Конакаў Мікалай Сямёнавіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

ГАДЫ Ў АГНІ

За спіною толькі-толькі пачынаў уставаць асляпляльна-чырвоны краёчак сонечнага дыска. На загадзя падрыхтаваных баявых пазіцыях панавалі прахалод, прыемны водар сенажаці і бялёсы туман. I раптам... пачала даносіцца трасканіна матацыклаў. Немцы!.. Так, гэта былі варожыя салдаты. Потым праехалі веласіпедысты. Згодна загаду камандавання фашысцкую разведку патрэбна было прапусціць. А калі паявіліся бронемашыны, разлікі 45-міліметровых процітанкавых гармат імгненна падрыхтаваліся да бою.

Пачынаўся дзень 23 чэрвеня 1941 года. Наўкола разносілася шчабятанне птушак. Проста не думалася, што з гэтага моманту для яго, камандзіра гарматы, сяржанта Мікалая Конакава можа пачацца сапраўдны бой. I ў вайну зусім не верылася, хаця яна была рэальнасцю. Яшчэ б! Зусім нядаўна чытаў паведамленне ТАСС... Але бронемашыны з варожымі крыжамі няўмольна наплывалі ў прыцэлы гармат, і камандзір батарэі зычна пракрычаў каманду.

– К бою! Зараджай! Прыцэл два! А потым – агонь!

Падскочылі саракапяткі. Сярод манатоннага гулу варожых матораў раптам балюча прагучалі звонкія стрэлы. Адразу ж загарэлася адна, потым яшчэ некалькі браніраваных машын. Пачалі разбягацца ад трапнага агню нямецкія салдаты. Запахла порахам, неўзабаве – спаленай гумай. На вачах праціўнік нёс вялікія страты. Над полем бою ваўсю цяпер уладарыла страшэнная гаспадыня вайны – смерць. I адбывалася гэта прыкладна ў 40 кіламетрах паміж савецкім горадам Каўнасам і нашай заходняй граніцай. У тым самым першым, самым запамінальным баі, разлік Мікалая Конакава падбіў дзве фашысцкія браніраваныя машыны.

Памяць франтавіка добра захавала цяжкія дні адступлення. Каўнас сустрэў праходзячыя часці Чырвонай Арміі кулямі. На процілеглым баку аднаго яра з вокнаў драўлянага будынка шалёна білі па савецкіх воінах тры варожыя кулямёты. Хто гэта быў: нямецкія дыверсанты ці літоўскія нацыяналісты, разбірацца не было калі. Выведзеныя на прамую наводку гарматы хутка падавілі агонь. Тады ж прыйшлося камсамольцу Конакаву прыняць на сваю душу грэх. Паколькі камандзіры праводзілі ў той момант недзе ваенную нараду, ён па уласнай ініцыятыве «накрыў» па просьбе савецкіх пехацінцаў, варожых кулямётчыкаў, якія са званіцы царквы ці то касцёла (разглядаць асабліва не было часу) касілі даволі трапна нашых байцоў і абозы, што адступалі па гарадскіх вуліцах. Праўда, некаторыя баявыя сябры выказвалі думку, што, маўляў, страляць па культавых установах ва ўсім свеце не прынята.

– А ўладкоўваць там кулямётнае гняздо – прынята!? – парыраваў такую гаворку Мікалай. Спатрэбілася два снарады. Першы праляцеў зусім побач, а другі навекі загасіў трапяткія агеньчыкі і дымкі, што шалёна палыхалі са званіцы. Але і потым, адступаючы па каўнаскіх вуліцах, давялося наглядзецца на «работу» фашыстаў і іх прыхвасняў – мясцовых нацыяналістаў, якія стралялі чырвонаармейцам у спіны, бязлітасна дабівалі параненых.

Рэчку, што на армейскіх картах насіла назву Чырвоная, давялося пераадольваць у брод. Людзі і коні ішлі па шыю ў вадзе. Хтосьці дрэнна прывязаў абмундзіраванне. Вада яго знесла. На беразе, як кажуць, аказаліся ў чым маці нарадзіла. У такім, зусім не вайсковым выглядзе, давялося адбіваць варожую атаку... Але гэты выпадак можна аднесці да трагічна-камічных і надзвычай рэдкіх, пэўна, за ўсю вялікую гісторыю шматлікіх войнаў... Пад промнямі летняга спякотнага сонца верныя баявыя памочнікі – артылерыйскія коні цягнулі па пыльных дарогах гарматкі, мізэрны боезапас, везлі параненых. А побач з панура апушчанымі галовамі ішлі чырвоныя байцы. Яны ішлі ў зусім процілеглы ад граніцы бок, бо процістаяць фашысцкаму крываваму ўрагану ў іх тады не было ніякіх сіл. Адступаць Мікалаю Сямёнавічу давялося ажно да Калінінскай вобласці.

У ваенны білет запісаны этапы баявога шляху ветэрана Айчыннай: Прыбалтыйская асобая ваенная акруга, Заходні, Паўночна-Заходні, Сталінградскі, Цэнтральны, Першы і Другі Беларускія франты.

