Кузняцоў Мікалай Іванавіч

Кіраўскі раён

БИОГРАФИЯ

Нарадзіўся Мікалай Іванавіч у сям’і падмаскоўнага каваля. Бацька быў з вялікай сям’і, дзе ўсе мужчыны з пакалення ў пакаленне былі кавалямі, падкоўвалі коней, рамантавалі брычкі, карэты, якія рэгулярна снавалі між Масквой і Петраградам. У Грамадзянскую вайну бацька служыў у арміі. У дваццатым годзе яго часць стаяла ў Паўлавічах, салдаты квартаравалі па хатах вяскоўцаў. Вось тут Іван і сустрэў сваё шчасце. Дадому салдат вярнуўся з жонкай. Шматлікая радня не адобрыла ўчынак жаніха і пачала нагружаць нявестку па гаспадарцы так, што доўга трываць стала немагчыма. Маладыя вымушаны былі вярнуцца ў Паўлавічы. А яшчэ праз нейкі час пабудавалі сабе хату ў Хімарадзе.

На сядзібу Мікалая Іванавіча Кузняцова ў Хімарадзі міжволі звернеш увагу: прасторны дом на высокім падмурку, абшаляваны, пафарбаваны. А пад вокнамі, нібы ў ганаровай варце, выцягнуліся ліпы; на крайняй – раскошная буслоўка. Птушкі кожную вясну вяртаюцца на сваё гняздоўе, радасным клёкатам вітаючы клапатлівых гаспадароў і ўсё наваколле.

Аб дзяцінстве сваім Мікалай Іванавіч нічога незвычайнага не ўспомніў. Рос як большасць вясковых дзяцей, бегаў у школу, дапамагаў па дому. А як крыху падрос – і на калгаснай ніве шчыраваў. Калі пачалася вайна, яму не споўнілася і шаснаццаці. Затое калі споўнілася васямнаццаць, яго разам з іншымі вясковымі хлопцамі арыштавалі немцы і пагналі ў Бабруйск, а потым у Азарычы на прымусовыя работы. Зімой 1944 года вяняў «перадыслакавалі» пад Рагачоў, які быў вельмі важнай чыгуначнай станцыяй. А як стала вядома пазней, сюды іх перагналі не дарэмна. Пасля таго, як армія Гарбатава перайшла ў наступленне, у тыл сталі прыбываць машыны з забітымі немцамі. Трупы закопвалі ў рвах пад Рагачовам: барсукоўскія, паўлавіцкія, полькавіцкія… хлопцы. А літаральна перад самым вызваленнем горада, пастроіўшы ў калону, іх у суправаджэнні канваіраў паганалі на Бабруйск.

– Шаша была забіта адступаючымі войскамі, тэхнікай, – успамінае Мікалай Іванавіч. – Нас гналі палявымі дарогамі. Мы, землякі, трымаліся разам. Калі ў вёсцы Скубяціна сагналі ў хаты на начлег, пастараліся трапіць у адзін дом. Вартавыя былі сталага ўзросту. Яны, як і мы, за доўгую зімовую дарогу стаміліся. Калі “наш” вартавы задрамаў у цяпле, мы ціхенька выйшлі на двор і пусціліся наўцёкі, трымаючыся накірунку на Паўлавічы. Доўга блукалі, стомленыя і знясіленыя, прыбылі ў родныя мясціны. Да вызвалення раёна я не паказваўся на людзі: з-за мяне маглі растраляць не толькі родных, але і суседзяў. А вясной захварэў на тыф. Вось чаму мяне адразу не прызвалі ў рады дзеючай арміі. Атрымаў павестку толькі тады, як аклямаўся ад цяжкай хваробы.

Служыў Кузняцоў у рамонтным танкавым палку. У час аднаго з налётаў варожая авіацыя нанесла дакладны бомбавы ўдар па базе палка. Гарэлі танкі, грузавікі, гаручае, стагналі раненыя. Агонь хутка падбіраўся да запраўленага палівам бензавоза, вадзіцель якога загінуў. Першым заўважыў гэта Кузняцоў. Ён запусціў рухавік і вывеў аўтамабіль у бяспечнае месца. За мужнасць і смеласць воіна ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Адбылося гэта на тэрыторыі Венгрыі, дзе ён і сустрэў Перамогу.

ФОТО