Ласоўскі Міхась Аляксеевіч

Хоцімскі раён

ФОТО

Віктар Арцем’еў і Міхась Ласоўскі

Міхась Ласоўскі і Аркадзь Куляшоў у Трасцінскай бібліятэцы

Ля роднай хаты з жонкай, дочкамі, унучкай і праўнучкамі. Апошні здымак М.А. Ласоўскага

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Салдат і сейбіт Міхась Ласоўскі

Жыў і шчыраваў на хоцімскай зямлі сялянскі самародак, салдат і сейбіт, асветнік і краязнаўца-падзвіжнік, высокародны інтэлігент з чыстым сумленнем і светлай душой Міхась Аляксеевіч Ласоўскі. Мне пашэнціла пазнаёміцца з ім і пасябраваць на ўсё жыццё летам 1953 года падчас вандроўкі ў Хоцімскі раён. Як інспектар па бібліятэках аддзела культасветустаноў аблвыканкама, я прыняў удзел у рабоце семінара загадчыкаў клубаў і бібліятэк раёна. Міхась Ласоўскі прыкметна выдзяляўся ў гурце культасветработнікаў: мужны франтавік і вядомы селькор. Ды і яго Трасцінская бібліятэка была адной з лепшых у раёне, а пазней стане ўзорнай у вобласці і рэспубліцы. Ён ахвотна дзяліўся набытым вопытам прапаганды кнігі не толькі на семінарах. У той час яго артыкулы былі надрукаваны ў «Знамени юности» і іншых рэспубліканскіх газетах, у маскоўскім часопісе «Молодой коммунист». Нават чэхаславацкая маладзёжная газета з Прагі зрабіла перадрук яго нататкі з газеты «Знамя юности». І гэта з адукацыяй даваеннай сямігодкі. А дапамагала яму самаадукацыя: ён пастаянна чытаў, і не толькі мастацкую літаратуру.

Убачыўшы, што гэтых ведаў недастаткова, каб прафесійна ладзіць абслугоўванне чытачоў, Ласоўскі пачынае завочнае навучанне ў бібліятэчным тэхнікуме, а праз чатыры гады паступіў на бібліятэчны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага, які скончыў у 1964 годзе. І тут, і там ён атрымаў дыплом з чырвонай вокладкай. Сярод сельскіх бібліятэкараў Магілёўскай вобласці ён першым займеў вышэйшую спецыяльную адукацыю. І здолеў разумна ёй распарадзіцца. За што б ні ўзяўся – усюды паказвае ўзоры працы. І Трасцінская сельская бібліятэка стала школай перадавога вопыту па краязнаўстве і атрымала званне «Бібліятэка выдатнай працы». Ды яшчэ Міністэрства культуры СССР узнагародзіла Ласоўскага нагрудным знакам «За выдатную працу». Уручыла яго ў Маскве на ВДНГ сама міністр Кацярына Фурцава. На пытанне «Адкуль такая двухжыльнасць і аптымізм для дасягнення пастаўленай мэты?». Ласоўскі адказаў: «Гэта яшчэ ад салдацкай загартоўкі і ад сяржанцкай звычкі: рабі ўсё са мной, рабі як я, рабі сам!».

У 1943 годзе, як толькі быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў Хоцімскі раён, у 17 гадоў Міхась служыць у Чырвонай Арміі, у 18 – ён ужо сяржант-франтавік. На адным з Прыбалтыйскіх хутароў быў паранены, але зноў вярнуўся ў строй. Пасля Перамогі служыць у арміі яшчэ шэсць гадоў: выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, ваенкар армейскай газеты, ён уганараваны сфатаграфавацца ля сцягу вайсковай часці.

