Клепча Аляксей Сідаравіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Дайшоў да Берліна

У свае 88 Аляксей Сідаравіч Клепча з в.Ялоўка ўсё яшчэ водзіць па полі свой трактар. Ужо 9 гадоў як адзін, без вернай спадарожніцы жыцця Надзеі Мікітаўны. Усё прыходзіцца рабіць самому. У гаспадарцы сабака, кот і дзве курыцы, а яшчэ яго пажыццёвы памагаты – трактар. На ім сотак пяць бульбы апрацоўвае. Сам саджае грады з капустай, цыбуляй, буракамі – адвечнай немудрагелістай агароднінай. Наогул у роднай Ялоўцы, дзе ўсяго 7 жыхароў, ветэран вайны і працы Клепча вядзе сціплае жыццё. I распавядае аб ім, нават аб вайне, проста і зразумела.

– Калі пачалася вайна, я служыў у Латвіі, у палкавой школе. Званне прысвоіць не паспелі. Стаў мінамётчыкам. Пагналі нас тады фашысты да Масквы.

– А потым?

– А далей няма куды. Каля Масквы ўперліся мы рэбрам і вярнуліся назад. Пасля ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, дайшоў да Берліна, браў рэйхстаг, там і распісаўся.

– Чым?

– Вуглём.

– А потым?

– Працягваў служыць у Кастраме да 1948 года. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому. Сустрэў Надзею Мікітаўну. Тады яна працавала сакратаром сельсавета ў Дубно, а я ў Закупленскім калгасе «Імя Чапаева» дошкі на лакамабілі пілаваў. Пасля жаніцьбы яна перайшла на палявыя работы, а я вывучыўся на трактарыста. Пайшлі дзеці.

– Кім сталі вашы дзеці?

– Аляксандр – палкоўнік інжынерных войскаў, зараз жыве ў ЗША, Валера – лётчык грамадзянскай авіяцыі ў Гомелі, Галіна з Людмілай – бухгалтары ў Магілёве.

– Не кожны пад 90 гадоў на трактары працуе, можа, харчуецеся чымсьці асаблівым? – задаю на ўсялякі выпадак пытанне, загадзя ведаючы адказ.

– Ды не-е, па-простаму. Некаторыя імкнуцца ўсю гарэлку выпіць, кураць. А я ніколі не курыў. А калі б усе пілі так, як я, гарэлка ўкісла б.

Узнагароды маеце?

– Ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За адвагу» і інш.

Дзе параніла?

– У час пераправы праз Одэр цяжка было, кантузіла ж тады. Што выратавала мяне? Не ведаю.

– Можа, Бог дапамог?

– Бога ніякага нідзе няма. Калі б ён быў, такога не было б. Пэўна, прырода такая.

– Пра вайну часта ўспамінаеце?

– Перад дажджом і снегам, асколак у руцэ ные.

Пішчалава, Н. Салдаты Айчыны: Дайшоў да Берліна / Н. Пішчалава // Сцяг Саветаў. – 26 чэрвеня. – 2009. – № 50.