Крыванос Мікалай Міхайлавіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Мікалай Міхайлавіч Крыванос жыве ў вёсцы з цудоўнай меладычнай назвай Малінавае. Мясцовы старажыл. Чаго толькі ні пабачыў на сваім вяку. Двое сыноў і дачку ўзгадаваў разам з вернай сяброўкай жыцця Лізаветай Маісееўнай. На жаль, трэці год як адзін ужо. Мае 6 унукаў, 8 праўнукаў. Сям’я для яго – галоўная каштоўнасць.

– Наша кроў, патрэбна адзін аднаго падтрымліваць і ў радасці, і ў горы, – настаўляе сваю моладзь галава роду.

45 гадоў адшчыраваў Мікалай Міхайлавіч у мясцовай гаспадарцы – саўгасе «Клічаўскі». А між тым ён інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Адно: характар! Загартавала жыццё.

Перад самай вайной на калгаснай працы скалечыўся яго бацька, і ён, 20-гадовы, узяў на сябе клопат аб сям’і ў шэсць душ. Таму і бронь далі, не пайшоў на фронт у першую мабілізацыю. У акупацыі прыйшлося нямала гора пабачыць. Немцы гаспадарылі, людзей расстрэльвалі, катавалі, палілі. Моладзь, каб не патрапіць у Нямеччыну, хавалася ў лясах. Чаго толькі яму каштавала перажыць восем дзён нямецкай блакады ў балотах Цераболі?!

На фронт трапіў у чэрвені 1944 года. Быў стралком, «касіў» ненавісных фашыстаў і «Максімам», і мінамётам. У складзе 51-га палка вызваляў Польшчу. Быў цяжка паранены ў нагу.

– Каля горада Асаўца заспеў мяне нямецкі снайпер, – узгадвае ветэран. – Вораг моцна засеў, акапаўся ў Мікалаеўскай крэпасці. Ніяк выбіць яго не маглі адтуль. Кругом на шмат вёрст балоты, вада хлюпае, гразь. Больш месяца мы там у акопах прастаялі. То наступаем, то назад адкатваемся. Шмат народу там палягло.

Дайшоў з баямі да Кёнігзберга. У адным з іх атрымаў кантузію. Страціў зрок на адно вока.

I якім жа доўгачаканым стаўся Дзень Перамогі!

– Усё неба аж «гарэла» ад нашых салютаў, – усхвалявана ўспамінае Мікалай Міхайлавіч. – Мы абдымаліся, цалаваліся, палілі ў неба. Я таксама – з 82-міліметровага мінамёта, аж ствол яго накаліўся. Мы перамаглі, выстаялі, выжылі!

– А ўзнагароды маеце?

– Медаль «За баявыя заслугі», ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені і іншых крышку.

Стары салдат расчуліўся ад успамінаў. Прысеў на лаўку каля сваёй пяцісценкі, закурыў, каб саўладаць з сабой.

– Вы яшчэ курыце? Шкодна ж для здароўя.

– Куру. Ужо 75 гадоў. Так што кідаць гэту звычку позна. Прызнаю толькі свой самасад. Вырошчваю на агародзе турэцкі тытунь.

– Як сёння вам жывецца?

– Нічога. Пенсію дзяржава дае. Дзеці шкадуюць, паважаюць. Яны ўсе моладзь у параўнанні са мною. Мне ўжо 89. Раней гаспадарку немалую трымаў, пчалярствам займаўся. А сёлета пчолы дрэнна перазімавалі, – ківае на калоды ў садзе. – Мёд не прадаю. Свая сям’я вялікая. Калі якой вясковай кабеце на лекі трэба, дык выручу. Памаўчаўшы, дадае: «Сумленне трэба мець у жыцці».

Чалавек, які зведаў соль жыцця, мае рацыю.

Ізох, Н. Соль зямлі / Н. Ізох // Сцяг Саветаў. – 2009. – 2 ліпеня. – № 52.