Пасля маіх нататак у газеты пра шчырага краязнаўцу ў Трасціно пачалі наведвацца спачатку журналісты, а потым вядомыя беларускія пісьменнікі. Паэты Аркадзь Куляшоў, Аляксей Пысін, Пятро Прыходзька і Аляксей Русецкі, празаікі Іван Чыгрынаў і Віктар Карамазаў сталі блізкімі сябрамі Ласоўскага. У бібліятэцы і ў Трасцінскай школе яны разам ладзілі сустрэчы з чытачамі. А Іван Чыгрынаў нават прыязджаў колькі разоў у Трасціно для збору матэрыялу ў раман «Плач перапёлкі».

Краязнаўца Міхась Ласоўскі і паэт Аляксей Пысін – аднапалчане. Яны сябравалі. Як пра франтавіка, Аляксей Пысін расказаў пра яго ў артыкуле «Дзень добры, аднапалчанін!»: «…Начная атака не ўдалася. Гвардзейцы трапілі пад скразны кулямётны агонь ворага, які ўмацаваўся на літоўскім хутары. Заляглі. Адышлі. На світанні батальёну быў прыдадзены танк. Была праведзена артылерыйская падрыхтоўка. Зноў пайшлі ў наступ. Танк заграз у балоце. Але хутар узялі. Міхась абяззброіў радыста і перадаў яго ў наш тыл. Калі вёў палоннага, мажнага здаравяку, адчуваў сябе блага. У вінтоўцы не засталося ніводнага патрона. Добра, што аб гэтым немец не здагадаўся. За хутарам, на вышыні, былі могілкі. Вышыня стала пярэднім краем батальёна. Вечарам пачаўся бой. Наступалі нямецкія штрафнікі і ўласаўцы. У акопы гвардзейцаў паляцелі гранаты. Ласоўскі быў паранены асколкамі ў нагу. Прыфрантавы шпіталь, які знаходзіўся ў літоўскім горадзе Седа. Гэта было першага лістапада 1944 года. Усяго год мінуў, як хлопец у арміі. А колькі за гэты час зведаў і перажыў! У верасні 1943 года быў вызвалены яго родны Хоцімскі раён. А ў кастрычніку 17-гадовы Міхась стаў салдатам. Першы год вайсковай службы правёў далёка ад фронту. Вучэбны батальён у Марыйскай АССР. Запасныя палкі. Маршавая рота. Нарэшце, дарога на фронт. Першы бой пад літоўскім горадам Шаўляем, і тыя вёскі і хутары, якія віталі тады ў ліку воінаў Чырвонай Арміі і беларуса Ласоўскага, адзначаць сёлета (1974 г. – В.А.) 30-годдзе свайго вызвалення.

У пачатку расказа Міхась Ласоўскі назваў, вядома, сваё вайсковае падраздзяленне – 9-я Чырванасцяжная гвардзейская стралковая дывізія, 18 гвардзейскі стралковы полк, трэці батальён. Я не мог стрымаць свайго хвалявання і пачаў выпытваць, а хто быў камандзірам палка, хто камандаваў батальёнам, ротай? На жаль, прозвішчы былі ўсё незнаёмыя. А я слухаў успаміны гвардзейца і адчуваў, што нібы ўвесь час быў побач з ім. Гэта ж мая дывізія, мой полк, мой батальён! Толькі першы раз пакінуў я дывізію ў снежні 1942 года, калі быў паранены пад Вялікімі Лукамі. Са шпіталя я зноў вярнуўся ў роднае падраздзяленне, удзельнічаў у баях за вызваленне горада Белы Калінінскай вобласці і пасля ранення ў сакавіку 1943 года выбыў у другую вайсковую часть. Выходзіць, маё месца ў маім былым батальёне заняў Міхась Ласоўскі.

А далей я даведаўся ад Ласоўскага, што на адным фронце, па-суседску, мы ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Літвы і Латвіі. І Дзень Перамогі сустрэлі пад горадам Ліепая, на беразе Балтыйскага мора. На гэтым участку фронту баі закончыліся ў дзве гадзіны дня 8 мая 1945 года, калі капітуліравала Курляндская групоўка праціўніка…

Цяпер, пры наступнай сустрэчы, я скажу Міхасю Ласоўскаму:

– «Дзень добры, мой дарагі аднапалчанін!».

