Кунцэвіч Уладзімір Яўціхавіч

Круглянскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

«Спытайце ў сына майго...»

Нядаўна сустрэўся з Аляксандрам Малалетніным. Разгаварыліся аб жыцці-быцці. А я ўсё гляджу на яго пагоны маёра і думаю, такімі выпускнікамі школы можна толькі ганарыцца.

Наогул, у нашай Загаранкаўскай школе, дзе я больш дваццаці гадоў быў дырэктарам, многія юнакі захапляюцца ваеннымі прафесіямі. Шчыра кажучы, адабраю такі выбар. У свой час разам з ваенруком Сяргеем Яфімавічам Рагавіцкім (ён цяпер таксама на пенсіі) часта заводзілі размову з рабятамі на ваенна-патрыятычныя тэмы. Дарэчы тут заўсёды прыходзяцца і расказы аб вайне. У гэтым сэнсе мне ёсць што ўспомніць.

...У арміі, у якую быў прызваны ў 1939 годзе, «захварэў» ваеннай справай, хаця ўжо меў прафесію настаўніка. I неўзабаве стаў курсантам ваеннага вучылішча, закончыць якое давялося датэрмінова – на нашу краіну вераломна напалі фашысцкія захопнікі. У званні лейтэнанта трапіў у пуцявы чыгуначны батальён, які быў заняты аднаўленчымі работамі. На Волхаўскім, Ленінградскім, Карэльскім франтах давялося пабываць.

Неўзабаве будзем адзначаць 45-ю гадавіну Вялікай Перамогі, але нічога не забываецца. Напэўна мы, ветэраны, да канца жыцця будзем бачыць навакольны свет у двайной экспазіцыі, калі кадры сённяшняга дня сумяшчаюцца на адной плоскасці з карцінамі мінулага, асабліва вайны.

Напрыклад быццам наяву бачу, як мы будавалі вузкакалейку ў зону баявых дзеянняў другой ударнай арміі, якая была адрэзана ворагамі ад аўтамабільных дарог. А колькі патрабавалася мужнасці, намаганняў, каб пад варожым агнём па мёрзлай глебе пракласці рэйкі паралельна з вядомай дарогай жыцця для падтымання блакаднага Ленінграда! I здаецца, не было большай радасці, чым у той дзень, калі па нашай чыгунцы пайшлі эшалоны з харчаваннем, вуглём, нафтай…

У грозны і трывожны люты сорак трэцяга года я быў прыняты ў рады КПСС. I быццам сіл прыбавілася. Разам з баявымі сябрамі ўсе заданні выконвалі паспяхова. Як кажуць, дзякуй богу, абміналі варожыя кулі.

Калі ж фронт адкаціўся на захад, наш батальён быў накіраваны ў Іркуцк, дзе тэрмінова патрабавалася новая чыгунка. Там і пачулі радасную вестку аб Перамозе над фашысцкай Германіяй. Але мы па-ранейшаму рабілі сваю справу, пакуль яе не закончылі, на што спатрэбілася яшчэ амаль два гады. Тады і атрымалі загад аб расфарміраванні нашай часці.

Зняўшы шынель з капітанскімі пагонамі, зноў перакваліфікаваўся ў настаўнікі. Давялося яшчэ вучыцца – закончыў педінстытут. Працаваў у Скляпаве, Круглым, пакуль не асеў канчаткова ў Загаранах. Тут і дом свой пабудаваў, у якім выраслі трое дзяцей. У дачок, як кажуць, мірныя прафесіі, а вось сын – ваенны. Уладзімір у нас – маёр.

Дадому Уладзімір не часта прыязджае. Але пры сустрэчах заўсёды падоўгу вядзём з ім так званую мужчынскую размову. Ведаю, не шкадуе ён аб сваім выбары, хаця і нялёгкая воінская служба. Але яна ж, лічу, і ганаровая, адказная. Заўсёды ўспамінаю маладосць, гледзячы на сваіх былых вучняў Валерыя Іванавіча Сілкова, Пятра Карпавіча Шэрашава, Яўгена Аляксеевіча Чапцова, Аляксандра Міхайлавіча Кавалёва, Сяргея Нэлікавіча Канавалава, Віктара Андрэевіча Арлова і многіх іншых, хто прысвяціў сваё жыццё Савецкай Арміі. I толькі думаю аб адным, каб ніколі-ніколі не паўтарылася тая страшэнная вайна. Перафразіруючы словы вядомай песні, хочацца сказаць: «Спытайце ў сына майго, ці хочуць рускія вайны?».

