Кацапаў Дзмітрый Капітонавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

«Медаль за горад Будапешт...»

Пазнаёміліся з ім на аўтобусным прыпынку. Пажылы мужчына пацікавіўся, дзе ў аўтазаводскім мікрараёне будзе размяшчацца новая бальніца. Слова за слова, і пачалася гамонка. Дзмітрый Капітонавіч Кацапаў наведаўся ў горад па сваіх справах. А жыве ён у Цэлі. Больш трыццаці гадоў адпрацаваў на радыёцэнтры антэншчыкам-мачтавіком. Адтуль пайшоў і на пенсію. З далейшай размовы высветлілася, што Дзмітрый Капітонавіч – франтавік, ваяваў ў складзе 5-га гвардзейскага Данскога казачага корпуса ў 214-м кавалерыйскім палку 63-й кавалерыйскай дывізіі ў мінамётнай батарэі. Яго памяць учэпіста трымае многія эпізоды тых незабыўных часоў, што называюцца Вялікай Айчыннай вайцою.

– Нарадзіўся я ў Пушкінскім сельсавеце Хварасцянскага раёна Варонежскай вобласці ў сельскай сям’і. Калі пачалася вайна, мне было шаснаццаць, аднак ужо працаваў трактарыстам. У той чэрвеньскі дзень быў у полі, і пра вайну даведаўся толькі ад свайго напарніка, які прыйшоў мяне мяняць. А калі стукнула васямнаццаць, то і мяне прызвалі ў армію. У сакавіку сорак трэцяга быў ужо курсантам кавалерыйскага палка.

Расказвае Дзмітрый Капітонавіч усё роўна, як кнігу чытае. Хаця на фронце было такое, што і сёння выклікае не толькі захапленне мужнасцю людзей, іх гераізмам, але і тымі неверагоднымі ўмовамі, у якіх жылі і ваявалі людзі.

– Ты думаеш, там не страшна было? – пытаецца Дзмітрый Капітонавіч, і сам жа адказвае, – Яшчэ як! Аднак патрэбна было ваяваць. I мы ваявалі. Ведама, маладыя, але і страх перасільвалі, бо ўсё на пачатку цікавым было. Пакуль таварышаў не пачалі хаваць. Ведаеш, як хутка і спраўна выцягнуць шаблю з ножнаў?

Дзмітрый Капітонавіч на хвіліну замоўк. А потым рэзкімі рухамі рук усё прадэманстраваў на справе.

– Вось так.

I зноў замоўк.

Так, жыццё на вайне ў Дзмітрыя Капітонавіча, як і ўва многіх франтавікоў, нагадвае гісторыю з геаграфіяй. У час другой нашай сустрэчы ён беражліва палажыў на рэдакцыйны стол стосік пажоўклых ад часу паперак – падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Першая датавана 18 лютага 1944 года. За ўдзел у Корсунь-Шаўчэнкаўскай баявой аперацыі.

– Мы тады іх тысяч пяцьдзесят–шэсцьдзесят акружылі. Шабляй махнеш – і галава, як кавун, напалам. I як не было чалавека.

Пад Корсунь-Шаўчэнкаўскам больш за 18 тысяч гітлераўцаў было ўзята ў палон. Стварыліся спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны. Адтуль шлях 63-й кавалерыйскай дывізіі пралёг у Румынію. За вызваленне горада Романа малады баец 24 жніўня зноў атрымаў падзяку Галоўнакамандуючага.

– Камандзірам палка ў нас быў беларус Данілевіч, маёр. Потым стаў падпалкоўнікам. Строгі быў, але справядлівы. А як салдат сваіх шкадаваў! Як родны бацька. Усіх. I маладых, і пажылых. А мы ўжо прызвычаіліся, нават рызыкаваць сталі. Тут ён нас і прыструньваў. Казаў, што дарэмнай крыві і выпадковай смерці яму не патрэбна.

Пасля Румыніі была Венгрыя. Дэбрэцэн, Ньірэдзьхаза, Будапешт, Надзьканіжа...

– На возеры Балатон сорак пяць сутак стаялі. Пагода сырая, усюды мокра. Ногі ў ботах мерзнуць. Адстраляемся – і скрынку з-пад мін на дровы. Вогнішча раскласці, анучы прасушыць. Помніцца, была дзесьці сярэдзіна сакавіка. Праціўнік аказваў нам жорсткае супраціўленне. Спрабаваў контратакаваць. Месцамі гітлераўцы прасунуліся да дванаццаці–трыццаці кіламетраў. Баі былі настолькі зацятыя, што часам не ўдавалася нават галаву ўзняць. Ад разрываў бомб і мін члены баявога разліку нават не чулі адзін аднаго. Усё рабілі аўтаматычна. Аднак выстаялі. А потым нашы франты павярнулі на Аўстрыю.

Дзмітрый Капітонавіч называе камандуючых Украінскіх франтоў: I.С. Конева, Р.Я. Маліноўскага, Ф.I. Талбухіна, дзе давялося яму ваяваць. Дакладней, яго дывізіі.

– А дзе ж усё-такі вы сустрэлі дзень Перамогі? – не вытрымаў і спытаўся я ў ветэрана.

– У Аўстрыйскіх Альпах, даражэнькі. Горад Пенкафельд, што ў васьмідзесяці кіламетрах ад Вены. Помню, там яшчэ нам сорак тысяч палонных уласаўцаў перадавалі. Прымаў іх генерал Крутаўскіх. На мосце. Потым была яшчэ Румынія. I толькі ў верасні 1945 года прыбылі ў Асіповічы. Наша дывізія стала называцца 12-й Чырванасцяжнай Корсуньскай.

Гераізм франтавіка адзначаны многімі ўзнагародамі. Ёсць у яго ордэн Славы III ступені, два медалі «За адвагу», ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За ўзяццё Будапёшта», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Дзмітрый Капітонавіч Кацапаў двойчы паранены – на Украіне і ў Венгрыі пад Дэбрэцэнам. Пад Будапештам кантужаны.

– Усяго давялося перажыць і пабачыць, – гаворыць колішні салдат. Вайна – гэта, вядома, страшна. Аднак абараняць сваю Радзіму абавязаны кожны, калі над ёю паўстае небяспека.

Нягледзячы на свае шэсцьдзесят восем, Дзмітрый Капітонавіч Кацапаў даволі рухавы і энергічны чалавек. Моцныя рукі. І добры позірк блакітных вачэй, што ўважліва пазіраюць з-пад махнатых брывоў. I я ад усяго сэрца віншую яго, як і другіх франтавікоў, з Днём Вялікай Перамогі. Бо ён жа каваў яе сваімі рукамі.

Цімінскі, А. «Медаль за горад Будапешт...» / А. Цімінскі // Запаветы Леніна. – 1993. – 8 мая. – С. 2.