У 2013 годзе ў Магілёўскім выдавецтве «АмелияПринт» убачыў свет мой зборнік «Краязнаўца-падзвіжнік Міхась Ласоўскі». У яго, апроч маёй прадмовы пра жыццёвыя пуцявіны асветніка і нататак пра вопыт яго краязнаўчай работы, увайшлі нарысы журналіста Якава Рэзнікава, паэта Аляксея Пысіна, празаіка Віктара Карамазава і ўрыўкі з артыкулаў самога краязнаўцы пра кнігі і пісьменнікаў, а яшчэ ўспаміны яго родных і блізкіх. Да развітання з жыццём (яго сэрца спынілася 27 жніўня 2013 года) Міхась Аляксеевіч паспеў не толькі ўбачыць і палюбавацца вокладкай зборніка, прысвечанага яму, але і поўнасцю прачытаць яго на імправізаванай прэзентацыі, якую наладзілі сям’я і сябры. Міхась Аляксеевіч быў радасна ўсхваляваны. Ён выказаў удзячнасць лёсу за тое, што выжыў у цяжкую часіну, а пазней атрымаў дастойную адукацыю. На кнігу даў такі водгук: «Выхад кнігі ў свет – гэта мне самая высокая ўзнагарода за ўсё жыццё! Гэта як ордэн Леніна пры савецкай уладзе!».

Па веравызнанні Ласоўскія – праваслаўныя веруючыя. Міхась Аляксеевіч быў прыкладным прыхаджанінам Хоцімскай царквы. З ім цёпла сябраваў святар архімандрыт Кірыл. Пры сустрэчах яны вялі гамонку як на праваслаўную тэматыку, так і пра краязнаўства. Бацюшка Кірыл праводзіў свайго верніка ў апошняе яго прыстанне, адслужыў малебны ў доме і на старажытным кладзішчы ў Трасціно, прыязджаў на саракавіны і на гадавіну, пастаянна памінае ў храме падчас літургій.

Міхась Ласоўскі валодаў вострым пяром журналіста. Летапісец зямлі Хоцімскай ды і ўсёй усходняй Магілёўшчыны надрукаваў у газетах некалькі соцен краязнаўчых артыкулаў і нататак, а ў сельскай бібліятэцы аформіў унікальныя альбомы пра родны край, якімі і ў будучым будуць карыстацца яго землякі. Я стараўся прачытаць усё, што ён напісаў, ды ўсё ж адна публікацыя мінула мяне. Нядаўна з Кіева па электроннай пошце яго дачка Людміла пераслала мне тэкст артыкула, які называецца «Ласкавае слова – як дзень ясны». Ён надрукаваны ў Хоцімскай газеце «Шлях Кастрычніка» 30 жніўня 2003 года. Ласоўскі напісаў гэтую нататку, калi яго чарговы раз ўратавалi ўрачы Хоцімскай бальніцы. Пасля ратунку ён пражыў яшчэ роўна 10 гадоў. Такі дарунак медыкі зрабілі ветэрану. Радкі артыкула настолькі шчырыя, настолькі праўдзівыя і мудрыя, што гучаць, як споведзь у храме. Ды гэта і ёсць яго споведзь перад людзьмі ўсяго Прыбяседдзя.

Медыцынскім работнікам ён асобна адрасуе такія радкі: «У цяжкія хвіліны жыцця мяне ратавалі міласэрнасць і дабрыня ўрачоў. Так, хірург Анатоль Міхайлавіч Даніленка лячэбным скальпелем, сваімі залатымі рукамі і добрым сэрцам тройчы цудатворна аперыраваў мяне. Тэрапеўт Вера Васільеўна Кабанава не меней за дзесяць разоў прафесійна ўтаймоўвала запаленчыя працэсы букета маіх хвароб. Для мяне сталі бальзамам іх увага, чуласць і ласка ў працэсе лячэння. Заўсёды было бачна, ясна адчувалася, што абавязкі свае яны выконваюць па шчыраму руху сваёй шчодрай душы, па прыстойнасці свайго сумлення».

