Круглова Клаўдзія Мікалаеўна

г. Магілёў

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Санінструктар Круглова: «Каб давялося жыць наноў, то лёс свой я не памяняла б»

...Санінструктар Клава пачула, што з правага боку ад бліндажоў медсанбата пачаўся бой: рваліся снарады, нямецкія самалёты скідвалі бомбы. Паспяшалася: ідзе бой, ёсць параненыя чырвонаармейцы. Дывізія фарміравалася ў Самаркандзе, у ёй многа маладзенькіх узбекаў, якіх не было часу дасканала падрыхтаваць для вядзення бою на фронце. Калі рваліся снарады ці бомбы, то, здаралася, навабранцы не вытрымлівалі і збягаліся ў групы па некалькі чалавек. I таму ахвяр было больш звычайнага. Гэта былі першыя баі пада Ржэвам. Немцаў хаця і разбілі пад Масквой, але яны азвярэла рваліся наперад, каб узяць рэванш. Немцы ўмацаваліся на правым высокім беразе Волгі, а чырвонаармейцы на левым нізкім, забалочаным, які лёгка прастрэльваецца. Клава, пакуль можна, ішла, а потым прышлося дабірацца паўзком. Раненыя клікалі на дапамогу, і яна спяшалася. Падпаўзла. Трое забітых, двое параненых. Адзін атрымаў раненне ў плячо, у другога не было правай нагі амаль да калена. Яна хуценька наклала жгут вышэй калена, збольшага забінтавала. Потым перавязала рану другому байцу. Ніводзін з іх самастойна ісці не можа. Клава паклала на плашч-палатку байца, у якога адарвана нага. Другога папрасіла пачакаць – яна абавязкова прыйдзе за ім.

Узняцца нельга, бо немцы адразу ж вядуць стральбу. Пацягнула плашч-палатку, на якой ляжаў ранены. Прапаўзла з дзясятак метраў. Балотныя купіны, хлюпае вада, восеньская, халодная. Стамілася, сіл не хапае. Адпачыла з хвіліну і далей. Ранены застогне, а яна яму: «Пацярпі, міленькі, хутка дабярэмся да санбата». I зноўку цягне. На ілбу выступіў пот, шынель набрыняў вадой. Хаця і рослая сама, фізічна загартаваная, але ж вельмі ўжо цяжка і страшна. Ды трэба ж ратаваць салдата. Урэшце мінулі агнявы рубеж. Можна ўстаць у поўны рост. Стала лягчэй і страх мінуў. Плашч-палатку з раненым цягнула ўжо без перапынку. У санбаце здала раненага санітарам і амаль бягом за другім. Пачалося ўсё спачатку...

І тут нехта гаворыць: «Клаўдзія Мікалаеўна! Да цябе прыйшлі!». Расплюшчыла вочы: дык гэта ж быў сон! Яна – ветэран Вялікай Айчыннай вайны штогод падмацоўвае здароўе ў шпіталі ветэранаў вайны ў Пячэрску. Сёння ў яе юбілей – 85 гадоў з дня нараджэння. Прыйшла адведаць і павіншаваць лепшая сяброўка Каласоўская Валянціна Міхайлаўна, з ёй шмат гадоў разам працавалі на заводзе штучнага валакна імя Куйбышава. Падругі павіталіся, абняліся. Валянціна Міхайлаўна пажадала юбілярцы многіх гадоў жыцця, шчасця, уручыла жывыя кветкі, падарунак і віншаванне ад Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў. Потым былая франтавічка Клаўдзія Мікалаеўна Краўчанка запрасіла ў пакой адпачынку, і мы з цікавасцю і хваляваннем слухалі і яе сны, якія доўжацца больш як паўвека, і яе вайну, і яе жыццё...

