Касцян Іван Яўменавіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Сёння мы ў сорак першы раз адзначаем наша вялікае свята – Дзень Перамогі. Нам, ветэранам, прайшоўшым доўгімі дарогамі вайны, яно асабліва дарагое.

Мне ўспамінаецца дзень 1941 года, калі я і мой сусед з вёскі Усохі Іван Яўменавіч Касцян па мабілізацыі, былі прызваны ў рады Чырвонай Арміі і адпраўлены на фронт. Нялёгкае развітанне з роднымі, блізкімі, са сваёй бацькаўшчынай. Мы ўяўлялі, што барацьба з ворагам будзе жорсткай, але кожны верыў, што выганім чужынцаў з роднай зямлі...

Наша 13-я армія з баямі адступала на ўсход. У бранскіх лясах трапілі ў акружэнне. Выходзілі з яго рознымі шляхамі, групамі і ў адзіночку.

Пры выхадзе з акружэння нашы дарогі з Іванам Яўменавічам разышліся. Я страціў з ім сувязь.

Мне разам з многімі іншымі байцамі ўдалося выйсці да нашых перадавых часцей і ваяваць да самага канца вайны, да пераможнага 9 мая 1945 года.

У тым жа 1945 годзе, будучы пад горадам Дрэздэнам у Германіі, я зайшоў на могілкі, дзе пахаваны нашы воіны. Падышоў да адной з брацкіх магіл. На помніку прачытаў прозвішчы. I раптам нібы апякло душу: сярод іншых убачыў прозвішча свайго аднавяскоўца Івана Яўменавіча Касцяна. Я зняў пілотку, нізка пакланіўся магіле і сказаў: «Спі спакойна, дарагі таварыш. Ты ўсё зрабіў, каб перамагчы ворага».

Вярнуўся дадому пасля Перамогі, пайшоў у тадышні Усохскі сельскі Савет. Якое ж было маё здзіўленне, калі сустрэў тут жывога Івана Яўменавіча! Моцна абняліся. Я гляджу на яго і вачам не веру.

– Адкуль ты ўзяўся? – пытаю. – Я ж бачыў тваю магілу ў Германіі.

1 расказаў тады мне Іван Яўменавіч пра свае франтавыя дарогі, пра тое, што давялося перажыць, пра свой апошні паядынак з ворагам.

Батальёну, дзе быў кулямётчыкам I. Я. Касцян, выпала заданне правесці разведку боем. Перад тым, як выйсці на лінію агню, старшына забраў у байцоў дакументы, сказаў: «У выпадку чаго вышлем родным дамоў».

Бой быў гарачым. Паявіліся забітыя, параненыя. Фашысцкі снайпер зняў першы нумар кулямёта. Цяжка параненым аказаўся і другі нумар – Іван Касцян. Ён ужо не памятаў, як падабралі яго санітары другой часці і адправілі ў шпіталь.

А жонка атрымала пахаванку. Да яе была яшчэ адна. Але ўсе верылі, што гэта памылка, што Іван павінен вярнуцца. Так і аказалася на справе.

Баявыя таварышы Касцяна, што былі з ім у тым баі, бачылі, як ён упаў і больш не падняўся. Калі хавалі байцоў, то і яго залічылі загінуўшым і ўпісалі прозвішча разам з прозвішчамі іншых байцоў.

На вайне, як на вайне: усялякае бывала.

Былы франтавік Іван Яўменавіч Касцян жыве, як і раней, у вёсцы Усохі. Доўгі час працаваў у калгасе. Цяпер на пенсіі, але па магчымасці ў час гарачых сезонных работ дапамагае грамадскай гаспадарцы.

У заканчэнне хачу сказаць, што ўсе мы, ветэраны, з вялікім аднадушшам адабраем рашэнні XXVII з’езда КПСС, лінію партыі на паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў нашай краіне, на паляпшэнне жыцця народа, умацаванне абароннай магутнасці нашай Радзімы.

Наша пакаленне ваявала за тое, каб дзеці, унукі, праўнукі нашы жылі пад мірным небам, шчасліва. Мір сёння ўсім нам неабходна мацаваць ударнай працай на кожным участку работы.

Касцян, У. І ўсё ж жывым застаўся кулямётчык : [успаміны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Касцяна пра аднавяскоўца Івана Яўменавіча Касцяна] / Уладзімір Касцян // Сцяг Саветаў. – 1986. – 9 мая. – С. 2.