У той жа час Міхась Аляксеевіч з горыччу адзначае: «У гамонках ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўсё часцей і часцей гучать радкі «Нас усё меней і меней…» з песні «Жывая памяць». А менавіта франтавікі, якія глядзелі смерці прама ў твар, нясуць моладзі непаддзельныя пачуцці патрыятызму і любові да сваёй Айчыны. На вайне прайшла іх маладосць. А потым усе сілы яны аддалі ўмацаванню сваёй дзяржавы. Ніхто з іх не змог падмануць прыроду. І вось яна, старасць – ногі нахадзіліся, рукі спрацаваліся, вочы наглядзеліся. Медыкі раюць старэць прыгожа. Залогам і гарантыяй з’яўляецца здаровы лад жыцця.

Вечарам вярнуўся ў дом з свайго зямельнага падворку і стаў бярозавым сокам наталяць смагу. Унучка Аня перадае, што па тэлефону суседка, настаўніца-пенсіянерка Валянціна Андрыянаўна Бянькова, ад імя сваёй сям’і цёплымі словамі павіншавала мяне з днём нараджэння. І хаця яшчэ раніцай усе родныя павіншавалі мяне з гэтай нагоды, словы аднавяскоўкі кранулі незвычайнай цеплынёй».

Віншавальныя паштоўкі прыйшлі з Віцебска і Чаркас ад дачок Таццяны і Людмілы. Букет палявых кветак разам з унучкамі Соф’яй і Настай уручыла юбiляру захавальніца і спадарожніца яго жыцця жонка Галіна Паўлаўна. А яшчэ былі Ласоўскаму віншаванні ў раённай газеце «Шлях Кастрычніка» ад калектыву рэдакцыі і сябра-пабраціма. Атрымаў ён віншавальныя адрасы ад кіраўнікоў раённай і абласной бібліятэк, бібліятэчнага тэхнікума…

І юбіляр так расчуліўся, што вочы хусцінкай працёр. І пайшлі на паперу такія радкі:

«Мяне безмежна кранулі іх увага, цеплыня, сардэчнасць у адрас простага былога салдата, сельскага бібліятэкара, а цяпер пенсіянера, інваліда Вялікай Айчыннай вайны 2-й групы, які аддаў і зараз аддае сваю энергію сялу Трасціно – маленькай радзіме, маленькай бацькаўшчыне, маленькай кропцы на карце нашай Айчыны.

Часта слухаю ў вячэрняй цішы, як салаўі, аслепленыя сваёй музай, знаходзяць адзінства і падобнасць нашых пачуццяў. Ад чаго хочацца жыць улюбёна, бадзёра і цікава. І людзі, што павіншавалі мяне, – людзі высокай культуры, шырокай натуры і душэўнай дабрыні. Яны выпраменілі шмат сонечнага свету і цяпла. Таму для мяне весткі ад іх – гэта незвычайна памятны момант, падзея, якія кладуцца на душу лячэбным бальзамам. Разам са словамі шчырай удзячнасці звяртаюся да Бога, каб ён сваім вяленнем паслаў гэтым добрым людзям моцнае здароўе, шчасце, дабрыню ў іх штодзённым службовым і сямейным жыцці. А яшчэ каб памог Гасподзь ім ва ўсіх творчых справах, якія праменяць людзям сонечны свет і цяпло, каб у іх сэрцах заўжды гарэў праметэяў агонь памкненняў і адданасці на многае леты!

