым годам на адзін працадзень выдзелілі па 50 грамаў мёду, так што я адзін атрымаў яго 50 кг. Яшчэ адклалася ў памяці, што наша сям’я тады атрымала ў якасці натуральнай аплаты каля 250 пудоў бульбы (прыкладна 16 тон).

Пачалі жыць хоць і не надта заможна, але не галадалі. Ды ўсе пэўныя набыткі калектыўнага гаспадарання, як кажуць, пайшлі прахам, калі пачалася вайна.

Тут пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны ў Мікалая Лемешава таксама аказаліся яркія ды дэталёвыя ўспаміны.

Было яму тады амаль 17 год, і сапраўднае дарослае жыццё яшчэ толькі пачыналася.

– Вечарам у суботу 21 чэрвеня 1941 года мы з сябрам-аднавяскоўцам падаліся на гулянку ў вёску Лазаравічы, паведаміў ветэран. Дабіраліся туды на чоўне, пераплываючы на процілеглы бераг Дняпра. Загуляліся там да досвітку наступнага дня і праспалі ў нядзелю амаль да паўдня. Калі падняўся, то пачуў нейкі рух і шум па вёсцы. Аказалася, што па рэпрадуктары, які вісеў на слупе каля школы, Левітан агучвае аб’яву аб пачатку вайны з Германіяй.

Праз колькі дзён пачуў першыя яе водгаласы – грымелі выбухі бомбаў з боку Быхава. Як потым даведаліся, тады немцы пачалі бамбіць тамашні аэрадром. Яшчэ праз пэўны час давялося назіраць адступленне часцей Чырвонай Арміі ў накірунку Доўска. Яно ішло з цяжкімі баямі з фашыстамі, і шмат савецкіх воінаў палегла менавіта паабапал шашы Магілёў–Гомель. Жыхары Веці, у тым ліку і я, потым колькі дзён целы загінуўшых закопвалі ў зямлю. Карціна была жудасная і трагічная…

У нашу вёску фашысты з’явіліся дзесьці напачатку жніўня. Першым чынам разабраліся з калгаснай маёмасцю, прызначылі старасту і ягоных памочнікаў. Асаблівага гвалту ў адносінах да мірнага насельніцтва з іхняга боку не назіралася.

Адчулі мы цяжар акупацыі, калі фашысты пацярпелі паражэнне пад Масквою, адчулі супраціўленне мясцовых народных мсціўцаў. У лютым 1942 года, памятаецца, 23 чысла – у Дзень Чырвонай Арміі, немцы прымусова сагналі юнакоў з суседніх вёсак у Вець. Кожнаму выдзелілі калгаснага каня, з фурманкаю, сфарміравалі вялікі абоз і адправілі ў бок Магілёва. Па дарозе, а мы ўжо рухаліся ў бок фронту ў накірунку Вязьмы, да нас далучаліся яшчэ фурманкі. Пасля амаль 700-кіламетровага маршу канчатковым месцам прыпынку стаўся раён паблізу горада Ржэва, дзе тады ішло доўгае жорсткае супрацьстаянне савецкіх і фашысцкіх войскаў.

Пад наглядам і прымусам фашыстаў давялося зімою чысціць дарогі ад снегу, увесну і ўлетку сячы лес і выкладваць бярвеннямі гаці. Выжываць тады было цяжка, бо трымалі нас ва ўмовах канцлагераў.

Напачатку лета 1943 года павезлі ў Арлоўскую вобласць на будаўніцтва абарончых збудаванняў. Тады якраз усчаліся падзеі на Курскай дузе, і немцы рыхтаваліся да наступлення. Потым апярэдзілі іх адступаючыя фашысты, тыя гналі нас, як зняволеных, на захад. Толькі напачатку 1945 года ўжо ў Польшчы нас вызвалілі чырвонаармейцы.

Тады ў палон да нашых трапіла шмат нямецкіх афіцэраў і тымі пачала займацца ваенная контрразведка – «Смерш». У ваенных чэкістаў якраз не аказалася перакладчыкаў, і яны пачалі пытацца ў нас, ці разумее хто па-нямецку. Ніхто асабліва не хацеў прызнавацца, але адзін з нас чамусьмі паказаў на мяне. Я і сапраўды за два гады працоўнага палону трохі засвоіў нямецкую мову і пагадзіўся садзейнічаць.

Допыты немцаў ішлі ў панскім маёнтку, дзе абсталявалі штосьці падобнае да турэмных камер. З перакладам я паспяхова справіўся, і контрразведчык сказаў напрыканцы толькі кароткае: «Цяпер ідзі спаць!».

З таго часу і да канца вайны я знаходзіўся пры падраздзяленні «Смерша» і выконваў абавязкі перакладчыка. Апошнім разам перакладаў у берлінскім раёне Тэмпэльгоф, калі 2 мая 1945 года дапамагаў дапытваць сотні фашыстаў, якія масава капітулявалі.

Пра пасляваеннае жыццё Мікалая Лемешава мы пагутарылі ўжо карацей. Два гады ён яшчэ служыў у войску ў Германіі. Тады ж родныя атрымалі ад яго першыя звесткі, бо за гады прымусовай працы іх не было. Пасля дэмабілізацыі працаваў спачатку ў родным калгасе «Перамога», затым доўгія гады – на фабрыцы першаснай апрацоўкі воўны ў суседнім пасёлку Ільіч.

Разам з жонкай Марыяй Фядосаўнай нарадзілі і выхавалі трох сыноў і дачку, маюць цяпер 8 унукаў і 8 праўнукаў.

Сваю прыналежнасць да ветэранаў вайны Мікалай Лемешаў дакументальна пацвердзіў толькі напачатку 1990-х гадоў на падставе сведчанняў з ваенных архіваў.

Мікалай Міхайлавіч з’яўляецца даўнім прыхільнікам нашай газеты, неаднаразова звяртаўся ў яе рэдакцыю з просьбамі, заўвагамі і прапановамі рознага кшталту.

Ахрыменя, М. У акупацыі і ў «смершы» / Мікалай Ахрыменя // Маяк Прыдняпроўя. – 2015. – 8 мая. – С. 6.