Як ветэран, часта сустракаюся з моладзю. Трэба, каб з дзяцінства ведалі хлапчукі і дзяўчынкі, якой цаной дасталася нам мірнае сёння, колькі жыццяў каштавала Перамога. Пад абаронай нашых воінаў можам мы спакойна жыць, працаваць, тварыць. І яшчэ ў гутарках заўважаю, што формы праяўлення гераізму розныя, але сутнасць іх адна – гэта самааддана выкананы воінскі, грамадзянскі, проста чалавечы абавязак. I на вайне, і ў мірны час.

ФОТО

СМИ

Заўсёды на перадавой

Дзед яго ўсё жыццё батрачыў на пана. Зведаў панскі прыгнёт і бацька. Калі сяляне пасля Кастрычніка, які прынёс волю і зямлю, аб’ядноўваліся на калектыўнае вядзенне гаспадаркі, Еўціхій Васільевіч першым уступіў у калгас. Уладзіміра, равесніка Вялікага Кастрычніка, жыццё акрыліла вялікімі марамі.

Гады былі цяжкімі, але ўзнёслымі – будавалі новы свет.

Пасля сямігодкі пакінуў юнак родную вёску Навапруддзе, паехаў вучыцца ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Бацька, малапісьменны селянін, які толькі пры Савецкай уладзе вучыўся чытаць і пісаць, падтрымаў мару сына стаць настаўнікам.

Свае першыя ўрокі малады настаўнік Уладзімір Еўціхавіч Кунцэвіч даваў у сельскай школе Клічаўскага раёна. Адтуль яго і прызвалі на армейскую службу. Пісьменнага, стараннага, дысцыплінаванага юнака заўважылі і паслалі на вучобу ў Ленінградскае Чырванасцяжнае вучылішча ваенных зносін імя Фрунзе. Ён скончыў яго па аддзелу эксплуатацыі. А вайна залічыла маладога лейтэнанта ў пуцявы чыгуначны батальён, які займаўся не эксплуатацыяй, а ўзнаўленчымі работамі.

Волхаўскі, Ленінградскі, Карэльскі франты сталі баявой біяграфіяй лейтэнанта Уладзіміра Кунцэвіча. Памятнымі на ўсё жыццё сталі цяжкія кіламетры вогненных дарог, калі яму разам з франтавымі таварышамі даводзілася ў літаральным сэнсе слова закапвацца ў камяністую зямлю чыгуначнага палатна, пакідаць скуру далоней на абпаленых марозам рэйках, узнаўляць масты пад абстрэлам ворага і ўпарта ісці да перамогі – не ўслед, а ўпоравень з фронтам.

На фронце стаў камуністам. Заяву аб прыёме ў рады КПСС пісаў у 1943-ім. На фронце прысвоілі і чарговае званне капітан. Да пераможнага 1945-га быў на перадавой лініі агню. А толькі вайна для яго не скончылася перамогай над гітлераўскай Германіяй. Давялося яшчэ быць удзельнікам разгрому мілітарысцкай Японіі.

У 47-ым пасля службы ў будаўнічым пуцявым чыгуначным батальёне, які займаўся ўзнаўленчымі работамі, вярнуўся капітан Кунцэвіч у родныя мясціны. На ваеннай гімнасцёрцы паблясквалі баявыя ўзнагароды – медалі «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй».

Зняўшы з ваеннай гімнасцёркі капітанскія пагоны, былы франтавік пачаў настаўнічаць ў Скляпаўскай сярэдняй школе. Выкладаў гісторыю, геаграфію. Але многае забылася за гады вайны, таму Уладзімір Еўціхавіч паступіў на завочнае аддзяленне Магілёўскага настаўніцкага інстытута. З таго часу вучоба для яго ніколі не канчалася. Потым яшчэ вучыўся ў педінстытуце. І ўвесь час настойлівая самаадукацыя.