10 снежня 1923 года ў вёсцы Каблукова Гаўрыла-Пасадскага раёна Іванаўскай вобласці ў сям’і ляснічага Мікалая Круглова нарадзілася дачка (а ўсіх было пяцёра дзяцей), якой пры хрышчэнні далі імя Клаўдзія. Праз два гады сям’я пераехала ў горад Цейкава. Там Клава падрасла і пайшла ў сярэднюю школу. Была акцябронкам, піянеркай, камсамолкай. Вучылася з ахвотай. Атрымала добрае выхаванне і ў сям’і, і ў школе. Дзясяты клас заканчвала ўжо ў разгар Вялікай Айчыннай вайны. У школе была актыўнай сандружынніцай, таму, атрымаўшы атэстат аб заканчэнні дзесяцігодкі, доўга не думала, кім быць. Калі сяброўка Ніна Клімава сказала, што пойдзе добраахвотніцай у армію, то Клава таксама падала заяву ў ваенкамат. Падруга засталася дома, бо маці адна, хворая. Але Клава рашыла так: Радзіма ў небяспецы і трэба яе бараніць ад ворага. Яна пайшла на фронт.

У ліпені 1942 года Клаўдзію Круглову залічылі ў 20-ы запасны полк, які размяшчаўся на ст. Старыца Калінінскай вобласці. Адзін за другім пайшлі дні ваеннай падрыхтоўкі. Неўзабаве прыехалі вайскоўцы з фронту. Былую садружынніцу залічылі ў санітарную роту 464-га палка 78-й стралковай дывізіі. Пазней гэтай дывізіі было прысвоена найменне ордэна Суворава II ступені. З гэтай дывізіяй Клаўдзія Круглова прайшла ўсю вайну, да апошняга дня: Расія, Украіна, Малдавія, Румынія, Венгрыя і Альпійскія горы ў Аўстрыі.

78-ю стралковую дывізію камандаванне фронта кінула на Волгу пада Ржэвам. Тут ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Тут Клава і атрымала баявое хрышчэнне. Таму і сняцца ёй гэтыя баі на дзясятым дзясятку жыцця.

Перад Новым, 1943 годам, дывізію з-пад Ржэва знялі, пагрузілі на цягнік і амаль месяц з доўгімі прыпынкамі везлі ў напрамку поўдня. Дывізію перадалі ў Сцяпны фронт, войскі якога ўдзельнічалі ў Сталінградскай бітве. Потым гэты фронт быў перайменаваны ў Другі Украінскі фронт, 78-я стралковая дывізія ўвайшла ў 27-ю армію, якая вызваляла Данбас. На Данцы дывізія надоўга затрымалася, бо прарываліся з жорсткімі баямі, а потым сталі ў абароне. Клаўдзія Мікалаеўна і сёння дрыжачым голасам успамінае:

– На Данцы быў такі выпадак. Пад горадам Ізюм ёсць мястэчка Ямы. Там мы стаялі, адпачывалі. Толькі вярнуліся з танцаў (вайна вайной, а жыццё ішло сваёй чаргой) і раптам загад: неадкладна зняцца з пазіцыі – немцы прарваліся. Мы хутчэй раненых на падводы, а самі пешшу на Данец, каб пераправіцца. Перад рэчкай па дарозе вязкая гразь, з якой ногі ледзьве выцягваеш. Уз’ехалі на лёд, а там месцамі ўжо верхаводка, трапляюцца і палонкі. Адна падвода чуць не правалілася ў палонку пад лёд. Я з напарніцай Шурай Анікеевай выцягнулі раненых, але самі наскрозь прамоклі ў ледзяной вадзе. І ўсё ж праз Данец пераправіліся і ўратавалі ўсіх раненых і сябе.

Восенню 1943 года цяжкія баі ішлі пры ўдзеле ў Корсун-Шаўчэнкаўскай аперацыі. Бездарожжа. Непралазная гразь.

– Аднаго дня, – расказвае Клаўдзія Мікалаеўна, – я завязла ў ліпучай трасіне. Адна. Няма каму памагчы. Змушана была пакінуць боты ў трасіне, бо выцягнуць іх не змагла. Пайшла босая. Потым хадзіла ў бацінках з абмоткамі. А яшчэ гімнасцёркі ў нас былі блакітнаватыя, старыя. Нас звалі: «міліцыя». Усё лета 1944 года прахадзіла ў абмотках і ў гэтай гімнасцёрцы.