У нашай літаратуры аб вайне не прынята гаварыць пра смертнікаў. Хаця пераважную большасць сваёй баявой эпапеі мой герой М.С. Конакаў ваяваў менавіта ў такім стане. Мяркуйце самі. Толькі пад Сталінградам ветэран быў зенітчыкам, увесь жа астатні час – ён камандзір 45-мм супрацьтанкавай гарматы. А гэта значыць, што страляць па цэлі патрэбна было ў большасці выпадкаў з прамой наводкі. Сутыкацца з ворагам даводзілася (хоць той, часам, знаходзіўся за бранёй), як кажуць, твар у твар. Канчатковы вынік усёй баявой работы мужнага сяржанта – чатырнаццаць нямецкіх танкаў, самаходак, бронемашын і бронетранспарцёраў, у тым ліку на Курскай дузе ён спаліў са сваім разлікам чатыры нямецкія самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, а яшчэ дзве – на рацэ Бярэзіне ля вёскі Гарохавічы ці то Гарохаўка. Назву ветэран, на жаль, добра не запомніў. Адбылося ж гэта пры вызваленні нашага пасёлка Ялізава.

На адной з вуліц Баранавіч, напрыклад, знішчальнікі танкаў прапусцілі браніраванага «Фердынанда», які контратакаваў савецкія войскі, а потым ударылі яму па «хвасту». Тут ён і знайшоў сваю пагібель. Знаёмы цяжкі варожы танк «Тыгр» давялося «браць» у Польшчы. Для гэтага былі свае ваенныя хітрасці. Як правіла, у такіх выпадках разлікі лёгкіх гармат стралялі па гусеніцы. Тады танк пачынаў мімаволі разварочвацца, і яго дабівалі ў борт, які меў танейшую браню. Між іншым, за «Тыгр» артылерыстам належала і грашовая прэмія. На польскай зямлі правёў Мікалай Сямёнавіч яшчэ адзін вельмі памятны бой, у якім, дарэчы, атрымаў кантузію і дзевяць дзён нічога не чуў. Гэта адбылося на адным з віслаўскіх плацдармаў. Прыкладна ў паўтара кіламетрах ад берага. Ветэран на ўсё жыццё запамятаў нават дзень – 25 сакавіка. Менавіта тады прыйшлося адбіваць лютыя атакі варожых самаходных гармат і пяхоты. Толькі паспелі спаліць адну самаходку, як асколкі варожага снарада прабілі сальнік у цыліндры адкатачнага ўстройства. А немцы працягвалі шалёны націск, каб скінуць нашы войскі ў ваду. Вось-вось, здаецца, гусеніцы чужынцаў сатруць усё ў парашок, і рашэнне ў сяржанта Конакава наспела імгненна, Ён лег на зямлю пад ствол сваёй гарматы, аддаў каманду наводчыку і зараджальніку працягваць бой і стаў сам пасля кожнага стрэлу рабіць накат уручную. Рэшткі пораху пякуча рэзалі твар, і нават праз закрытыя векі вочы балюча секла бліскавіцамі-полымем, ды яшчэ газы душылі горла. Мікалаю Сямёнавічу здалося, што прайшла цэлая вечнасць. Калі страляніна сціхла, на месцы жорсткага бою засталіся яшчэ тры падбітых самаходкі, якія вывеў са строю яго разлік.

Вайну храбры артылерыст закончыў у Германіі на пабярэжжы Балтыкі, ля вострава Руген. Тут старшына Конакаў камандаваў дзвюма 45-мм і адной 76-мм супрацьтанкавымі гарматамі. На доўгіх вёрстах вайны атрымаў ён дзве кантузіі і чатыры раны. Прычым адно з раненняў у бядро было цяжкім. Амаль тры месяцы давялося лячыцца тады ў шпіталі. Аб асабістых перамогах Мікалая Сямёнавіча я ужо гаварыў. Іх 14. Гэта – спаленыя фашысцкія танкі, самаходкі, іншая варожая| тэхніка. Гэта, безумоўна, вялікая колькасць выведзеных са строю кулямётных гнёзд і пяхоты праціўніка. Страты ж франтавіка за вайну таксама немалыя. Яны склалі чатыры гарматы і нямала баявых сяброў-таварышаў. Словам, ваяваў М.С. Конакаў, як кажуць, ад званка да званка. Яго, ураджэнца Марыйскай АССР, рускага па нацыянальнасці, звязала вайна трывала з Беларуссю. Спачатку ён вызваляў нашу рэспубліку, а цяпер жыве ў Асіповічах. Нават узнагарод атрымаў тут больш, чым дзе-небудзь. На Бярозе-рацэ Мікалай Сямёнавіч быў удастоен медаля «За адвагу». Адсюль у складзе 895 стралковага палка 193 стралковай дывізіі франтавік наступаў на Слуцк, Баранавічы. А за фарсіраванне Буга ён атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Дарэчы, перад самай ракой Буг, па шматпакутнай беларускай зямлі, уступіў М.С. Конакаў у рады Ленінскай Камуністычнай партыі.

Акрамя названых узнагарод, ветэран удастоены двух ордэнаў Айчыннай вайны I і II ступеней, шматлікіх медалёў і Грамат Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Чатыры доўгія гады набліжаў Перамогу Мікалай Сямёнавіч. У поўнай меры зведаў горкія дні адступлення, азарт і геройства смяротных баявых сутычак, калі часта вырашалася пытанне: каму заставацца жыць, табе, ці ворагу?

У імя ЖЫЦЦЯ, у імя сацыялістычнай АЙЧЫНЫ і савецкага НАРОДА, назло ўсім смярцям прайшоў з жорсткімі баямі многія сотні кіламетраў смелы артылерыст камуніст М.С. Конакаў. Ён зрабіў усё магчымае на ратным полі, каб вызваліць савецкіх людзей і народы Еўропы ад фашысцкага ярма. Таму і можна з поўным правам назваць яго нялёгкую ваенную эпапею, складзеную з 1417 дзён – гадамі ў агні.

Грышановіч, М. Гады ў агні / М. Грышановіч // Запаветы Леніна. – 1990. – 3 ліпеня. – С. 1, 3.

ФОТО