У маёй старэчай галаве, як сведчыць прымаўка, старасць слабая на ногі ды моцная на розум, адразу ж у вачах стала мроіцца маё жыццё і, як кадры ў кінастужцы, сталі ўзнікаць самыя яркія моманты майго жыцця…

Душа, як скура: яна ў маладосьці больш свежая і чыстая, а потым можа пастарэць. Але, калі ты здолеў ухапіць з маладосьці нешта з сабой для душы, тады ты багаты і душа здаровая. Маё захапленне кнігамі і рыцарскае пакланенне перад імі, якія са стагоддзя ў стагоддзе збіраюць і нясуць у будучыню мудрасць чалавецтва, захапленне краязнаўствам – гэта і ёсць мой пошук супрацьяддзя ад старэння. Яны ж служаць натхненнем у працы ва ўмовах вёскі. Калі работы ланцужком бягуць адна за другой безупынна, і цяжка іншым днём знайсці час, каб памыць рукі, узяць скібку хлеба, каб аднавіць фізічную моц свайго цела. Дарэчы, мне пашэнціла, што сярод прыгажунь-жанчын я сустрэў дзяўчыну сваёй мары – аматара кнігі, яна падзяляе і дапамагае несці нялёгкую ношу маіх поглядаў ужо сорак сем гадоў».

А які яшчэ падарунак даў Ласоўскаму лёс? Гэты падарунак можна выказаць у лічбах: восем гадоў армейскай службы з удзелам у баях на фронце, 36 гадоў працы ў бібліятэцы, 33 гады вяскоўцы выбіралі яго дэпутатам сельскага савета, тройчы – засядацелем народнага суда, сем гадоў быў важаком камсамольцаў, дзесяць сезонаў у парадку шэфскай дапамогі працаваў на збожжатаку насенневодчай гаспадаркі. Па ініцыятыве і падтрымцы народнага паэта Аркадзя Куляшова гаспадарчым способам пабудаваў памяшканне для сельскай бібліятэкі. Потым ужо завяршыў будаўніцтва ўласнага дома.

Ай, нялёгка гэта дасталася! Ні разу не атрымаў пуцёўку для лячэння ў санаторыі. Дом будаваў за свае сродкі. Карову змог трымаць толькі тады, як пайшоў на пенсію. Кіраўнік аддзела культуры райвыканкама меў зайздрасць і неразуменне за яго творчую пазіцыю і прынцыповасць. Таму і прапанову вядомых беларускіх пісьменнікаў аб прысваенні бібліятэкару-краязнаўцу звання «Заслужаны работнік культуры БССР» чыноўнік не падтрымаў. Больш таго, як толькі споўнілася бібліятэкару за 60 гадоў, адправіў яго на пенсію.

Міхась Ласоўскі заўсёды быў удзячны і сваім аднавяскоўцам, і армейскім камандзірам, і настаўнікам школы, і выкладчыкам тэхнікума і інстытута, і журналістам, і беларускім пісьменнікам, яго заўсёды радавала падтрымка сапраўдных сяброў. Добрым словам вельмі даражыў. Гаварыў: «Ласкавае слова – як дзень ясны, гэта радасць для душы».

Сваю споведзь у газеце Міхась Аляксеевіч закончыў такімі пранікнёнымі душэўнымі радкамі: «Усім добрым людзям вялікае і шчырае дзякуй з нізкім паклонам. Многае леты вам! І хаця ў народзе гавораць, што ад старасці і ад смерці няма ў свеце лекаў, на маю думку, я тое адчуваю на сабе, лекі ёсць. Гэта чысціня, маральная прыгажосць і дабрыня чалавечых душ.

Радасць – гэта вечная спадарожніца чалавека. І хвала тым, хто нясе яе людзям, асабліва нам, каму шмат гадоў. Не частуйце нас ні піўцом, ні вінцом, а па жыцці нас, сталых людзей, віншуйце шчырым, адкрытым, задушэўным, ласкавым слаўцом. І тады нам у радасць буде наша старасць».

Так краязнаўца-падзвіжнік, салдат і сейбіт падвёў вынік свайго ўнёску ў скарбонку роднага краю і выказаў шчырую ўдзячнасць усім людзям, якія стрэліся яму на жыццёвай дарозе. Ён быў мужным салдатам, а потым усё жыццё сеяў разумнае, добрае, вечнае, і яно як мудрасць, як запавет маладым.

4-5 снежня 2014 г.,

ліпень 2018 г.

Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.