Разам з аднапалчанамі Клаўдзія Круглова вызваляла Вінніцу, Магілёў-Падольскі на Днястры, гарады і сёлы Малдавіі. Больш за месяц жорсткія баі ішлі пры правядзенні Ясска-Кішынёўскай аперацыі.

– Пад Яссамі нам, ой, цяжка давялося, – уздыхае, – Клаўдзія Мікалаеўна, – вельмі ўжо агрызаліся немцы, бо ад Германіі недалёка. Упадзе снарад: каго заб’е насмерць, а каго цяжка параніць. Перавяжаш і цягнеш на плашч-палатцы, а то і проста так. 3 сіл іншы раз выб’ешся, а ўсё роўна цягнеш. Стараліся паболей салдат уратаваць. Былі дні, што трох і нават пецярых раненых вынесеш з поля боя. А кончыцца бой, прыдзеш у санбат, і там праца знойдзецца. Дзяжурыла, кроў сваю для цяжка параненых здавала не адзін раз.

Прайшлі Малдавію, але адпачынку не далі нам. Адразу ў Румынію. Там намнога лягчэй, бо не было баёў. Румынскія салдаты склалі зброю. Наша войска яго прымала. I я збірала і пераносіла вінтоўкі.

А ў 1945 годзе былі ўжо ў Венгрыі. Клаўдзія Мікалаеўна помніць, як вызвалялі Дэбрэсен, Мішкаль, возера Балатон і Будапешт. Ішлі з жаркімі баямі, бо немцы адчайна агрызаліся. Гэта была агонія рэйха.

Закончылася вайна ў Аўстрыі, у невялікім пасёлку Таўхен, які знаходзіўся ў Альпійскіх гарах. Радасць у Дзень Перамогі была найвялікшай.

Дэмабілізавалася наша гераіня ў верасні 1945 года. Дамоў прывезла ўрадавыя ўзнагароды: медалі «За боевые заслуги» і «За взятие Будапешта», а яшчэ ордэн «Красная Звезда». Пазней ёй уручылі ордэн Айчыннай вайны II ступені і юбілейныя медалі, якія яна ўжо не лічыла. Не прыпомніць, па якой прычыне абмінулі яе медалём «За победу над Германией в Великой Отечественной войны 1941-1945 гг.».

Адразу ж, як прыехала дамоў, паступіла вучыцца ў хіміка-тэхналагічны тэхнікум у г. Іванава. Закончыла яго ў 1949 годзе і па размеркаванні прыехала ў Магілёў на завод штучнага валакна імя Куйбышава. Працавала ў лабараторыі хімікам-аналітыкам, правярала сыравіну і ўсе паўфабрыкаты. А калі паступала рэкламацыя на гатовую прадукцыю, то выязджала для правядзення экспертызы на месцы. Давялося за 30 гадоў працы пабываць у Чыце, Абакане, Семіпалацінску, Баку, Тбілісі, Рызе і іншых гарадах Савецкага Саюза, у некаторых па некалькі разоў. Як прызначылі пенсію, то працавала яшчэ дзесяць гадоў. Атрымала медалі «За доблестный труд» і «Ветеран труда», медаль Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі III ступені, шмат разоў узнагароджвалася Ганаровымі граматамі.

На заводе актыўна ўдзельнічала ў грамадскай працы: узначальвала цэхавую партарганізацыю (ў партыю камуністаў уступіла на фронце ў 1943 годзе), 15 гадоў была прапагандыстам і настаўнікам моладзі, нейкі час узначальвала культурна-масавую камісію прафсаюзнага камітэта.

Маці і бацька Клаўдзіі Мікалаеўны даўно пахаваны. Няма і сясцёр Альбіны і Елізаветы. Памёр і брат Аляксандр, ветэран вайны, палкоўнік у адстаўцы. Жыве ў Расіі толькі маладзейшы брат Альберт, 1928 года нараджэння.