А працаваць давялося і ў Круглянскай сярэдняй школе, і ў дзіцячым доме. Больш 20 гадоў быў Уладзімір Еўціхавіч дырэктарам Загаранкаўскай сярэдняй школы. Ён і цяпер, калі пайшоў на пенсію, жыве сярод тых людзей, каго вучыў.

Паважаюць у вёсцы гэтага чалавека і памятаюць яго навуку. А ён усё жыццё галоўнай работай лічыць выхаванне любові да нашай сацыялістычнай Бацькаўшчыны, да роднай улады.

Заўсёды на перадавой : [пра Кунцэвіча Уладзіміра Яўціхавіча, ветэрана вайны і працы] // Сельскае жыццё (Круглае). – 1984. – 7 лістапада.

За цаной не стаялі

Пачатак вайны я сустрэў у якасці курсанта Ленінградскага Чырвонасцяжнага ордэна Леніна ваеннага вучылішча шляхоў зносін імя М. В. Фрунзе. Мы, курсанты, як і ўся моладзь, тады лічылі, што вайна доўга не працягнецца, і на сваёй зямлі мы ворага разграмім малой крывёю. На жаль, усё выйшла наадварот. Вельмі многа вялікіх страт і ахвяр давялося перажыць, перанесці. Напэўна таму так цяжка ўсё гэта забыць. Нават праз паўстагоддзя.

Выпуск курсантаў быў завершаны датэрмінова. Ужо ў пачатку ліпеня групу выпускнікоў накіроўваюць у распараджэнне Прыволжскай ваеннай акругі. Там фарміруюцца два чыгуначныя батальёны, у тым ліку і наш 57-ы асобны аднаўленчы чыгуначны батальён. Да снежня 1941-га яго асабовы састаў займаўся адпрацоўкай навыкаў вядзення будаўніцтва чыгуначнага палатна і мінна-падрыўных работ.

Пасля разгрому фашысцкіх полчышчаў пад Масквой батальён накіроўваюць на Волхаўскі фронт. Ужо ў пачатку 42-га года ставілася задача аб зняцці блакады Ленінграда шляхам яе прарыву часцямі войск гэтага фронта. I галоўная роля ўскладалася на 2-ю ўдарную армію, з якой лёс звёў і наш чыгуначны батальён. Нам, у прыватнасці, належыла арганізаваць будаўніцтва вузкакалейнай чыгункі для баявога забеспячэння тыла арміі. Работы праводзіліся ў вельмі цяжкіх умовах: працавалі ў лясіста-балоцістай масцовасці, пад агнём фашыстаў. За паўгода гераічных бітваў воіны арміі знішчылі не адну дывізію нямецкіх войск, удар якіх рыхтаваўся па шматпакутнаму Ленінграду. Але сілы былі няроўныя, армія фактычна аказалася ў акружэнні, завязла ў балотах, страціўшы тылавыя камунікацыі. Варожыя самалёты ўвесь час раскідвалі лістоўкі, у якіх быў заклік спыніць дарэмнае супраціўленне, паколькі генерал Власаў ужо добраахвотна здаўся ў палон немцам. I ўсім, хто возьме з яго прыклад, абяцалі жыццё і добрыя ўмовы. Аднак ніводнага выпадка здрады сярод нашых байцоў не было.

Летам 1942-га ўдалося часткова вызваліць войскі 2-й арміі, прабіўшы вузкі калідор у варожым акружэнні ў раёне Мяснога Бора. Гэта быў сапраўды вогненны калідор.

Такім чынам на подступах да Ленінграда вораг бесперапынна губляў свае сілы. Гітлераўцы пацярпелі правал з задумкай авалодаць горадам штурмам і знесці яго з твару зямлі. I тым не менш становішча яго па-ранейшаму заставалася вельмі цяжкім.