У 1951 годзе, праз два гады як прыехала ў Магілёў, Клаўдзія Мікалаеўна выйшла замуж за Краўчанку Аляксея Яфімавіча і стала насіць прозвішча мужа. Ён працаваў на гэтым жа заводзе механікам, а потым інжынерам, былы франтавік. У гады акупацыі змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе А. Касаева, а потым вызваляў родную Беларусь, Польшчу, штурмаваў Кенігсберг. Узнагароджаны ордэнамі «Славы III ступені» і «Айчыннай вайны II ступені», партызанскім медалём і медалём «За перамогу над Германіяй». Жылі дружна, узгадавалі двух сыноў – Сяргея і Яўгенія. Франтавыя раны напомнілі пра сябе і Аляксей Яфімавіч заўчасна пайшоў у іншы свет.

Клаўдзія Мікалаеўна горка перажывае страту блізкага чалавека, але радуецца за сыноў. Старэйшы Сяргей скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, жыве і працуе ў Магілёве. Яго жонка Вольга Ігараўна – юрыст. Маюць двух сыноў: Андрэй пайшоў у бізнес, а Саша яшчэ вучыцца ў 10-м класе. Малодшы сын Яўгеній таксама скончыў «машынку», жыве ў Мінску, працуе ў навукова-даследчым інстытуце зваркі. Яго жонка Ларыса па прафесіі інжынер-праграміст. У іх таксама двое сыноў: Андрэй працуе зваршчыкам на заводзе і вучыцца ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, а Анатоль – саліст Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску. Клаўдзія Мікалаеўна радуецца, што ў яе двое сыноў і ў кожнага з іх таксама па двое сыноў:

– Яны абаронцы Айчыны, – кажа яна.

– Клаўдзія Мікалаеўна! – задаю чарговае пытанне субяседніцы, – а ці часта ўспамінаеце баявых сяброў? Можа і сустракацца давялося?

– А як жа! – адказвае яна.

– Часта ўспамінаю ды і ў сны прыходзяць. Хто вайну прайшоў, той яе ніколі не забудзе. На 30-годдзе Перамогі, на святкаванне, у Запарожжа ездзіла. Там у вайну баі вельмі цяжкія былі. Нямецкія самалёты пераправу бамбілі праз Днепр. Вельмі ўжо многа раненых было. Мы стараліся ўсіх вынесці з-пад агню. Такое не забудзеш. Пасля 30-годдзя кожны год запрашалі і ездзілі, пакуль быў Савецкі Саюз. I ў Маскву кожны год збіраліся былыя вайскоўцы, хто ў жывых застаўся. Хадзілі з жывымі кветкамі на Нова-Дзевічае кладбішча. Там наш камандзір дывізіі генерал-маёр Мікалай Міхайлаў пахаваны. Да 1990 года ездзілі, а потым усё спынілася. I ў Ташкент мяне запрашалі. Не паехала, бо дарога падаражэла.

Нашу гутарку з юбіляркай колькі разоў перапынялі яе сяброўкі: яны прыйшлі ў шіталь, каб павіншаваць, уручыць кветкі і пажадаць добрага здароўя. А потым завіталі і сыны з жонкамі. Жыві і радуйся!

На развітанне я спытаў у Клаўдзіі Мікалаеўны:

– Уявім на хвілінку, што да Вас вярнулася маладосць: як бы Вы распарадзіліся жыццём, што б перайначылі?

– Усяго было, усяго хапіла, парой вельмі нялёгка давялося. Але наноў свае жыццё не мяняла б, можа толькі ў дэталях некаторых. Я шчаслівая, што абараняла сваю Айчыну. Што засталася жывая, што нямала ўдалось зрабіць для сябе, сыноў і ўнукаў, а яшчэ больш для людзей, я шчаслівая, што ў мяне такія добрыя і выхаваныя сыны, нявесткі і ўнукі.

– Доўгага веку Вам, шаноўная Клаўдзія Мікалаеўна!

2009 г.

Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.