У канцы 42-га батальён у складзе цяпер ужо войск 9-й чыгуначнай брыгады атрымаў загад пабудаваць палёва-ледзяную чыгунку паралельна трасе вядомай «дарогі жыцця» па льду возера Ладага. У сусветнай практыцы гэта напэўна была першая спроба пабудаваць такі своеасаблівы палёва-ледзяны чыгуначны мост працягласцю больш 30 кіламетраў. З Ленінградскага боку адпаведныя работы праводзіліся насустрач. Мы ж пачалі ад прыазёрнай станцыі Кабона, дзе былі размешчаны грузы для блакаднага Ленінграда. Працаваць прыходзілася фактычна на віду ў немцаў, якія знаходзіліся ў Шлісенбургу. Аб важнасці будуемага аб’екта сведчыць і той факт, што Кабону наведалі такія вядомыя дзеячы партыі як К. Варашылаў і А. Жданаў.

Ужо пасля прарыву блакады ў студзені 1943-га нас перакінулі на тэрміновую пабудову чыгункі ад Жыхарава да Шлісенбурга. Лядовая «дарога жыцця» папоўнілася «дарогай Перамогі». У час гэтай аперацыі загінула нямала нашых таварышаў, якія пахаваны там жа, паабапал дарогі. Такім чынам, узброеныя не толькі ваеннай тэхнікай, мы рабілі з воінамі фронта адну справу – садзейнічалі прарыву блакады і падтрыманню жыцця вялікага горада. Цяпер ён быў ужо не адарваны ад знешняга свету. У Ленінград рушыў паток эшалонаў з харчаваннем, вугалем, нафтай, рудой, узбраеннем. А ленінградцы, ледзьве адышоўшыя ад цяжэйшых умоў варожага акружэння, ужо спяшаліся дапамагчы фронту – пасылалі асвоеныя ў дні блакады гвардзейскія мінамёты. Хоць усё яшчэ горад знаходзіўся пад фашысцкім агнём, гінулі людзі, разбураліся помнікі архітэктуры.

У лютым 44-га сіламі войск Ленінградскага і Волхаўскага франтоў сумесна з партызанамі, якія падтрымлівалі нас з тылу, была поўнасцю вызвалена Ленінградская вобласць. А крыху раней, у студзені Радзіма салютавала ў гонар поўнай ліквідацыі блакады Ленінграда.

Мая далейшая ваенная біяграфія склалася такім чынам, што пасля працаваў на аднаўленчых работах на Карэльскім фронце, быў перакінуты разам з батальёнам на будаўніцтва чыгункі ў Іркуцк. Тут, на беразе Байкала і сустрэў Перамогу. Вядома, у адным газетным артыкуле не раскажаш пра ўсе эпізоды гераізму нашых воінаў. Але подзвіг і жывых, і мёртвых абаронцаў Ленінграда заўсёды будзе жыць у маім сэрцы, ды і ў сэрцах усіх сумленных людзей.

Хоць сёння многае і трывожыць. Тое, з якой лёгкасцю цяперашнія кіраўнікі горада адмовіліся ад яго назвы, тым самым перакрэслілі гераічную гісторыю Ленінграда. 3 якім цынізмам разбурана, падзелена на бананавыя рэспублікі наша некалі гордая і вялікая дзяржава. А мы ў гады вайны былі адзінай нацыяй, ваявалі за кожны кавалак нашай зямлі як за свой. Таму і перамаглі. Дык ці адумаюцца сучасныя палітыкі, ці возьме нарэшце ў іх верх пачуццё патрыятызму, павагі да свайго народа? Не на словах, а на справе. I дажыць бы нам, ветэранам, да гэтага дня як яшчэ да адной перамогі.

АД РЭДАКЦЫІ. Мы дапоўнім у сваю чаргу расказ ветэрана радкамі яго баявой характарыстыкі, дзе старшы лейтэнант У. Я. Кунцэвіч адзначаецца як умелы, храбры воін, камандзір узвода, які не раз рызыкуючы жыццём выконваў адказныя баявыя заданні, уласным прыкладам натхняючы падначаленых яму байцоў. Уладзімір Яўціхавіч узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда».

Кунцэвіч У. Я. За цаной не стаялі : [успаміны ветэрана вайны і працы, жыхара в. Загараны Круглянскага раёна] / падрыхтавала Т. Бялянкіна // Сельскае жыццё (Круглае). – 1995. – 5 сакавіка.